http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=37483
Канвэнцыя ААН па ахове ад неспадзяваных зьнікненьняў
05.06.2006
19 чэрвеня ў Жэневе пачнецца першая сэсія Рады ААН па правох чалавека. Сем`і загінулых па палітычнах матывах людзей з розных краін сьвету , у тым ліку й зь Беларусі, скіравалі адкрыты ліст чальцам Рады па правох чалавека, у якім выказалі спадзяваньне, што чальцы Рады на першым паседжаньні прымуць Канвэнцыю ААН па ахове ўсіх людзей ад неспадзяваных зьнікненьняў. Нагадаем, некалькі гадоў таму ў Беларусі загінулі дзеячы апазыцыі: Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі ды журналіст Дзьмітры Завадзкі.
Да ААН зьвяртаюцца розныя грамадзкія ініцыятывы з рознымі прапановамі, - кажа Ўладзімер Шчэрбаў з прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
Гэта тое месца, дзе можна складаць розныя прапановы ў любых галінах па правох чалавека. Іншая справа, ці ААН прыме пад разгляд тое ці іншае пытаньне. Дарэчы, справа неспадзяваных знікненьняў людзей – гэта ўжо ня новае пытаньне.
Уладзімер Шчэрбаў: Тое, што ініцыятыва прапаноўвае прыняць адмысловую ААН-аўскую канвэнцыю "Аб абароне асобаў ад недабравольнага зьнікненьня" - гэта кадэфікацыйны працэс ўу рамках ААН ідзе, пачынаючы з 1948 году, калі была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. З таго часу было распрацавана пад эгідай ААН больш за 50 рознага кшталту дакумэнтаў. Недабраахвотныя зьнікненьні - гэта таксама тэма, якой ААН займаецца досыць шчыльна. Гэтая тэма ўпершыню прагучала ў рамках ААН у 80-я гады, калі падымалася пытаньне аб недабравольных зьнікненьнях. Гэта была праблема ў шматлікіх краінах Паўднёвай Амэрыкі ў той час, і зараз гэты працэс кадэфікацыі правоў чалавека дасягнуў вялікай ступені. Таму што шмат у якім напрамку прынятыя дакумэнты. І ўжо ёсьць меркаваньні, што трэба спыніць гэты працэс, бо ўжо хапае дакумэнтаў. Трэба сканцэнтравацца на выкананьні гэтых міжнародных стандартаў . Існуе ААН-аўскі зборнік стандартаў у галіне правоў чалавека, і ў свой час была прынятая дэклярацыя аб абароне ўсіх асобаў ад недабравольных зьнікненьняў. Яна была прынятая рэзалюцыяй Гэнэральнай Асамблеі ААН у сьнежні 1992 году. І гэтая дэклярацыя адлюстроўвае заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці, што такая праблема існуе, і што краіны - чальцы ААН - павінны прымаць адпаведныя меры. Але ж гэта дэклярацыя... Калі ёсьць канвэнцыя, якая зьяўляецца абавязковай для тых краін, якія ў ёй удзельнічаюць, то, зразумела, што гэта больш моцнае. Вось ёсьць людзі, актывісты, якія лічаць,што трэба прыняць канвэнцыю. Ну й гэтае пытаньне хутчэй за ўсё будзе нейкім чынам разгледжана Радай, таму што ААН-ам быў прызначаны спэцыяльны дакладчык, таму пытаньне будзе абмяркоўвацца. А якая хада будзе дадзеная гэтым прапановам -будзем глядзець.
Таксама трэба памятаць пра тое, што ўсё залежыць ад унутранага палітычнага становішча той ці іншай дзяржавы, - дадае Ўладзімер Шчэрбаў.
Уладзімер Шчэрбаў: ААН - гэта пляцоўка, дзе краіны дамаўляюцца, як яны будуць паводзіць сябе ў адносінах адна да другой і таксама ў адносінах да сваіх уласных грамадзянаў. І, урэшце, увесь міжнародны кодэкс правоў чалавека - гэта менавіта, калі дзяржавы абавязваюцца адна перад другой, што яны будуць паводзіць сябе ў дачыненьні да сваіх грамадзян цывілізавана. Будуць бараніць і гарантаваць іх правы. Але галоўнае ў тым, што пазыцыя залежыць ад самой краіны. Бывае краіна - ўдзельнік дамовы, але рэальна не забясьпечвае правоў сваім грамадзянам. А бывае надварот, фармальна краіна можа ня ўдзельнічаць у міжнароднай дамове, але, па сутнасьці, праводзіць унутраную палітыку, якая забясьпечвае досыць вялікую ступень абароны гэтых правоў. Краіны абмяркоўваюць гэтую праблему ў ААН, значыць, яны ўсьведамляюць, што гэта даволі істотная праблема. Ну, а як яны будуць вырашаць яе на сваім ўзроўні - гэта ўжо нейкая палітычная гатоўнасьць паляпшаць сытуацыю. Ведаеце, ёсьць розныя краіны, і не ва ўсіх краінах добры рэкорд у галіне правоў чалавека. Але гэта хутчэй унутранае пытаньне, чым зьнешняе. ААН можа нешта меркаваць на гэты конт, але ўсё залежыць ад таго, як ідзе працэс у самой краіне. Сытуацыя ў Беларусі з глябальнага пункту гледжаньня не на столькі жудасная, як з эўрапейскага. Не самая жудасная, параўноўваючы сытуацыю ў нейкіх іншых краінах, дзе бывае генацыд. З Суданам не параўнаць. Беларусь далучаюць да гэтага раду: Зімбабвэ, Паўночная Карэя, Куба й гэтак далей. Вось так цынічна разважаючы, ня ўсё ў нас добра, але ж не да такой ступені.
Трэба дадаць, што адкрыты ліст да чальцоў Рады па правох чалавека ААН падпісалі асацыяцыі сем`яў загінулых і ахвяраў палітычных рэпрэсіяў з розных краін сьвету, у тым ліку грамадзянская ініцыятыва зь Беларусі „Мы памятаем”.
Караліна Русіновіч