http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=31772

Кс.У.Чарняўскі – сымбаль духоўнага адраджэньня

13.01.2006


90 гадоў таму, 14 студзеня 1916 году нарадзіўся Ўладыслаў Чарняўскі, вядомы каталіцкі змагар за ўвядзеньне беларускай мовы ў рэлігійнае жыцьцё. Важнейшыя даты зь ягонага жыцьцёвага шляху прадставіць НБ.

Уладыслаў Чарняўскі нарадзіўся ў засьценку Амбружына на Смаргоншчыне ў шматдзетнай каталіцкай сям’і. Скончыўшы пачатковую адукацыю ў Арлянятах, Вішнёўцы й Крэве, вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах, якой аднак скончыць не ўдалося, паколькі ў 1933 годзе была яна закрытая. Потым працягваў навуку ў Друі, у гімназіі, заснаванай айцамі марыянамі. Скончыўшы гімназію, паступіў у навіцыят марыянаў.

Пасьля таго, як у 1938 годзе пачаліся рэпрэсіі айцоў марыянаў з боку польскіх сьвецкіх уладаў, Уладыслаў Чарняўскі пераехаў у польскі горад Скужэц, дзе правёў адзін год. Калі скончыўся навіцыят, Чарняўскі быў накіраваны ў Вільню ў каталіцкую сэмінарыю.

У кастрычніку 1944 году Уладыслаў Чарняўскі быў высьвечаны ў сьвятары. Парафіі, у якіх служыў, знаходзіліся на тэрыторыі Летувы, але недалёка беларускай мяжы. У той час у Беларусі не хапала сьвятароў, дык ксёндз Чарняўскі атрымліваў прапановы пераехаць на Гарадзеншчыну, альбо на Віцебшчыну. І ў кастрычніку 1953 году стаў пробашчам у Вішневе Валожынскага раёну.

Айцец Уладыслаў Чарняўскі ў сваёй душпастырскай працы ад сярэдзіны 50-х і да канца 80-х гадоў пасьлядоўна карыстаўся беларускай мовай. Касьцёл у Вішневе ды ягоная хата былі адным з асяродкаў беларушчыны, дзе нярэдка сустракаліся беларусы з розных куткоў сьвету.

У 1968 годзе ксёндз Чарняўскі быў запрошаны ў Рым, да папы Паўла VІ. Быў ён прызначаны дарадцам у Кангрэгацыі па абрадах. Яму даручылі таксама перакладаць на беларускую мову Біблію. І гэтую агромністую ды як жа важную працу айцец Уладыслаў выканаў.

Уладыслаў Чарняўскі быў гарачым прыхільнікам размовы з Богам у роднай мове. Вядомы ягоны зварот да ўдзельнікаў канфэрэнцыі „Беларусы, літоўцы, украінцы, палякі – перадумовы пагадненьня”, якая была праведзеная зь ініцыятывы айцоў езуітаў 23-25 кастрычніка 1987 году ў Польшчы ў Лодзі. Гэты зварот айца Чарняўскага быў апублікаваны на старонках нью-ёрскай газэты „Беларус” (№ 347, Нью-Ёрк, травень 1988, с. 1, 7) пад назовам Палянізацыя беларускіх каталікоў.

У сваім звароце айцец Чарняўскі адклікаўся да гісторыі, да Берасьцейскае вуніі. Ужо тады недапушчэньне біскупаў у Сэнат сьведчыць пра погляд на вуніяцкую веру як на мужыцкую, як на мост да акаталічваньня й апалячваньня беларусаў. У 1839 годзе беларусаў ізноў навярнулі ў „рускую веру”. Па словах айца Чарняўскага, „як «руская» гэтак і «польская вера» была паніжэннем для беларускага народу” (Тамсама, с. 7). Беларускі сьвятар прывёў прыклады забароны набажэнстваў па-беларуску ды арыштоўваньня беларускіх ксяндзоў (напрыклад, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага), а таксама выкідваньня іх зь Беларусі (напрыклад, марыянаў з Друі).

Ксёндз У. Чарняўскі, крытыкуючы пашырэньне на беларускіх землях катэхізму, у якім словы польскія, але напісаныя „рускімі літарамі”, выказаў сумнеў, ці палякі ўспрынялі б станоўча катэхізм з польскімі літарамі, але з расейскімі альбо нямецкімі словамі. З уласнае практыкі прывёў выказваньні дзяцей, якія не разумеюць такога катэхізму. Зьвярнуў увагу таксама на выпадкі адмаўленьня ў шлюбе маладым, пакуль ня вывучаць пацераў па-польску. Такі падыход прычыняецца толькі да страты вернікаў.

Свае разважаньні айцец Чарняўскі закончыў заклікам да палякаў:

„Палякі! Памажэце нам стаць на хрысьціянскія ногі, памажэце нам, Беларусам-каталіком, мець свайго біскупа, адміністрацыю, сэмінарыю і г. д., і вы дакажаце, даведзяцё, што вы нам «браты ў Хрысьце»” (Тамсама, с. 7).

Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі памёр 22 сьнежня 2001 году, недажыўшы 86 гадоў. Назаўсёды застанецца сымбалем духоўнага адраджэньня беларусаў.

Ніна Баршчэўская