http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=37690

Хто ня зможа ўехаць у Беларусь?

09.06.2006
Беларускія ўлады стварылі сьпіс асобаў з Эўразьвязу й ЗША, якім забаронены ўезд у Беларусь. Прозьвішчы гэтых людзей аднак не вядомыя.

Намесьнік cтаршынi Аб'яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова лічыць, што гэта змабілізуе сілы міжнароднай супольнасьці да барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі.

Л. Гразнова: Гэтага можна было спадзявацца. У дыпляматыі гэта называецца адказам Чэмбэрлена. Канешне, гэта не спрыяе выхаду дзяржавы зь ізаляцыі. Таму мне здаецца, што гэта дасьць нашай уладзе да зразуменьня, што трэба мяняць палітыку, а не рабіць адказы Чэмбэрлена, тым самым заганяючы сябе ў кут. Можа прадстаўнікі дэмакратычнай Эўропы й не прыедуць у Беларусь, але будзе горш толькі самой Беларусі. Нічога ня зьменіцца, але беларускія чыноўнікі разам зь сем'ямі таксама ня змогуць нікуды паехаць.
Беларускія праблемы ня вырашацца такім чынам.

Я спадзяюся, што гэта паўплывае на больш актыўную палітыку адносна Беларусі. Бо да гэтай пары яе не праводзілі. Можа эўрапейская супольнасьць адчуе ўрэшце сваю адказнасьць і пяройдзе ад заяваў да канкрэтных дзеяньняў. Я маю на ўвазе інфармацыйны ўплыў на беларускае грамадзтва. Мы ўжо ня першы год гаворым пра міжнароднае тэлебачаньне на тэрыторыі Беларусі. Можа ўрэшце эўрапейскія палітыкі зразумеюць, што гаворку зь беларускім рэжымам трэба весьці інакш.


Чалец дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Беларусь Барбара Кудрыцка зьвяртае ўвагу, што сьпіс ёсьць, але няма канкрэтных людзей.

Б. Кудрыцка: Стварэньне сьпісу людзей, прозьвішчы якіх не называюцца, на маю думку, зьяўляецца даволі-такі дзіўным рашэньнем. Дзіўнае, бо калі гэта мае быць адказ на забарону ўезду ў Эўразьвяз функцыянэрам рэжыму Лукашэнкі, імёны й прозьвішчы якіх пералічаныя, то службы Міністэрства замежных справаў Беларусі павінны назваць асобы, адносна якіх гэтыя санкцыі ўведзены. Таму я заклікаю, каб імёны й прозьвішчы гэтых людзей сталі вядомымі. Калі невядома, каго гэтыя санкцыі датычаць, то ніхто з нас не адчувае на сабе адмоўнай трактоўкі. А я думаю, што шмат асобаў, у тым ліку дэпутаты Эўрапарлямэнту, чальцы беларускіх дэлегацыяў надалей будуць мець праблемы зь цяперашнім урадам Беларусі, бо нябачна пераменаў у абароне правоў чалвека й разьвіцьці незалежных СМІ.

Дэпутат партыі "Грамадзянская плятформа" Браніслаў Камароўскі кажа, што на эўрапейскіх палітыкаў гэтае рашэньне не паўплывае, бо яны часьцей езьдзяць на Захад, а не ў Беларусь.

Б. Камароўскі: Зразумела, што беларускія ўлады маюць права так зрабіць. Толькі ўзьнікае пытаньне, чаму гэта служыць. Напэўна не спрыяе дэмакратыі, а толькі наадварот. Я лічу, што мы безупынна павінны павялічваць свой сьпіс беларускіх чыноўнікаў, пашыраць яго новымі асобамі разам зь іхнымі сем'ямі, ні ў якім выпадку не зьмяншаць. Канешне, прэзыдэнт Лукашэнка будзе ствараць выгляд, што адпавядае такімі самымі дзеяньнямі. Праблема толькі ў тым, што людзі зь беларускай адміністарацыі хочуць ехаць на Захад у значна большай ступені, чым эўрапейскія ў Беларусь.

Сам дэпутат не пераймаецца тым, што можа апынуцца ў ліку „неўязных” асобаў у Беларусь. Камароўскі зазначыў, што ён часьцей езьдзіць на Захад, а ў Беларусь ахвотна паедзе, калі яна будзе дэмакратычнай краінай.

Алена Пытэль