http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=19321

Мілінкевіч у прэзыдэнты

09.02.2005
Аляксандар Мілінкевіч, адзін з патэнцыяльных дэмакратычных кандыдатаў у будучых прэзыдэнцкіх выбарах, пачаў азнаямляльныя паездкі па беларускіх рэгіёнах. Учора ён пабываў у Віцебску. Працягвае наш карэспандэнт.

Некалькі дзён назад вядомы гарадзенскі грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч быў прапанаваны партыяй “зялёных” як патэнцыяльны адзіны прэтэндэнт ад апазыцыйнай групоўкі “Пяцёрка плюс” на прэзыдэнцкіх выбарах.

Амаль адразу ж ён пачаў паездкі па Беларусі, каб прадставіць сваю кандыдатуру дэмакратычнай грамадзкасьці. Надоечы ён пабываў у Гомелі, а ўчора ўвечары прыехаў у Віцебск. Спачатку спадар Мілінкевіч сустрэўся зь лідэрамі мясцовай апазыцыі. Наступным было спатканьне з шэраговымі чальцамі партыі БНФ. Адметна, што сустрэча з бээнэфаўцамі праходзіла фактычна ва ўмовах кансьпірацыі. Да самага ейнага пачатку амаль ніхто ня ведаў, дзе яна адбудзецца.

Дарэчы, акцэнт, які зрабіў Аляксандар Мілінкевіч менавіта на сустрэчу з фронтаўцамі, невыпадковы. Ён хоча абаперціся на структуры БНФ на першым этапе адбору адзінага кандыдата, гэта значыць падчас партыйнага й рэгіянальнага вылучэньня апазыцыйных прэтэндэнтаў. На думку спадара Мілінкевіча, нягледзячы на тое, што ён беспартыйны, яго шмат што зьбліжае з Фронтам.

Відавочна, што й БНФ бачыць у Мілінкевічы свайго кандыдата. Нездарма ў паездцы па рэгіёнах яго суправаджае старшыня Фронту Вінцук Вячорка.

На суботу заплянаваны Сойм БНФ. На ім партыйцы павінны вызначыцца з прапановай на адзінага кандыдата. Аляксандар Мілінкевіч мае вялікі шанец стаць такім прэтэндэнтам ад Фронту. Прынамсі, учора віцебскія бээнэфаўцы аднагалосна падтрымалі ягоную кандыдатуру.

Аляксандар Мілінкевіч нарадзіўся ў 1947 годзе ў Горадні. Кандыдат фізыка-матэматычных навук, дацэнт Гарадзенскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы (1978 – 2000 гады). Намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму (1990 – 1996 гады). Зараз вядомы дзеяч гарадзенскага “трэцяга сэктара”. Ведае пяць моваў. Стажыраваўся ў многіх краінах сьвету, у тым ліку ў Польшчы. У вольную хвіліну займаецца краязнаўствам. За гістарычныя росшукі ўзнагароджаны ў 1989 годзе ордэнам “За заслугі перад польскай культурай”.

Юрась Сьцяпанаў, Віцебск