http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=37005
Зьнішчэньне старажытнай Горадні
25.05.2006
Беларускія гісторыкі, студэнты й працаўнікі культуры напісалі ліст да інтэлектуалаў усяго сьвету з просьбаю дапамагчы спыніць разбурэньні старадаўняга гістарычнага гораду Горадня. Гэты ліст, як пішуць аўтары, зьяўляецца апошнім шанцам выратаваць славуты гістарычны цэнтар Горадні, бо ўсе іншыя сродкі былі выпрабаваныя й не далі плёну.
Гісторык Юры Гардзееў, які шмат гадоў займаецца спадчынай Гарадзеншчыны, кажа, што ліст зьяўляецца вынікам барацьбы за захаваньне гістарычнага „твару” гораду.
Ю. Гардзееў: Задума напісаць ліст зьявілася даўно. Гэта вынік барацьбы гісторыкаў, археолягаў, краязнаўцаў, студэнтаў супраць таго, што робіцца ў Горадні. Улады гораду вырашылі заняцца рэканструкцыяй Горадні. Забрукавалі славутай краснасельскай пліткаю ўсе вуліцы, потым узяліся за парк з XVIІІ стагодзьдзя, зь яго зрабілі парадны пляц.
Горадня - гэта фактычна адзіны беларускі горад, у якім захавалася старадаўняя сярэднявечная планіроўка. А намеры ўладаў зьнішчаюць гэтую канструкцыю. Нечакана ў цэнтры пачаліся працы, зьявіліся экскалатары, тэхніка й пачалі разбураць археалягічны слой. Улада не разумее, што гэтага нельга парушаць, што трэба правесьці археалягічныя раскопкі. Бо ані ратуша, ані цэнтар гораду ня быў грунтоўна дасьледаваны. Чаго мясцовыя чыноўнікі не чакалі, дык гэта абурэньня студэнтаў і гісторыкаў. Да старшыні аблвыканкаму Саўчанкі пачалі сыпацца лісты, у інтэрнэце зьявілася старонка – www.grodnoproblem.km.ru. Некаторыя асобы адносяцца да гэтай праблемы як да выключна мясцовай, гарадзенскай, але на гэта трэба паглядзець значна шырэй. Абавязак гарадзенцаў, абавязак мясцовай інтэлігенцыі - захаваць гістарычную спадчыну, не дапусьціць да яе зьнішчэньня. Мы чакаем прынамсі на такую маральную падтрымку. Цудоўна было б, калі б хтосьці з Заходняй Эўропы зьвярнуўся да гарадзенскіх уладаў.
Алесь Белы, мэнэджэр адной зь менскіх фірмаў, падкрэсьлівае, што гэтыя намаганьні ня маюць палітычных асноваў. Ёсьць група людзей неабыякавых да лёсу самага знакавага гораду Беларусі.
А. Белы: Ёсьць група людзей, якія хочуць абараніць Горадню. Гэта ж самы знакавы горад з пункту гледжаньня захаваньня гістарычнай спадчыны. Горад павінен быць агульнанацыянальным праектам, трэба давесьці да сьведамасьці паспалітага беларуса, што такое Горадня, чым яна зьяўляецца для краіны. Гэта не палітычная рэч, гэта адчуваньні некалькіх дзясяткаў людзей, якім балюча за горад. Горадня здаецца быць непатрэбнай уладам Беларусі, гэта самы бедны з абласных цэнтраў. Хацелася б зьвярнуць увагу, што горад не атрымлівае ані кваліфікаванай археалягічнай, ані горадазнаўчай экспэртызы, каб максымальна захаваць дух сталічна-каралеўскага гораду XVI-XVIII стагодзьдзяў, які меў вялікую славу.
Юры Гардзееў лічыць, што кожны тэлефонны званок, кожны ліст, накіраваны да мясцовых уладаў, можа спыніць разбурэньні Горадні. Таму аўтары вельмі разьлічваюць на дапамогу краінаў, якія ўмеюць дацаніць гістарычную спадчыны сваіх гарадоў.
Усю неабходную інфармацыю можна знайсьці на старонцы www.grodnoproblem.km.ru.
Алена Пытэль