http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=29507
Хаджэньні па муках гарадзенскіх каталікоў
10.11.2005
Гарадзенскія вернікі на працягу сямі гадоў дамагаюцца будаўніцтва касьцёла Маці Божай Міласэрнай, аднак мясцовае й рэспубліканскае чынавенства ўвесь гэты час знаходзіць прычыны, каб будаўніцтва не распачалося.
Яшчэ сем гадоў таму каталікі зарэгістраванай абшчыны касьцёла Маці Божай Міласэрнай зьвярнуліся ў Гарадзенскі гарвыканкам з тым, каб ім дазволілі будаўніцтва касьцёла на вуліцы Рэпіна. Паколькі тут знаходзіцца ахоўная зона аб'ектаў «Аўгустоўка» з часоўняй сьвятых Пятра і Паўла, якія былі збудаваны ў другой палове ХІХ ст., неабходна шмат розных узгадненьняў з уладамі. Тым ня менш, надзел зямлі епархіяльным упраўленьнем быў выкуплены, вернікі ўзялі на сябе абавязак будаваць храм за свае сродкі й ахвяраваньні фундатараў. Аднак ужо на самым пачатку гэтай задумы мясцовыя ўлады адмовілі ксяндзу Аляксандру й ягоным прыхаджанам у будаўніцтве, спасылаючыся на тое, што якраз на тым месцы знаходзяцца гаражы. Айцец Аляксандар вёў доўгую перапіску з чыноўнікамі. Урэшце гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч зьвярнуўся да ўладаў зь лістом, які падпісалі яшчэ 6 тысяч прыхаджанаў. Вось што распавядае пра тыя пахаджэньні ксёндз Аляксандар:
Кс.Аляксандар: «Яны наогул ня ведаюць, хто што павінен рабіць: пасылаюць адзін да аднаго і ўжо столькі гадоў. Прыдумваюць то адну, то другую прычыну. Але што тут дзіўнага, структуры ж тыя самыя, яны не зьмяніліся».
І толькі ў кастрычніку 2001 году пасьля шматлікіх адмоваў гарвыканкам даў дазвол на праектаваньне аб'екту. За распрацоўку дакументацыі ўзяўся інстытут «Гроднаграмадзянпраект», але ўжо празь некалькі месяцаў там спаслаліся на вялікую занятасьць і вярнулі абшчыне пералічаны аванс. Хаджэньні ксяндза Аляксандра па іншых гарадзенскіх праектных установах вынікаў не прынесьлі. Тым ня менш выканаўцу знайшлі ў Менску. Пасьля гэтага яшчэ два гады ксёндз Аляксандар патраціў на тое, каб дамагчыся дазволу ад уладаў на перанос часовага будынку. На наступным этапе неабходна было атрымаць заключэньне па праекту будынку ад Гарадзенскай гарадзкой архітэктуры. І тут справа ізноў спынілася. Чыноўнікі запатрабавалі, каб вернікі за свае сродкі перанесьлі гаражы. Ізноў завязалася доўгая перапіска ксяндза Аляксандра зь мясцовымі ўладамі. Вернікі ізноў сабралі каля 4 тысяч подпісаў да чыноўнікаў. Ксёндз Аляксандар Шэмет працягвае абіваць парогі розных кабінэтаў.
Кс.Аляксандар: «Надзея не павінна загінуць. Як мы, веруючыя людзі, можам страціць надзею? Аб гэтым молімся кожны дзень, мяркуем, што справу ўдасца вырашыць. Гэта ж ня тое, што пайсьці недзе рыбу лавіць альбо на паляваньне. Тут справа сур’ёзная».
Міхал Карневіч, Горадня