http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=33971

Ці магчыма супраца Казуліна й Мілінкевіча?

10.03.2006
Зноў пачаліся спробы сумеснай працы штабоў Мілінкевіча й Казуліна. У чацьвер адбылася асабістая сустрэча двух кандыдатаў. У вуснай размове Аляксандар Казулін запрапанаваў штабу Мілінкевіча разгледзець тры магчымыя лініі паводзінаў адносна выбараў.

На тэлефоннай лініі з намі давераная асоба й прэс-сакратар Казуліна Ніна Шыдлоўская. Раскажыце, зь якімі прапановама зьвярнуўся Аляксандар Казулін да Аляксандра Мілінкевіча?

Н. Шыдлоўская: Па-першае, гэта сумесная заява, у якой будзе пацьверджана, што Канстытуцыя Беларусі растаптаная вышэйшымі дзяржаўнымі асобамі. Што ўдзел Лукашэнкі ў выбарах нелегітымны. І, зьвяртаючы ўвагу на апошнія парушэньні заканадаўства, мы прапануем абодвум кандыдатам зьняць свае кандыдатуры, бо празрыстыя й аб'ектыўныя выбары 19 сакавіка не адбудуцца.

Другая прапанова - узважыць і абмеркаваць удзел адной каманды ў выбарах, зьняць адну асобу на карысьць другой кандыдатуры. Пры гэтым працэсе перамоваў павінны ўлічвацца рэальныя ўмовы й сытуацыя, каб кандыдат не раздражняў асноўных зьнешнепалітычных ігракоў - Эўразьвяз, Расею ды ЗША.

Трэцяя прапанова датычыць выпадку, калі прымецца рашэньне надалей на выбары ісьці двум кандыдатам. У гэтым выпадку мы прапануем скаардынаваць дзеяньні й прыняць дэклярацыю аб сумесных дзеяньнях па інфармаваньню насельніцтва, па прадухіленьню фальсыфікацый, па назіраньню за галасаваньнем і падвядзеньня яго вынікаў. Акрамя гэтага быў прадстаўлены шэраг сумесных акцый па абароне правоў грамадзян, якія сёньня не падтрымліваюць дзеючы рэжым.

Пакуль Мілінкевіч ня даў ніякага адказу, бо ў іх такія рашэньні прымаюцца калегіяльна. Нам абяцалі, што прапановы разгледзяцца на палітычнай радзе аб'яднаных дэмакратычных сіл. Таму пакуль мы чакаем адказу Аляксандра Мілінкевіча.


Ці гэта ня позна, бо да выбараў толькі тыдзень?

Н. Шыдлоўская: Падобныя прапановы гучалі раней, калі толькі распачаўся працэс супрацоўніцтва абодвух штабоў. Ад Казуліна гучалі канкрэтныя прапановы пра арганізацыю сумеснага назіральніцтва, пра акцыю інфармаваньня насельніцтва аб сапраўдным эканамічным стане. На жаль, гэтыя канкрэтныя прапановы былі праігнараваныя. Цяпер прайшоў некаторы час і падзеі пачалі разгортвацца вельмі імкліва, насамрэч, патрэбныя рашучыя крокі. Меркаваць такімі катэгорыямі як позна ці няпозна, наўрад ці магчыма. Рэчаісны стан рэчаў паказвае, што Казулін і Мілінкевіч па вялікіх рахунках ня дзеляць электарат. Мілінкевіч у асноўным працуе на пратэсным электараце. Казулін у дадатак працуе з групай, якая абыякавая й да нядаўняга часу падтрымлівала Лукашэнку.
Як несупернікі, а ў дадзенай рэчаіснасьці Беларусі яны пры пэўных умовах маглі б стаць партнэрамі, Казулін сумесна з Мілінкевічам маглі б зьмяніць той стан рэчы, які склаўся сёньня.

Казулін пацьверджвае, што на сёньняшні дзень для Беларусі асабліва важна, каб у чарговы раз прэзыдэнтам ня стаў Лукашэнка.



Таксама мы размаўляем з прэс-сакратаром штабу Мілінкевіча Паўлам Мажэйкам. Як вы аднесліся да прапановы Казуліна?

П. Мажэйка: Мы лічым нерэальнай, бессэнсоўнай і правакацыйнай прапанову Казуліна, каб Мілінкевіч зьняўся на яго карысьць. Гэта чарговы піярход. А дзьве іншыя прапановы наш штаб будзе разглядаць у бліжэйшы час, магчыма, да панядзелку. Мілінкевіч няраз заяўляў, што ён ідзе да канца й здымаць сваю кандыдатуру не плянуе.


З намі размаўляе палітоляг Уладзімір Мацкевіч. Скажыце, ці ёсьць шанец пагадненьня й супрацы паміж абодвума кандыдатамі?

У. Мацкевіч: Шчыра кажучы - не. І гэта не залежыць ад асабістых стаўленьняў, напрыклад, Мілінкевіча ці Казуліна. Тут шмат залежыць ад атачэньня. Тут бачыце, якая справа. Насамрэч, адзіны кандыдат мае некаторыя шанцы, каб пазмагацца з Лукашэнкам. Не перамагчы, але выставіць нейкую рэальную альтэрнатыву. Іншая справа, на жаль, паўтараецца, як фарс, справа з 2001 году. Тады таксама былі два моцныя і амаль роўныя кандыдаты. Напрыканцы перадвыбарчай кампаніі адзін здымае сваю кандыдатуру на карысьць другога. Але яго каманда нязгодная падтрымаць іншага кандыдата. Тут падобная сытуацыя. Паміж камандамі Казуліна й Мілінкевіча няма згоды. Напэўна, няма ніякіх магчымасьцяў у такі кароткі час дасягнуць пагадненьня. Трэба было гэтыя перамовы пачынаць яшчэ ўлетку. Відавочна, што ўсе сумесныя пляны трэба было разгледзець на пачатку студзеня. А цяпер, ці спадзяваньні на цуд, ці іншыя меркаваньні перашкаджаюць атачэньню Мілінкевіча пайсьці на такія кампрамісы й аб'яднаньне.


Як відаць, з аднаго боку – з боку Аляксандра Казуліна - гэта патрэба актыўнага супрацоўніцтва двух кандыдатаў, якая неабходна нават у апошні тыдзень перадвыбарчай кампаніі. А з другога – боку Мілінкевіча - гэта простая піяр-кампанія й непрадуманыя прапановы.

Алена Пытэль