http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=33552

"Ці беларусы створаць народ?"

28.02.2006
У панядзелак у Варшаве адбылася канфэрэнцыя пад назовам "Ці беларусы створаць народ?" Гэта канфэрэнцыя з цыклу панядзелкавых сустрэч з часопісам "Więź", на якіх закранаюцца найбольш актуальныя тэмы.

На сустрэчы вялася гаворка пра сытуацыю ў Беларусі, а адной з тэм была тэма беларускага народу. Адным з выступоўцаў быў сацыёляг і дыплямат доктар Мар’юш Машкевіч, які ў 1998 -2002 гадох быў амбасадарам Польшчы ў Беларусі. Таксама госьцем была Агата Вежбоўска-Мязга з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (OSW) і Міхал Куркевіч, журналіст, гісторык, спэцыяліст па ўсходніх справах.

Падставаю да сустрэчы стаўся артыкул Мар’юша Машкевіча ў часопісе "Więź" пад назовам "Ці маладыя беларусы створаць народ?" Пра тое, што аўтар хацеў сказаць у гэтым артыкуле, расказвае сам доктар Машкевіч:

М. Машкевіч: Беларуская нацыя, зразумела, існуе. Трэба толькі больш уважна й глыбей паглядзець у душу Беларусі. Тады можна заўважыць тое, што невідочнае зь першага погляду. У сваім тэксьце я паказаў, што беларусы - гэта вельмі прагматычная й арганізованая нацыя. І тое, што маладое пакаленьне ня вельмі ахвотна ходзіць на дэманстрацыі апазыцыі, яшчэ не азначае, што для іх гэта абыякава й няважна. Справа ў тым, што маладое пакаленьне ў апазыцыі да пакаленьня сваіх бацькоў. Мне здаецца, што яно імкнецца здабыць прастору свайго асабістага жыцьця й асабістага шчасьця, каб як найменш быць умяшаным у ідэалягічныя й дзяржаўныя справы. Іх Айчына - гэта Беларусь, якая складаецца з маленькіх штодзённых справаў: сям'і, бацькоў, дзяцей, працы. Менавіта ў гэтым яны будуюць сваю Радзіму, гэта вельмі істотная пэрспэктыва. Асабістая прастора свабоды зьвязаная як з эканамічнымі пытаньнямі, гэтак і з рэлігійнасьцю, духоўнасьцю й культурай.

Маладыя людзі імкнуцца, каб быць часткаю эўрапейскай культуры. Яны ведаюць замежныя мовы, замежную музыку, чытаюць перакладзеныя кніжкі, выяжджаюць адпачываць у іншыя краіны. Іх вельмі цікавіць тое, што творыцца ў сьвеце. Моладзь адрозьніваецца ад сваіх бацькоў, якія былі зачыненыя ў Савецкім Саюзе, у ідэалягічных рэспубліках, і ня мелі шырокай прасторы. Імкненьне адчуць эўрапейскую культуру пазьней перанясецца на іх удзел у беларускай дзяржаўнасьці, супольнасьці, грамадзянскай актыўнасьці. Гэта працэс. Хаця зь першага ўражаньня можа здавацца, што беларусы не патрыятычныя, абыякавыя на сытуацыю ў Беларусі. Гэта няпраўда, гэта ня так.


Акрамя гэтага Мар’юш Машкевіч моцна падкрэсьліў, што хоць няшмат беларусаў размаўляе па-беларуску, аднак беларускі народ вельмі чула адносіцца да сваёй роднай мовы. Нават калі малады чалавек размаўляе па-расейску, ён гатовы абараняць гонар беларускай мовы. Расейская мова зьяўляецца толькі часткаю набытай культуры, а беларуская застаецца чымсьці сьвятым. І нават улады, якія вядуць прарасейскую палітыку, разумеюць, што беларуская мова - гэта частка душы кожнага беларуса. "Беларуская мова была, ёсьць і будзе," - сьцьвердзіў Мар’юш Машкевіч.

Агата Вежбоўска-Мязга з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (OSW) акрэсьлівае беларускі народ затамізаваным.

А. Вежбоўска-Мязга: Таксама як кожны чалавек мае сваю індывідуальнасьць і цяжка зь ёю дыскутаваць, складана ацэньваць характарыстыку якога-небудзь народу. Я маю ўражаньне, што беларускае грамадзтва зьяўляецца затамізаваным. Заўважаецца, што паміж беларусамі няма такой сувязі, якая б дазволіла ствараць супольныя ініцыятывы. Але відавочная сувязь, якую стварае ўлада. Я некалькі разоў была сьведкай такой сытуацыі, што ў адным горадзе было некалькі цэнтраў грамадзкай дзейнасьці, але яны нават ня ведалі пра існаваньне іншай ініцыятывы. Яны ня бачылі сябе, як нейкую супольную сілу, якая б разам магла зрабіць больш. Кожны працаваў толькі для сябе. А рабілі вельмі карысныя рэчы.

Я думаю, што тэма канфэрэнцыі паставіла мэту справакаваць нас да дыскусіі й абараняць беларускі народ, які існуе. Бо мова - гэта не адзінае, што стварае беларускую нацыю.
Ці беларусы гэта народ - яны самі павінны адказаць на гэтае пытаньне. Так як гаворыцца, што народ гэта рэфэрэндум кожны дзень. Штодзённа чалавек абараняе сваю нацыянальнасьць і шукае ў ёй сваё месца. Хоць мова, зразумела, дапамагае яго знайсьці. Беларусам, якія не размаўляюць па-беларуску, ня можна забраць права быць і адчуваць сябе беларусамі.


Удзельнікі канфэрэнцыі прыйшлі да высновы, што беларусы – гэта народ, пра які можна доўга распавядаць. Але, як падкрэсьліў Мар’юш Машкевіч, ня можна глядзець на беларусаў выключна з польскага пункту гледжаньня, бо беларускую душу да канца зразумее толькі беларус.

Алена Пытэль