http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=19401
65 гадавіна дэпартацыяў
10.02.2005
Сёньня мінае 65 гадоў з моманту першых вывазак палякаў у Сыбір. 65 гадоў таму ў глыб Савецкага Саюзу былі вывезеныя 115 тысячаў палякаў. У тым жа часе ў Катыні былі забітыя больш за 4 тысячы польскіх афіцэраў зь лягераў у Асташкове, Казельску й Старабельску. Рашэньне пра дэпартацыю палякаў прыняла Рада Народных Камісараў СССР у сьнежні 1939 году.
З гэтай нагоды арганізацыі, якія аб’ядноўваюць гэтак званых “сыбіракоў” ды іхныя сем’і, хочуць, каб увечары ў кожным польскім доме была запалена сьвечка. Напрыклад, у Познані (горадзе на захадзе Польшчы), ля мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай ахвярам Катыня, пры касьцёле Дамініканаў сьвечку запаліць старшыня Таварыства “Катынь” Тадэвуш Патэцкі.
“Гэты супольны лёс, які сустрэў гэтак званыя “катынскія дзеці”, раскінутыя па Сыбіры ці па ўсім Усходзе, ён спалучаны супольнай мэтай, памяць якой мы хочам ушанаваць, запальваючы сьвечкі. Вось такім чынам мы хочам прыгадаць усім, што гэта было страшэннае злачынства” – сказаў Тадэвуш Патэцкі, старшыня Таварыства “Катынь”.
Яніна Паньчакова, дачка забітага энкавэдыстамі афіцэра зь Вялікапольшчы, лічыць, што расейскі ўрад павінен афіцыйна прызнаць катынскае злачынства генацыдам. Паводле яе, вінаватыя таксама дзяржавы Захаду, якія, ведаючы пра “справу Катыня” – маўчалі.
“З расейскага боку злачынства павінна быць афіцыйна названае генацыдам - значыць злачынствам, якое не падлягае пратэрмінаваньню. А калі гаворка йдзе пра прашэньне прабачэньня – я яго не чакаю. У сваю чаргу Захад таксама павінен прызнацца да таго, што ён зрабіў вялікае сьвінства сваім саюзьнікам – палякам” – лічыць Яніна Паньчакова.
Прыгадваем, што ў 1940 –1941 гадох улады Савецкага Саюзу арганізавалі чатыры масавыя вывазкі насельніцтва ўсходняй часткі Польшчы. Паводле найноўшых ацэнкаў, згаданыя акцыі ахапілі больш за 327 тысячаў асобаў. Пазьней, у 1944-1947 гадох з Польшчы былі вывезеныя 85-100 тысяч чалавек, галоўным чынам жыўнераў Арміі Краёвай (АК) ды іхныя сем’і.
Капэлян арганізацыі “Катынскія Сем’і” заклікаў да памяці й малітвы за ахвяры савецкіх лягераў. Ксёндз Зьдзіслаў Пэшкоўскі, былы ваеннапалонны лягеру ў Казельску, перасьцерагае, што калі палякі ня будуць працягваць уласнай гістарычнай памяці, тады яны згубяць сваю нацыянальную тоеснасьць.
“Шмат асобаў ня верыць, што гэта праўда, але выдумка гэтага звар’яцелага ксяндза й нейкай групы людзей, і чаго яны, дарэчы, хочуць!. Я цешуся, што Бог даў, каб я – як выратаваны вязень – мог цяпер патрабаваць узбагачэньня нашай гістарычнай памяці праўдай” – пераконвае ксёндз Зьдзіслаў Пэшкоўскі. Ён прыгадвае, што да дому – у Польшчу – вярнулася толькі некалькі адсоткаў дэпартаваных палякаў.
Да гэтай пары польскі бок не атрымаў каля 63 тысячаў тамоў актаў з расейскага сьледзтва, датычнага масавага забойства польскіх афіцэраў у Катыні. Нягледзячы на гэта, Інстытут Нацыянальнай Памяці (IPN) праводзіць уласнае сьледзтва па гэтай справе. Старшыня IPN прафэсар Леон Керэс заявіў, што да гэтай пары працягваюцца слуханьні сьведкаў.
“Цяпер мы ня можам яшчэ падрабязна сказаць, колькі асобаў будзе праслуханых. Паводле заявы расейскага боку, у гэтак званым “катынскім сьпісе”, створаным расейскай вайсковай пракуратурай, знаходзіцца 21 тысяча 857 прозьвішчаў. У сваю чаргу кожны, хто хоча даць паказаньні, ня толькі чальцы гэтак званых “катынскіх сем’яў”, будзе выслуханы пракурорамі Інстытуту Нацыянальнай Памяці.”
Прафэсар Леон Керэс прыгадаў, што працягваюцца таксама сьледзтвы па справе дэпартацыі палякаў на поўнач Савецкага Саюзу.
“Гэта пляны на некалькі бліжэйшых гадоў, бо гэта, так бы мовіць, “гістарычныя сьледзтвы”. Іхным вынікам ня будзе ж сфармуляваньне акту абвінавачваньня, ці перадача справы ў суд. Па меры магчымасьцяў, мы будзем праводзіць справу аж да моманту паясьненьня ўсіх умоваў, зьвязаных з дадзеным злачынствам” – заявіў старшыня IPN прафэсар Леон Керэс.
У сваю чаргу сактатар Рады Аховы Памяці Змаганьняў і Пакутніцтва Анджэй Пшэвозьнік падкрэсьліў, што ягоная ўстанова безупынна праводзіць пошукі месцаў пахаваньня палякаў.
“Мы займаеся дакумэнтацыяй сьлядоў пахаваньня палякаў – ахвяраў гулагаў, і цягам апошняга часу былі вельмі падрабязна дакумэнтаваныя некалькі сотняў гэткіх месцаў. Гаворка йдзе пра могілкі пры лягерах, дзе пахаваныя палякі” – сказаў Анджэй Пшэвозьнік, сактатар Рады Аховы Памяці Змаганьняў і Пакутніцтва. Прыгадваем, што зь першай масавай вывазкі, якой гадавіна мінае сёньня, у Польшчу вярулася толькі 7% дэпартаваных.
Тым часам паводле апытаньняў грамадзкай думкі, палякі няшмат ведаюць пра вывазкі сваіх суайчыньнікаў на Ўсход. Яны больш зарыентаваныя ў гісторыі нямецка-фашысцкіх канцлягераў на тэрыторыі Польшчы, чым у лёсе палякаў, вывезеных саветамі ў глыбіню СССР.
Анна Дамбкоўская