http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=37944

На “хімію” за "паклёп на прэзыдэнта"

16.06.2006
Мікалая Разумава асудзілі на тры гады. Вырок былому аршанскаму рабочаму вынесены паводле 367-га артыкулу Крымінальнага кодэксу на падставе выказваньняў сьведкаў і відэазапісу сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам, якая адбылася 24-га лютага.

Прамова Мікалая Разумава была зьнятая апэратарам мясцовай тэлекампаніі “Скіф”. Такім чынам было зафіксаванае ягонае публічнае выказваньне, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да зьнікненьня Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара. Суд кваліфікаваў гэта як “паклёп на прэзыдэнта”. У выніку, тры гады “абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу”, інакш кажучы, на “хіміі”.

Адвакат Павел Сапелка:

Сапелка: У межах санкцыяў гэта дастаткова суровае пакараньне. Хоць было прааналізавана ягонае сямейнае становішча й прадастаўленыя характарыстыкі. Цяпер можна падаваць скаргу ў касацыйную інстанцыю. Што мы й будзем рабіць. Прысуд уступіць у сілу пасьля таго, як будзе разгледжаны судом касацыйнай інстанцыі. Гэта зойме час прыкладна ад аднаго месяца да двух.

Паводле вынікаў псыхіятрычнай экспэртызы, праведзенай у менскай клініцы Навінкі, Мікалай Разумаў на той момант, калі выказваўся, быў у цалкам сьвядомым стане. Тым часам на судзе ён заявіў, што не памятае ані тае сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі, ані ўвогуле падзеяў таго дня. І таму сваёй віны не прызнае. Ад 14-га сакавіка Мікалай Разумаў знаходзіўся пад вартай.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі:

Бяляцкі: Праваабаронцы сочаць за ўсімі выпадкамі пакараньняў па атрыкуле “паклёп на прэзыдэнта”. Гэта ўжо далёка ня першы ў Беларусі выпадак. Але Разумаў атрымаў найбольш суровы прысуд. Гэта не зразумела. Адвакат падасьць касацыйную скаргу, а мы будзем дапамагаць ягонай сям’і. У іх месяц таму нарадзілася трэцяе дзіця.

У Воршы Мікалая Разумава памятаюць як рабочага лідэра. На пачатку 90-х гадоў ён вывеў працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў на рэйкі на знак нязгоды з сытуацыяй у краіне. Гэта, па сутнасьці, быў адзін зь першых працоўных страйкаў у Беларусі.

Па тым самым артыкуле, што й Мікалай Разумаў, быў пакараны й адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту Віктар Івашкевіч, які атрымаў 2 гады “хіміі”:

Івашкевіч: З кожным разам рэакцыя ўлады робіцца ўсё больш нэрвовая, таму й тэрміны пакараньняў большыя. Нехта ж ініцыяваў гэтую справу. Справу па артыкуле “паклёп на прэзыдэнта” ўзбуджае пракуратура па факце. Але нехта з паслугачоў улады падаў гэты факт.

Ганна Гарачка