http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=20142

Ці ў Беларусі будзе рэвалюцыя?

03.03.2005
Ці пратэсты прадпрымальнікаў могуць давесьці да „аранжавай рэвалюцыі” ў Беларусі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да віцэ-старшыні Эўрапейскага Парлямэнту Януша Анышкевіча.

Анышкевіч:
„ Я спадзяюся, што так станецца, хаця я ня думаю, што гэты пратэст так лёгка пашырыцца на іншыя групы беларускага грамадзтва ды ўстрасяне рэжымам. Я думаю аднак, што кожная такая ініцыятыва будзе заахвочваць людзей да чарговых дзеяньняў. Калі б гэты пратэст, дай Божа, завершыўся нават частковым посьпехам, то можа сапраўды прычыніўся б да разбуджэньня людзей і давёў бы да падобнай сытуацыі, за якой мы назіралі ва Ўкраіне.”

Перад нядаўняй сустрэчай у вярхох Буш-Пуцін, якая адбылася ў славацкай Братыславе, сарганізаваная была міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная патрэбе дэмакратызацыі некаторых краінаў, якія знаходзяцца ў Эўропе. У тым ліку закраналася таксама пытаньне Беларусі. Нядаўна амаль такой самой тэме прысьвечаная была канфэрэнцыя Рады Эўропы ў Варшаве перад заплянаваным на чэрвень самітам у Варшаве. Захад усё больш цікавіцца Беларусяй. Якім чынам Вы можаце ахарактарызаваць ролю Польшчы ў гэтым кантэксьце?

Анышкевіч:
„Польшча спадзяецца, што зможа адыграць падобную ролю, як гэта было ў выпадку Ўкраіны. Нам удалося зрабіць больш уражлівымі нашых зьвязаўскіх партнэраў на значэньне ўкраінскай справы. Я спадзяюся, што нам гэта таксама ўдасца зрабіць у выпадку Беларусі, хаця гэта будзе больш складана. Шчыра кажучы – значэньне Беларусі для Эўропы пэўна ня будзе так вялікае, як Украіны. Ва Ўкраіне пункт выхаду для працэсу зьменаў быў зусім іншы. Аднак слова Беларусь усё часьцей паяўляецца ў размовах. Таксама згадваецца Малдова. Я спадзяюся, што ўрэшце і эўарпейская грамадзкая думка, і эўрапейскія палітыкі зоймуцца гэтымі справамі.

Эўрапейскі Парлямэнт на мінулым тыдні прыняў дакумэнт, прысьвечаны спосабам падтрымкі й дапамогі дэмакратыі ў Беларусі. Над праектам гэтага дакумэнту працавалі польскія эўрадэпутаты, між іншым, і Вы. Скажыце, калі ласка, якія, на Вашую думку, найважнейшыя запісы?

Анышкевіч:
„Ёсьць шэраг дзеяньняў, якія Эўрапейскі Парлямэнт прапануе Эўрапейскай Камісіі й Радзе Эўропы – адказным за рэалізацыю замежнай палітыкі Эўразьвязу. Аднак нас чакае яшчэ дыскусія, прысьвечаная сродкам, якія будуць прызначаныя на рэалізацыю прапановаў гэтага дакумэнту. Я раблю цяпер пэўныя захады на карысьць зьмены вялікага фонду Эўразьвязу, прызначанага на прамоцыю правоў чалавека й дэмакратыі ў сьвеце. Гадавы бюджэт гэтага фонду складае 140 мільёнаў эўра. Па сёньняшні дзень у Беларусь з гэтых грошай быў перададзены дакладна нуль. Хаця трэба сказаць, што фонд і падтрымка абапіраюцца на двухбаковыя пагадненьні й дамовы паміж Эўразьвязам і дадзенай краінай. У Беларусі ня можам нават думаць аб такой дамове. Я спадзяюся, што нам удасца вырашыць гэтае пытаньне іншым чынам. Мы хочам сарганізаваць у траўні бягучага году слуханьні, прысьвечаныя спосабам выкарыстоўваньня фінансавых сродкаў з гэтага фонду й спосабам падтрымкі краінаў-суседак Эўразьвязу, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на Беларусь. У выніку гэтых слуханьняў мы пастараемся стварыць іншы спосаб выкарыстоўваньня гэтых сродкаў, больш пасьпяховы спосаб, які адпавядаў бы ня толькі ўжо ўведзеным у Беларусі абвастрэньням, зьвязаным з атрымоўваньнем замежнай фінансавай падтрымкі, але таксама з законамі, якія яшчэ могуць быць ажыцьцёўленыя ў Беларусі.

Ва Ўкраіне былі знойдзеныя, праўдападобна, забойцы Георгія Гангадзэ. Тым часам ужо звыш 5 гадоў нявысьветленымі застаюцца зьнікненьні вядомых асобаў зь беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця. Ці пасьля аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, заангажаванасьць Эўразьвязу ў даследаваньне пытаньня зьнікненьняў у Беларусі павялічыцца?

Анышкевіч:
„Я лічу, што магчымасьці дзейнічаць у гэтай справе Эўразьвяз мае невялікія. Маральны ціск, аказаны Лукашэнку, зусім не дае чаканых вынікаў. Эўразьвяз ня думае пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, таму што гэта адмоўна адбілася б на беларускім грамадзтве. Аднак той факт, што былі знойдзеныя, верагодна, забойцы журналіста Гангадзэ, мае вялікае значэньне, таму што пакажа падобным людзям у Беларусі, што канчаткова перамагае справядлівасьць і такія справы не адтэрміноўваюцца назаўсёды.

Тамаш Саевіч