http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=34815
"Гісторыі асабістай мужнасьці маленькіх людзей"
29.03.2006
"Гісторыі асабістай мужнасьці маленькіх людзей" вырашыў данесьці да народу грамадзянскі камітэт "Наш дом", што дзейнічае ў Віцебску. Гэта гісторыі людзей з Кастрычніцкай плошчы. У лістоўках прачытаеце, між іншым, пра жанчыну з дзьвюма дзяцьмі – 3 і 4 гады, якая кожны дзень, забраўшы дзяцей з садка, выводзіла жыхароў намётнага мястэчка, якім проста трэба было выйсьці, а аднаму выходзіць было небясьпечна, бо хапалі функцыянэры. Аднаго хлопчыка брала на рукі мама, другога пікетовец, і так з шарыкамі яны праходзілі міма міліцыянтаў, амапаўцаў, функцыянераў у цывільным. Такіх выпадкаў мужнасьці звычайных людзей было мноства, і пра іх менавіта можна будзе прачытаць на старонках газэткі, выдадзенай камітэтам "Наш дом". Госьць нашага эфіру Вольга Карач.
Вольга Карач – актывістка грамадзянскага камітэту "Наш дом": Гэта кароценькія гісторыі простых людзей, якія апынуліся ў цэнтры падзеяў таму, што гэта быў іх выбар, часам таму, што там былі іх блізкія. Гэта не пра лідэраў партыі, не пра лідэраў нейкіх арганізацыяў, не пра палітыкаў, а пра простых людзей, у якіх няма мэты атрымаць уладу. У іх ёсьць адна мэта – ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА.
Цяжка змагацца супраць малюнка, які паказваюць дзяржаўныя СМІ, якія распавядаюць нейкія жудасныя гісторыі пра пабітых міліцыянтаў і няшчасных маці, якія плачуць над імі. А хто ўспомніць кожную маці тых студэнтаў, тых маладых людзей, якія пайшлі на плошчу, якія сядзелі ў намётах уначы. Тых бацькоў, якія ня ведалі, што рабіць, калі забралі іхнае дзіця.
Мы хочам, каб людзі пачыталі гэтыя простыя гісторыі й задумаліся, чаму гэтак адбываецца, што ў дзяржаўных мас-мэдыях няма альтэрнатыўнага пункту погляду. Хочам, каб людзі задумаліся, чаму, калі БТ паказвае злосны малюнак тых, хто быў у намётах, што яны нібыта наркаманы, што пілі гарэлку, чаму няма на гэта дакумэнтаў? Калі б яны былі, БТ круціла б іх цэлыя суткі.
Так што неўзабаве чакайце, альбо і ўжо чытайце газэткі "Тыдзень пасьля выбараў вачыма сьведкаў". Акцыя распаўсюду па паштовых скрынках у Віцебску ўжо пачалася й будзе працягвацца таксама ў іншых гарадох.
Нагадаем што грамадзянскі камітэт "Наш дом" правёў пасьпяхова некалькі масавых акцыяў. Між іншым, напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі ў адным Віцебску актывісты сабралі 40 тыс. подпісаў супраць карупцыі чыноўнікаў у Віцебску. Гэтыя ўсе подпісы патрапілі ў адміністрацыю прэзыдэнта. "Наш дом" чакае адказу, але, гледзячы па рэакцыі, напр. у „Савецкай Беларусі”, па публікацыях у мясцовай дзяржаўнай прэсе, па паводзінах чыноўнікаў – гэтая акцыя мела вялікі рэзананс.
Ялянта Сьмялоўска