http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=20197

Станіслаў Шушкевіч пра Беларусь

05.03.2005
Сталічная штодзёнка "Życie Warszawy" друкуе на цэлую старонку інтэрвію з былым спікерам беларускага парлямэнту Станіславам Шушкевічам на тэму сытуацыі ў сёньняшняй Беларусі. На ягоную думку, гэта апошняя дыктатура ў Эўропе, паколькі ўсе былыя савецкія рэспублікі прайшлі складаны шлях трансфармацыі ад савецкай сыстэмы да дэмакратыі. Апошнім часам ва Ўкраіне адбылася аранжавая рэвалюцыя. Засталася толькі Беларусь. Праўда, дадае Шушкевіч, перад Украінай цяжкія часы, паколькі сілы рэакцыі будуць старацца перашкаджаць у будаваньні свабоднай дзяржавы, а Расея будзе іх падтрымліваць.

У Беларусі няма моцных палітычных элітаў, якія павялі б за сабою народ, паколькі на працягу гісторыі найлепшыя прадстаўнікі беларускай нацыі вынішчаліся. У савецкія часы людзі прыстасаваліся да цяжкіх умоваў, казалася нават, што яны былі больш расейскія, чым самі расейцы. Пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1991 годзе ўзровень жыцьця выразна пагоршыўся. Людзі гэтага не разумелі, а не было палітычнай сілы, якая змагла б растлумачыць народу, чаму так адбываецца. Камуністычныя сілы ізалявалі людзей ад інфармацыі пра дэмакратычныя рэформы ў Польшчы, Летуве, іншых краінах. Незадавальненьне народу й адсутнасьць рэформаў дазволілі Лукашэнку прыйсьці да ўлады. А ён пачаў уводзіць новы парадак. У ягонай камандзе не было прафэсіяналаў, затое хапала калегаў па пляшцы, ды было некалькі афіцэраў КДБ. З часам многія адмовіліся ад супрацоўніцтва. Даўжэй застаўся пры ім Віктар Шэйман, якога апазыцыя абвінавачвае ў наладжаньні палітычных забойстваў, ды Ўрал Латыпаў, які лічыцца рэзыдэнтам расейскай разьведкі. Не засталося ніводнага міністра, якіх Лукашэнка на пачатку хваліў. Некаторыя з іх проста зьнікалі бязь вестак. Лукашэнка казаў, што зьнікаюць тысячы людзей, і нічога дзіўнага ў гэтым няма. Сёньня ў Беларусі няма палітыка, які б крытыкаваў прэзыдэнта, і не адсядзеў за свае словы ад 15 дзён да некалькіх гадоў. Непакорных б’юць, шантажуюць, кідаюць у вязьніцы, альбо яны проста зьнікаюць. Лукашэнка ўзяўся таксама за прыватны бізнэс, дзяржава кантралюе практычна ўсе сфэры жыцьця, у тым ліку сродкі масавай інфармацыі. Такім чынам апазыцыя ўвогуле ня мае доступу да тэлевізіі, радыё ды газэтаў. Партыі ня могуць працаваць у прыватных кватэрах, а ўлады не згаджаюцца здаваць ім офісы. Апазыцыя ня мае ніводнага прадстаўніка ў парлямэнце, у спонсараў няма адвагі, каб фінансамі падтрымліваць апазыцыянераў. Няма лідэра падобнага да Юшчанкі, няма вялікай дыяспары на сьвеце, якая б падтрымлівала рэформы ў краіне. Гэта адрозьнівае Беларусь ад Украіны.

Аляксандар Лукашэнка падаўляе бунты сілаю – дадае Станіслаў Шушкевіч, – ды перамагае на ўсіх рэфэрэндумах, паколькі беларускі народ пазбаўлены магчымасьці выбіраць. Дарэчы, Гітлер таксама перамагаў на рэфэрэндумах, а менавіта правадыра Трэцяга Рэйху беларускі прэзыдэнт лічыць аўтарытэтам. У інтэрвію для нямецкай штодзёнкі ён сказаў, што Нямеччына расквітнела, дзякуючы цьвёрдай уладзе, і што ня ўсё тады было дрэнна. Лукашэнка, так як Сталін, усюды бачыць загавар. Беларусь стала рэзэрвовым лётнішчам для расейскіх алігархаў ды палітычных партыяў. Не за “дзякуй” спікер расейскай Думы Генадзь Селязнёў падтрымліваў Лукашэнку. Прэзыдэнт фінансуе выбарчыя кампаніі расейскіх камуністаў. Сам Лукашэнка стаў вельмі багатым чалавекам. Калісьці ў яго не было парадачнага пінжака, цяпер ён ходзіць у вельмі дарагіх рэчах. Пасьля распаду СССР у дзяржаве засталіся агромныя вайсковыя арсэналы. Усе яны былі прададзеныя. Дзе сёньня мільярды даляраў за ўзбраеньне, прададзенае за мяжу? – пытаецца Станіслаў Шушкевіч.

Захад не асабліва цікавіцца Беларусяй, паколькі ў яго няма там стратэгічных інтарэсаў. Найбольш яго цікавіла тое, каб вывесьці з краіны ядзернаую зброю. Цяпер у Беларусі атамных бомбаў няма, а дэмакратычныя краіны забылі пра гэтую невялікую дзяржаву. З Беларусяй можа здарыцца гісторыя, як у Бібліі – дзе Майсей так доўга вадзіў габрэяў па пустыні, што наступныя пакаленьні проста павымералі – сумна падсумоўвае сваё інтэрвію для сталічнай штодзёнкі "Życie Warszawy" Станіслаў Шушкевіч.