http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=21144

Майсей Грынблат – дасьледнік культуры

29.03.2005
Майсей Грынблат нарадзіўся ў габрэйскай сям’і 29 сакавіка 1905 году. Ужо ў дзяцінстве адчуваў ён эмацыянальную сувязь зь беларускім асяродзьдзем. У раньняй маладосьці праявіў зацікаўленьне беларускім мастацтвам і фальклёрам. Сцэнічна-акторскія здольнасьці прывялі яго ў слаўную тэатральную трупу Ўладзіслава Галубка. Маючы толькі 16 гадоў – як актор гэтай трупы – аб’ехаў ён вялікія абшары Беларусі, прымаючы ўдзел у пастаноўках шматлікіх п’есаў.

У 1925 годзе Майсей Грынблат накіраваўся вучыцца ў Ленінградзкі Ўнівэрсытэт, які закончыў у 1930 годзе. Далейшыя лёсы навуковай кар’еры Грынблата былі досыць складаныя. Пасьля заканчэньня Ленінградзкага Ўнівэрсытэту вярнуўся ён у Беларусь і прыступіў да працы ў Інстытуце Гісторыі Акадэміі Навук, дзе заставаўся да 1941 году. Ваенныя гады правёў у глыбіні Расеі. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Менск і ў гадох 1945-1946 працаваў у тым жа Інстытуце Гісторыі. У 1945 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Як у даваенны, гэтак і ў паваенны пэрыяд Майсей Грынблат займаўся рознымі гістарычнымі праблемамі. Радыкальная зьмена характару ягоных навуковых зацікаўленьняў пачалася ў 1957 годзе. Тады пачаў ён працаваць у Інстытуце Этнаграфіі й Фальклёру Акадэміі Навук. Працаваў таксама выкладчыкам у Пэдагагічным Інстытуце ды ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце.

Ужо ў 1940 годзе Майсей Грынблат падрыхтаваў і выдаў І том беларускіх песьняў. У гэтай кнізе адлюстравалася моднае тады насычэньне фалькляразнаўчых навук марксісцка-ленінскай тэорыяй. Празьмерная палітызацыя фальклярыстыкі давяла да многіх фальсыфікацыяў, штучнага разбудаваньня тэзы пра вядучы матыў клясавай барацьбы й антырэлігійнай тэндэнцыі ў беларускіх песьнях і казках.

Несумненна, найцікавейшым дасьледаваньнем Майсея Грынблата была ягоная кніга „Белоруссы: очерки происхождения и этнической истории”, выдадзеная ў Менску ў 1968 годзе. На жаль, гэтая істотная навуковая дысэртацыя была напісаная не па-беларуску, а толькі па-расейску. Аўтар кнігі заняўся грунтоўным вывучэньнем каранёў беларускай нацыі. Адклікаўся ён да раньніх стадыяў фармаваньня беларсуіх плямёнаў і іх суадносінаў з плямёнамі суседніх народаў. Трэба сказаць, што падыход аўтара да гістарычных фактаў на працягу амаль цэлай кнігі быў аб’ектыўны. Праблема толькі ў тым, што Грынблат бескрытычна адносіўся да старарускіх летапісаў, у якіх, як вядома, побач зь гістарычнай факталёгіяй, было нямала недакладнасьцяў, альбо й фальшу. Асабліва моцна дасьледнік давяраў „Повести временных лет”, якую ўспрымаў як поўнасьцю верагодную гістарычную крыніцу. Тым часам вядома, што ў гэтым летапісе нямала недакладнасьцяў, памылак, альбо паэтычных імправізацыяў, да якіх дасьледнік павінен ставіцца разважна й крытычна.

Нягледзячы на такога тыпу памылкі, гэтую Грынблатаву кнігу трэба ацаніць станоўча, як істотны ўнёсак у вывучэньне мінуўшчыны беларускага народу. Асабліва цікава ў кнізе прадстаўлена гісторыя беларуска-літоўскіх суадносінаў. Аўтар, згодна зь гістарычнай праўдай, прадставіў этнічны й моўны цікс беларускіх плямёнаў на літоўскую этнічную тэрыторыю.

У 1972 годзе ў Менску выйшла фундамэнтальная кніга „Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка”, у якой прадстаўлены дасягненьні ў галіне досьледу беларускай этнікі й народнай творчасьці на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Адным з суаўтараў кнігі быў Майсей Грынблат.

Апрача кніжных публікацыяў, Майсей Грынблат пакінуў дзясяткі артыкулаў, у якіх займаўся рознымі аспэктамі беларускай гісторыі, фальклёру й этнаграфіі.

Памёр Грынблат у 1983 годзе. Адзначаючы сёньня сотыя ўгодкі з дня ягоных народзінаў, хочам падкрэсьліць, што, нягледзячы на неспрыяльны гістарычны час, і якім давялося яму жыць і працаваць, унёс ён істотны ўклад у вывучэньне гістарычнага лёсу беларускага народу.

Алесь Барскі