http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=36424
"Высьвятленьне асобы" Анатоля Лябедзькі
11.05.2006
Учора ўвечары каля Кастрычніцкай плошчы Менску людзі ў цывільным затрымалі старшыню Аб`яднанае грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.
Адразу пасьля таго, як спадара Лябедзьку адпусьцілі, мы звязаліся зь ім па тэлефоне. І вось,што ён нам распавёў.
Што здарылася на Кастрычніцкай плошчы?
Анатоль Лябедзька:Ну што ў нас можа здарыцца, толькі палітычная шызафрэнія. Мяне затрымалі яшчэ на пачатку акцыі, якую мы ладзілі з нагоды 7-й гадавіны знікненьня Юрася Захаранкі й праводзілі гэта ў фармаце кампаніі "Салідарнасьць у імя свабоды”, гэта значыць салідарнасьці з тымі, хто знаходзіцца ў турме. І перад пачаткам, калі мы ішлі на плошчу /побач мяне былі два мае наместнікі Дабравольскі й Альфэр/, нас дагнала група людзей у цывільным. Яны наваліліся на мяне, не прад`яўляючы ніякіх дакумэнтаў, не растлумачылі, якая матывацыя іх дзеянняў, і паспрабавалі правесьці мяне ў будынак, які знаходзіўся побач. Натуральна, што я пачаў супраціўляцца, мае калегі таксама. Адносна нас была прыменена сіла, мне парвалі вопратку й пабілі. Усё ж такі 8 чалавек уцягнулі мяне ў будынак, дзе праходзіла Інаўгурацыя Лукашэнкі. Тады зьявіўся кіраўнік спэцназа, якому супынены ўезд у Эўразьвяз якраз за тое, што ягоныя людзі дзейнічалі такім чынам падчас правядзеньня рэфэрэндума. І толькі пасьля ягонага прыхода адзін са спэцназаўцаў прад`явіў пасьведчанбне супрацоўніка міліцыі. Пасьля гэтага мяне адвезьлі ў Ленінскі РАЎС і супрацоўнік аддзела міліцыі сказаў: “Зараз, Анатоль Уладзіміравіч, мы на працягу трох гадзін будзем высьвятляць Вашую асобу, хто Вы ёсьць”. І вось тры гадзіны мяне там трымалі. Увесь гэты час там знаходзіліся мае калегі, прыехала мая жонка, але маёр гаварыў, што мяне там няма. Я ўсё гэта разглядаю як палітычную шызафрынію, якая ўвесь час працягваецца. Гэта тлумачыць тое, што яны баяцца салідарнасьці людзей, баяцца агучваньня тэмы, што ў Беларусі ёсьць палітычныя вязьні. Ну, а наша справа справядлівая, і я думаю, што кампанію справядлівасьці ў імя свабоды мы будзем працягваць, у тым ліку і ў фармаце вулічных акцыяў, калі людзі выходзяць з партрэтамі тых, хто знаходзіцца ў турме.
Сказыце калі ласка, з-за таго,што вас пабілі й нанесьлі цялесныя пашкоджанні, Вы будзеце падаваць скаргу ў суд?
Анатоль Лябедзька: Мы абмяркоўвалі гэта з маімі калегамі. Скаргу падаць не складана, але я ведаю, якія будуць наступствы. Бо ўжо былі такія сытуацыі, калі пасьля больш жорсктага зьбіцьця падчас правядзеньня рэфэрэндума, дзе гэта было зафіксавана на плёнку й прад`яўлена, як доказ. Тым ня менш, пракуратура прыпыніла разгляд крымінальнай справы. Таму ў мяне няма абсалютна ніякіх спадзяваньняў. Бо гэта ж паводзіны такога банд-фарміраваньня, дзе кожны выконвае сваю функцыю. Звяртацца можна туды, дзе дзейнічае Канстытуцыя й закон, дзе існуюць такія паняцьці, як сумленьне й гонар. А калі гэтага няма, то гэта толькі фіксацыя ў фармаце нейкага зварота й не больш таго.
У такім выпадку паўстае ўражаньне, што ўсе гэтыя здекі адносна Вас, адносна іншых палітычных дзеячаў могуць застацца бязкарнымі. А дзе можна знайсьці нейкую справядлівасьць?
Анатоль Лябедзька:Вось чаму я й выступаю ініцыятарам правядзення міжнароднага грамадзкага суду, які павінен разглядаць гэтую сытуацыю, запрашаць сьведкаў, ў тым ліку й тых, хто прадстаўляе ўладу. Рыхтаваць абвінавачаньні па ўсіх пунктах і ўсё гэта фіксаваць у судовых справах. Менавіта гэта будзе мець і рэзананс, і юрыдычную перспэктыву.
Анатоль Лябедзька запэўніў, што Аб`яднаная грамадзянская партыя будзе ладзіць вулічныя акцыі як мінімум два разы ў месяц.
Караліна Русіновіч, БС РП, Варшава