http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=33495
Сустрэча Д. Крамэра з апазыцыяй
27.02.2006
Дэйвід Крамэр, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША наведаў Беларусь. Ён правёў сустрэчы як з афіцыйнымі ўладамі (у гэтым ліку з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, Міністэрствам замежных справаў), так і з чальцамі аб'яднанай апазыцыі.
Замежжа актыўна ціквіцца сытуацыяй у Беларусі. Злучаныя Штаты Амэрыкі спадзяюцца, што сытуацыя ня выйдзе з-пад кантролю.
На сустрэчы з Дэйвідам Крамэрам прысутнічалі кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Віктар Карнеенка ды намесьнік кіраўніка Аляксандар Дабравольскі. Дэйвіда Крамэра цікавілі тры галоўныя пытаньні. Па-першае, якія практычныя праблемы існуюць у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, ці кожны кандыдат мае роўныя магчымасьці ў выбарчай кампаніі. Па-другое, яго цікавіла палітычная атмасфэра ў краіне. І нарэшце, па-трэцяе, якім чынам штаб Мілінкевіча зьбіраецца прадэманстраваць сапраўдныя вынікі выбараў.
В. Карнеенка: Мы назвалі абсалютна канкрэтныя рэчы. Першае – гэта тое, што нікога з прадстаўнікоў аб'яднаных дэмакратычных сіл не ўключылі ў выбарчыя камісіі, што нас вельмі непакоіць і сьведчыць пра сапраўдныя намеры ўлады. Другое – сёньня фактычна не дазваляецца весьці агітацыйную кампанію. Цэнтарвыбаркам засяродзіў увагу, каб спыніць актыўнасьць палітычных інстытуцыяў і мясцовых улад, каб выбарчая кампанія не была заўважаная ў Беларусі. Не даюць весьці агітацыі на вуліцах, а накіроўваюць у лесапаркавыя зоны. Ідзіце й агітуйце ў лесе! Гэта дэманстарацыйная непавага да выбарчага кодэксу Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Вось на гэта мы зьвярталі ўвагу.
Пра палітычны клімат таксама вялася гаворка. Сёньня існуе маніторынг сродкаў масавай інфармацыі, які праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Тут настолькі відавочнае выкарыстоўваньне СМІ адным кандыдатам, што ня трэба ніякага камэнтара. А пра роўныя магчымасьці кандыдатаў можна ўвогуле ня весьці размовы.
Мы зьвярталі на гэта ўвагу. Бо выбары гэта ня толькі 19 сакавіка, ня толькі падлік галасоў. Гэта й тое, што папярэднічала падрыхтоўцы. Безумоўна, мы закранулі тэму ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў і моцнае абмежаваньне магчымасьцяў існаваньня незалежнай прэсы. Пры гэтым мы падкрэсьлілі, што ведалі пра ўмовы, у якіх нам прыйдзецца працаваць. Але, каб захаваць уладу, Лукашэнка з кожным разам прымяняе больш жорсткія меры.
І яшчэ адна вельмі важная акалічнасьць. Перад выбарамі ўлада забараніла праводзіць сацыялягічныя апытаньні й дасьледаваньні. Таму пытаньне, калі ў чалавека такі вялікі аўтарытэт, чаму ён палохаецца сацыёлягаў?
Навошта такія сустрэчы? Калі б іх не было, то рэжым існаваў бы нязьлічоную колькасьць часу. Мы павінны зьвярнуць увагу назіральнікаў і ад АБСЭ, і проста міжнароднай супольнасьці на тое, якім чынам у Беларусі адбываюцца выбары. Мы прызнаем выбары, калі ў склад камісіяў будуць уключаны прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, калі назіральнікі будуць мець рэальную магчымасьць сачыць за падлікам галасоў. Мы прызнаем выбары, калі ў кандыдатаў будуць роўныя магчымасьці. Фактычна, ні адна з гэтых умоваў не выконваецца. І мы зьвяртаем на гэта ўвагу.
Ёсьць яшчэ адна вельмі цікавая структура, якая называецца СНД. Там усё адбываецца наадварот. Прадстаўнікі міжнародных інстытуцыяў, кіраўнікі дыпляматычных місіяў (у дадзеным выпадку гэта Дэйвід Крамэр) сустракаюцца і з прадстаўнікамі ўлады, і з апазыцыяй. А назіральнікі з СНД маюць кантакты толькі з уладай і на падставе гэтых сустрэч робяць аднабаковыя справаздачы. Мы лічым патрэбным зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на дзіўную зьяву назіральнікаў з СНД.
Адной з галоўных тэмаў размовы была справа адказнасьці за дзеяньні кожнага з бакоў. Крамэр падкрэсьліў, што прымяненьне сілы было б трагедыяй для Беларусі. І калі беларусы ўсё ж-такі вырашаць выйсьці на вуліцы, то маюць права зрабіць гэта, але мірным спосабам. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заклікаў апазыцыю не выкарыстоўваць сілавых мэтадаў.
В. Карнеенка: Што тычыцца нас, Дэйвід Крамэр падкрэсьліў, што дэмакратычныя інстытуцыі павінны памятаць пра ўласную адказнасьць. Паводле пакту палітычных і грамадзянскіх правоў, да якога далучылася таксама Беларусь, грамадзяне маюць права на мірныя акцыі. Крамэр на гэта зьвяртаў і нашую ўвагу. Гаворка была, каб не выкарыстоўваць сілавых мэханізмаў падчас падаўленьня мірных пратэстаў. Безумоўна, у штабе Мілінкевіча людзі адказныя, і ніхто не шукае канфрантацыйных мэханізмаў.
Пасьля размовы з прадстаўнікамі штабу Аляксандра Мілінкевіча, Дэйвід Крамэр сустракаўся з чальцамі Цэнтральнай выбарчай камісіі. Як падкрэсьліў Віктар Карнеенка, атрыманую ад іх інфармацыю Крамэр напэўна выкарыстаў пры размове з ЦВК.
У сваю чаргу польская штодзёнка "Trybuna" паведамляе, што беларускае Міністэрства замежных справаў выказала зьдзіўленьне надакучлівасьцю, з якой Крамэр спрабаваў пашырыць тэму сілавых мэтадаў і пратэстаў падчас выбарчай кампаніі.
Алена Пытэль