http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=2493

Угодкі сьмерці Марэка Катаньскага

21.08.2003
Дакладна год таму ў аўтамабільнай катастрофе загінуў Марэк Катаньскі - чалавек, які цягам 25 гадоў змагаўся за найслабейшых – бяздомных, наркаманаў, хворых на СНІД. Як казаць пра такога чалавека, не пераходзячы на сэнтымэнталізм альбо патас? Кажучы пра яго, нельга не казаць пра любоў, ахвярнасьць і чалавечнасьць?

Ён быў чалавекам сапраўдным: поўным тэмпэрамэнту й энэргіі; нічым не нагадваў манаха; ня быў ані адухоўленым місіянэрам, ані палітыкам. Характар у яго быў цяжкі, бо гэты чалавек меў свае слабасьці, падзеньні ды ўзьлёты. Ён быў вялікім чалавекам, бо знаходзіў у людзях іхныя вартасьці, несумненна, таму, што гэтыя вартасьці былі таксама ў ім, і таму, што ён верыў у наяўнасьць такіх вартасьцяў у іншых. Гэта менавіта тыя людзі, у каго не хапіла сілаў плыць галоўным рэчышчам, альбо тыя, каго грамадзтва адрынула. Мы часта мінаем іх на вуліцах і нэрвуемся, бачачы іх. У найлепшым выпадку выцягваем зь кішэні дробную манэту. Уражлівасьць Марэка Катаньскага не дазваляла яму мінаць такіх людзей на вуліцы. А ўнутраная сіла падштурхоўвала да дзеяньняў.

Дзякуючы сваёй надзвычайнай энэргіі, ён стварыў шырокую сетку дапамогі. Ён быў у стане кантактаваць са сьветам слабых людзей, даючы ім частку сваёй сілы, але здольны быў і змагацца з магутнымі. У першых абуджаў пачуцьцё ўласнай каштоўнасьці, у другіх – сорам альбо ўражлівасьць. Створаная ім сетка функцыянуе й будзе функцыянаваць, хаця ніхто ня ведае, ці будзе яна разьвівацца настолькі ж эфэктыўна. Гісторыя Марэка Катаньскага паказвае надзвычайную лучнасьць паміж паасобным чалавекам і супольнасьцю. Яна паказвае, што супольнасьць без выбітнай асобы няшмат да чаго здольная, а выбітная асоба здольная прыдаць ёй рытм, сілу й напрамак, падштурхнуць туды, куды група сама з уласнай ініцыятывы ня пойдзе.

Я згадваю Марэка Катаньскага як прыклад чалавека зь вялікай літары. Вельмі своеасаблівы сынтэз. У часы, калі чалавекам кіруюць рэчы, мы часта з занепакоенасьцю пазіраем па бакох з надзеяй убачыць другога чалавека. Калі наш зрок трапляе на такога чалавека, як Марэк Катаньскі, чалавечнасьць унутры нас саміх толькі ўзмацняецца. А калі на даляглядзе нікога няма, мы застаемся з унутранай пустэчай.




Анджэй Ёнас