http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=31914

Праект для ценявога кіраўніцтва

18.01.2006
Камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў пад кіраўніцтвам Яраслава Раманчука й Анатоля Лябедзькі падрыхтаваў праект Плятформы аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта праек, які будзе прадстаўлены адзіным кандыдатам апазыцыі ў прэзыдэнты, калі ценявое кіраўніцтва дойдзе да ўлады.

Праект улічвае пяць тэматычных блёкаў: „Здаровая сям’я”, „Павага да працы. Праўдзівая канкурэнцыя”, „Справядлівы закон, адказная дзяржава”, „Цывілізаваны сьвет і свабода” і апошні разьдзел „Разьвіцьцё. Навука. Прагрэс.”

Пра галоўныя думкі, зьмешчаныя ў праекце ценявога кіраўніцтва, мы размаўляем з кіраўніком праекту Яраславам Раманчуком і лідэрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.

У праекце Плятформы аб’яднаных дэмакратычных сілаў вы заахвочваеце грамадзян Беларусі прыняць актыўны ўдзел у стварэньні праграмы разьвіцьця дзяржавы. На які канкрэтна ўдзел вы разьлічваеце?

Я.Раманчук:
Безумоўна, гэта творчы ўдзел. Праграма ўжо прайшла дыскусію ў колах экспэртаў – палітолягаў, эканамістаў, юрыстаў. Але гэта людзі, якія маюць свой погляд на тое, як павінна разьвівацца наша краіна. Мы разьлічваем, што, прачытаўшы гэтую праграму, людзі выкажуць свае думкі, пажаданьні, як павінна разьвівацца наша краіна. Магчыма, што пэўных справаў мы не заўважылі. Мы чакаем прапановаў, якія тычацца ня толькі пяці стратэгічных блёкаў, але новых рэчаў, напрыклад, больш трапных фармулёвак. Мы хочам стварыць да лютага такі праект, каб адзіны кандыдат мог яго прадстаўляць як праграму ня толькі беларускіх экспэртаў, але як народную праграму.

„Сёньняшняя беларуская дзяржава ня мае будучыні”, – так вы пішаце ў праекце. Беларусі патрэбная эканоміка справядлівага й маральнага выбару. Як вы разумееце спалучэньне эканамічны й маральны выбар?


Я. Раманчук:
Гэтыя справы, безумоўна, дапаўняюць адна адну. Эканамічны й маральны выбар гэта той, які заснаваны на рашэньні канкрэтнага чалавека, а не бюракрата. У Беларусі створана бюракратычная машына, якая не пакідае чалавеку ані палітычнага, ані эканамічнага, ані грамадзкага выбару. Рашэньні прымаюцца безь ягонага ўдзелу, але зь ягонымі грашыма. Людзям мала плацяць, забіраюць грошы высокімі цэнамі, такім чынам кошты згубленага прыбытку растуць з кожным днём. Гэта амаральна – чаму дзяржава павінна забіраць у адных, а аддаваць іншым.
Такім чынам, маральны выбар у эканоміцы – гэта перш за ўсё выбар канкрэтнага чалавека й адказнасьць за яго. Гэта сыстэма дзяржавы, дапамога якой засяроджвалася б на нашай сям'і. Бо гэта адзінка, якая, з нашага пункту погляду, зьяўляецца больш эфэктыўнай у выхаваньні людзей. Каб у ёй была павага й пашана да прыватнай уласнасьці, дзяржавы й партнэрства зь іншымі грамадзянамі.

Менавіта, пішучы пра крызыс сем’яў, як адно з выйсьцяў з такога становішча вы прапануеце канкрэтныя сумы грошай для той ці іншай сям’і. Але ці дастаткова вырашыць фінансавыя праблемы? Ці яшчэ трэба зьмяніць спосаб мысьленьня беларускіх людзей?

