http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=36695

„Расейскія акупанты” супраць А. Пушкіна

18.05.2006
12 траўня ўвечары да беларускага мастака й пэрформэра Алеся Пушкіна прыйшло некалькі міліцыянтаў. Што яны шукалі? Чорную фарбу і ўлёткі з антырасейскімі тэкстамі.

Пра "дзіўны", як кажа Алесь Пушкін, ператрус распавядае сам мастак.

А. Пушкін:
У прысутнасьці суседзяў яны пачалі рабіць ператрус у маёй хаце. Гадзіны тры яны шукалі вельмі дакладна. Перагледзелі кожную кнігу, здымалі абразы, глядзелі на печы, потым перайшлі ў хлеў, лазьню, лазілі на гарышча, у пограб. Яны чамусьці шукалі чорную фарбу. Я зьдзіўляўся, што нават за абразамі. Яшчэ шукалі ўлёткі антырасейскага зьместу. Але вельмі дзіўным чынам у пратакол вобыску запісана:

„Забралі: 1. Брашура пра маскоўскі рэжым Зянона Пазьняка. 2. Брашура "Расейска-беларуская вайна" Зянона Пазьняка. 3. Газэта "Беларуская салідарнасьць". 4. Налепкі з напісам "Дзень памяці паўстанцаў 1983 года". 5. Пачка клею для шпалераў. 6. Газэта "Наша Ніва", часопіс "Архэ".”

Вось такія дзіўныя рэчы яны вынесьлі ў мяне з хаты. Тут жа мяне пасадзілі ў машыну й даставілі ў аддзел міліцыі. Там мне сказалі, што ў ноч з 9 на 10 траўня, у 61-ю гадавіну Перамогі невядомыя злачынцы аблілі чорнай фарбай бюст героя Савецкага Саюзу Васіля Чэпетарова й наляпілі ўлёткі: "Далой расейскіх акупантаў зь дзяржаўных пасадаў Незалежнай Рэспублікі Беларусь." Мяне пыталі, ці я маю да гэтага дачыненьне. Я расказаў, дзе я знаходзіўся ў гэтыя дні, а быў я ў Менску. Тым ня менш мяне не адпусьцілі й на 3 дні пасадзілі ў камэру. На трэці дзень я адмовіўся есьці, пакуль мне не патлумачаць, за што пасадзілі.

У панядзелак мяне павялі на суд. Аказалася, што дырэктар гэтай школы падала на мяне заяву. Яна з мужам служыла ў нашым гарадку падчас вайны. Калі спадар Шушкевіч аддаў назад Расеі ракеты, якія ў нас знаходзіліся, ён забыўся аддаць людзей, якія там служылі, гэтых расейскіх акупантаў. Яны ўсе тут пазаставаліся й пазаймалі ўсе важныя пасады. Вось і адна зь іх стала дырэктарам нашай школы. Я ёй казаў некалькі разоў: "Яўгенія Аляксееўна, гэта несправядліва. Вы, руская акупантка, знаходзіцеся на дзяржаўнай пасадзе. А мае сябры, настаўнікі, прадаюць на рынку апельсіны. Яна ў прысутнасьці сьведкаў мяне выслухоўвала й выганяла. Ня раз казала, што падасьць на мяне ў суд. Так і атрымалася. Заяву яна матывавала тым, што тэкст на наклееных улётках цалкам адпавядаў словам, якія я гаварыў у школе.

Але на судзе я задаў ім вельмі цікавае пытаньне: „Хто падняў меч, хто засадзіў за краты мастака, які жыве на зямлі сваіх прадкаў, моліцца Богу, гадуе сына, піша абразы, хто адабраў на тры дні ў сына бацьку, у жонкі мужа? Чаму вы прыехалі на нашую зямлю са сваёй злой воляй, каб камандаваць? Вы ненавідзіце нашую культуру, ня ведаеце нашай мовы! Прачытайце, калі ласка, хоць адзін верш Максіма Багдановіча ці Янкі Купалы, вы, дырэктар Бобрынскай беларускай школы.”

Судзьдзя ўсё выслухаўшы нічога мне не прысудзіў. Справу адправілі на перагляд. Дагэтуль міліцыя ня можа знайсьці гэтых таемных людзей, якія аблілі фарбаю помнік расейскага жаўнера.

Як сказаў Алесь Пушкін, гэта ўнікальнае здарэньне на тэрыторыі цэлай Беларусі. Разгляд гэтай справы знаходзіцца пад асабістым кантролем міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзіміра Навумава.

Алена Пытэль