http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=36876

Міжнародны тыдзень зьніклых

23.05.2006
Апошні тыдзень траўня UNESKO аб'явіла Міжнародным тыднем зьніклых людзей. Гэта вельмі важнае рашэньне для Беларусі, бо ў гады 1999-2000 у краіне зьніклі 4 вядомыя асобы: Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі й Дзьмітры Завадзкі. Гаворыць вядомая беларуская адвакат Вера Страмкоўская.

В. Страмкоўская: Як праваабаронца, я лічу, што гэта неабходна для ўсіх нас – памятаць пра тое, што адбываецца з намі, з нашымі блізкімі, ды тое, што адбываецца ў нашай краіне. Гэта наша гісторыя, нашыя крокі да дэмакратыі. Гэтая праблема прымушае задаць пытаньне: ці сытуацыю ў нашай краіне можна назваць выконваньнем канстытуцыйных нормаў і дэмакратычных прынцыпаў?

Такое мерапрыемства неабходнае, бо калі мы яшчэ памятаем, калі мы разумеем дадзеную праблему, то мы можам нешта зрабіць, штосьці зьмяніць у гэтай сытуацыі. Калі гэтага ня будзе ўжо на памяці людзкой, то будзе вельмі дрэнна.


Нагадаем, былы міністар унутраных справаў, генэрал міліцыі Юры Захаранка быў выкрадзены ўвечары 7 траўня 1999 г. Першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар ды ягоны сябра, прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч Анатоль Красоўскі зьніклі 16 верасьня 1999 г. Журналіст Дзьмітры Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 г.

Патрабаваньні выявіць праўду пра гэтыя зьнікненьні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Эўразьвязу, Камісіі ААН па правох чалавека, Парляманцкай Асамблеі АБСЭ. Але беларускія ўлады ня робяць нічога ў гэтым напрамку. Тым ня менш, афіцыйны Менск і так будзе вымушаны далучыцца да адзначэньня Міжнароднага тыдня зьніклых, лічыць Вера Страмкоўская.

В. Страмкоўская: Беларусь, як самастойная дзяржава, ратыфікавала й падпісала статут ААН. Таму зараз, калі адзначэньне Міжнароднага тыдня зьніклых будзе адбывацца на падставе рашэньня ААН, Беларусь павінна ўдзельнічаць у гэтым. Гэта адзін з абавязкаў нашай краіны – удзельнічаць у акцыях, ініцыятарам якіх зьяўляецца Арганізацыя аб'яднаных нацыяў.

Застаецца спадзявацца, што, дзякуючы дадзенай ініцыятыве UNESKO, беларусы змогуць яшчэ раз убачыць той боль, які носяць у сабе сем'і зьніклых, а беларускія ўлады ня будуць жорстка падаўляць акцыяў у памяць зьніклых.

Эльвіра Богдан