http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=33413
Канґрэс NGO у Варшаве
24.02.2006
Амаль 150 прадстаўнікоў грамадзкіх абяднаньняў з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы возьмуць удзел у Рэгіянальным кангрэсе грамадзкіх аб`яднаньняў, які пройдзе ў Варшаве ад 24 па 26 сакавіка.
Ініцыятыва кангрэсу нарадзілася ў выніку дэбатаў ІІІ саміту Рады Эўропы, які адбыўся ў траўні мінулага году ў Варшаве.
Менавіта тады прадстаўнікі 46 краінаў, задзіночаных у Радзе, выказалі неабходнасьць супрацоўніцтва міжнародных грамадзкіх аб`яднаньняў.
Гэта першае падобнага тыпу мерапрыемства ў Варшаве, ды і ў Польшчы. Наступныя будуць адбывацца ў іншых гарадох Эўропы. Арганізацыяй сёлетняга кангрэсу займаюцца польская фундацыя імя Казімежа Пуласкага ды Форум маладых дыпляматаў. Да ўдзелу ў кангрэсе запрашаюцца прадстаўнікі грамадзкіх аб`яднаньняў, якія дзейнічаюць у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе, - кажа галоўны арганізатар мерпрыемства Катажына Пісарска.
К. Пісарска: Кангрэс прызначаны пераважна для ўдзельнікаў зь Беларусі ды Ўкраіны, таксама будуць удзельнікі з Польшчы й Нямеччыны.
Вядучай тэмай будзе пабудова дэмакратыі празь дзейнасьць грамадзкіх аб`яднаньняў. Будуць вясьціся размовы пра тое, зь якімі паблемамі ў сваёй штодзённай дзейнасьці сутыкаюцца грамадзкія ініцыятывы ў Беларусі ды Ўкраіне, зь якімі праблемамі сутыкаецца ўвесь трэці сэктар, а таксама, як можна ім дапамагчы. Ну й перш за ўсё, як можна наладізць міжнароднае супрацоўніцтва.
Кангрэс будзе праходзіць у вельмі важны, вырашальны для абедзьвюх дзяржаваў момант, - дадае спадарыня Пісарска.
К. Пісарска: Гэта крытычны момант таксама для грамадзкіх аб`яднаньняў з нашага рэгіёну, менавіта таму, што кангрэс будзе праходзіць адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Так што тэматыка выбараў таксама будзе закранацца падчас дэбатаў і ўвогуле будзе мець вялікі ўплыў на тое, пра што будзе весьціся размова на кангрэсе.
А тым чсам поўнаю парай ідзе падрыхтоўка. Арганізатары чакаюць на заяўкі ад жадаючых узяць удзел у кангрэсе.
К. Пісарска: Заяўкі ад удзельнікаў надыходзяць, на сёньняшні дзень маем ужо больш за 200, а маем магчымасьць прыняць толькі 100 прадстаўнікоў. Зяўкі падаюць пераважна лідэры вялікіх, агульнакраёвых аб`яднаньняў, як, напрыклад, Хэльсінскі камітэт з Масквы. Але прыходзяць заяўкі і ад маленькіх абяднаньняў, якія змагаюцца за правы жанчын, ці зь дзіцячай бяздомнасьццю. Нам залежыць перш за ўсё, каб да нас прыехалі менавіта прадстаўнікі маленькіх аб`яднаньняў, бо, магчыма, што для іх гэта адзіны шанец удзелу ў буйным мерапрыемстве. І менавіта заяўкі такіх прадстаўнікоў будуць разглядацца ў першую чаргу. Вельмі хацелася б, каб прыехалі людзі, якія хочуць набыць новыя веды на тэму таго, як можна супрацоўнічаць на міжнародным узроўні й распрацоўваць супольныя праекты.
Трэба прыгадаць , што кангрэс рыхтуецца пры супрацоўніцтве такіх буйных аб`яднаньняў, як Цэнтар міжнародных адносінаў, Фонд імя Конрада Адэнаўэра, Польска-Амэрыканскі фонд свободы, ці Ўсходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар.
Калі хто-небудзь хоча прыняць удзел у кангрэсе, то павінен сьпяшацца, бо заяўкі прымаюцца толькі да 25 лютага. Падрабязнасьці можна знайсьці на інтэрнэтнай старонцы.
Варшаўскі рэгіянальны кангрэс грамадзкіх аб`яднаньняў
tel /faks. +48(0) 22 408 64 84
e-mail: congress@pulaski.pl
www.warsawcongress.pl
Караліна Русіновіч