Я. Раманчук:
Калі ўважна чытаць наш праект, то першы й апошні пункт праграмы інтэгральна дапаўняюць адзін аднога. Безумоўна, за грошы ня купіш шчасьця, ня купіш высокай маралі, культуры й духоўнасьці. Але ж пяты пункт нашай праграмы "Навука. Прагрэс. Разьвіцьцё" паказвае, куды мы хочам весьці нашую краіну. А весьці нашую краіну трэба па шляху высокіх тэхналёгіяў, інвестыцый у адукацыю, каб кожную, нават сялянскую школу, зрабіць часткаю агульнаглябальнай інтэрнэтнай сыстэмы. Сям’я будзе разьвівацца нармальна тады, калі будзе здароўе, калі будуць грошы, калі маладыя людзі ня будуць баяцца нараджаць дзяцей, калі будзе добрааплачваная праца на рынкавых умовах. Для гэтага патрэбны не тэхналёгіі саракагадовай даўнасьці, а перадавыя тэхналёгіі, як у Злучаных Штатах Амэрыкі, Эўразьвязе, Японіі. Менавіта з гэтымі цэнтрамі нам трэба ствараць партнэрскія стасункі, чаго ня робіць сёньняшні ўрад Беларусі.

Колькі часу вам трэба на рэалізацыю сваіх абяцаньняў? Ці вы не баіцеся, што можа паўтарыцца ўкраінская сытуацыя? Людзі чакалі пераменаў у вельмі хуткім часе, але, зразумела, ня можна ўсяго зьмяніць за тры-чатыры месяцы?

Я. Раманчук:
Вопыт Украіны для нас вельмі балючы. Я думаю, што ў адрозьненьне ад Украіны мы больш падрыхтаваныя да зьмены эканамічнай палітыкі. Гэты праект толькі невялічкая частка тых рэформаў, якія мы падрыхтавалі. Каб запусьціць напісанае ў праграме, нам патрэба пяць гадоў – адзін прэзыдэнцкі тэрмін. У нас ужо вельмі дэталёва падрыхтаваныя бюджэтная й падаткавая рэформы. Мы ведаем, як правесьці гэтак званую народную прыватызацыю, рэформу аховы здароўя. У нас выпрацавана дэталёвая структура адміністрацыйнай сыстэмы, якая павінна быць у новай Беларусі. Гэта такія рэчы, якіх не было ва Ўкраіне. Мы ідзем іншым шляхам. Украіна пачала з аранжавай палітычнай рэвалюцыі, а мы прапануем зрабіць ня толькі свабодную дэмакратычную Беларусь, але зрабіць "аранжавую" эканоміку – эканоміку свабоды, выбару чалавека, адказнасьці дзяржавы, якая забясьпечыць і загарантуе правы ўласнасьці ня толькі беларусам, але й інвэстарам з усяго сьвету.

У праекце падкрэсьліваецца, што трэба стварыць моцную дзяржаву. Што такое, паводле вас, „моцная дзяржава”?

А. Лябедзька:
Моцная дзяржава гэта тая дзяржава, дзе людзі далучаныя да прыняцьця рашэньняў, дзе маюць магчымасьць несьці адказнасьць за прынятыя крокі. Чалавек павінен адчуваць, што ён прымае актыўны ўдзел у вырашэньні лёсаў сваёй краіны. Моцная дзяржава – гэта значыць павінна быць моцнае самакіраваньне, падзел улад, адказнасьць за свой накірунак дзейнасьці. Гэта, дарэчы, таксама выбарчыя кампаніі, рэфэрэндумы з удзелам грамадзян.

Другі кампанэнт моцнай дзяржавы – яе аўтарытэт на міжнароднай арэне, калі ён вельмі важкі, калі да гэтай краіны прыслухоўваюцца. Такі аўтарытэт дапамагае рабіць дзяржаву моцнай у міжнародных адносінах. Моцная дзяржава не азначае моцнага бюракратычнага апарату й вялікіх паўнамоцтваў у кіраўніка дзяржавы. Якраз наадварот.

На канец мы працытуем словы, зьмешчаныя ў апошніх радках праекту Плятформы. „Мы верым у сілу перакананьняў, а не змушэньняў. Мы – за партнэрства, а не падпарадкоўваньне. Паасобку ніхто ня створыць нашага дабрабыту. Таму мы клічам вас пайсьці разам з намі. За вашую й нашую свабоду. За будучыню Новай Беларусі”.

Алена Пытэль