http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38447
Гарачая пара для абітурыентаў
27.06.2006
Найлепшыя выпускнікі Вышэйшых навучальных установаў Беларусі, а гэта каля 250 чалавек, зьехаліся сёньня ў Менск. Яны возьмуць удзел у традыцыйным выпускным балі ў Палацы Рэспублікі. Можна сказаць, атрымаюць пуцёўку ў жыцьцё. А вось для абітурыентаў пачынаецца гарачая пара, таму што пачынаюцца ўступныя экзамены ў Вышэйшыя навучальныя установы. На жаль, штогод уводзяцца нейкія новыя правілы прыёму, якія не заўжды дазваляюць выбраць найлепшых, - кажа прафэсар БДУ Ала Сакалоўская.
Ала Сакалоўская: Працуючы са студэнтамі шмат гадоў, я бачу, як падае ўзровень іх падрыхтаванасьці. Таму, што ўвесь час адбываюцца нейкія рэформы, кожны год мянаяюцца пляны, мяняецца колькасьць гадзін. Сёньня пануюць нейкія такія спажывецкія тэндэнцыі: возьмуць - ня возьмуць. На ўступных экзаменах гэтых дзяцей трасуць, усё перавялі на тэставаньне. А ў выніку - што мы атрымліваем? Мы атрымліваем вельмі непадрыхтаваных, непісьменных людзей. Мы ж гаворым і пішам ня тэстамі, а тэкстамі. А можна ж ткнуць пальцам і патрапіць у правільны адказ. Насамрэч, моладзь мае вельмі абмежаваны слоўнікавы запас, яны ня ведаюць элемэнтарных словаў, значэньня гэтых словаў, я ўжо не кажу пра канструкцыі сказаў. А моладзь нават гэтага не заўважае.
Згодна зь беларускай Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае права на бясплатную адукацыю. Аднак жа паняцьце бясплатнай адукацыі ў Беларусі можна сьмела ўзяць ў двухкосьсе, - кажа каардынатар праекту „studenty.by” Вольга Кузьміч.
Вольга Кузьміч : Дзяржава выкручвае гэты панятак на свой лад і таму існуе такая сыстэма, як прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў. І сама адукацыя, яна насамрэч не бясплатная, бо атрыманая за сродкі зь бюджэту, а гэта значыць за падаткі нашых бацькоў. А разьмеркаваньні адбываюцца ў нейкія вёскі, напрыклад, у Чарнобыльскую зону, дзе сапраўды не хапае настаўнікаў і мэдыкаў. Але ў цывілізаваных краінах гэтая праблема вырашаецца праз тое, што людзі, якія едуць працаваць у малазабясьпечаныя раёны, атрымліваюць большы заробак. А ў нашай краіне ўсё адбываеццца прымусова. Згодна з законам аб разьмеркаваньні, дзяржава мусіць забясьпечваць сацыяльныя гарантыі маладым спэцыялістам, у тым ліку й жыльлё. У практыцы гэта выглядае такім чынам, што яны вымушаныя здымаць пакойчык у нейкай бабулькі й атрымліваць мізэрны заробак. А калі нехта адмовіцца ехаць па разьмеркаваньні, то вымушаны вярнуць грошы за пяцігадовую "бясплатную " адукацыю, што выносіць каля 5 тысяч эўра. Гэта сапраўдная эўрапейская стаўка, вось толькі ўзровень адукацыі, на жаль, зусім не эўрапейскі.
Апошнім часам можна назіраць, што ўсё часьцей беларускія абітурыенты выбіраюць навучаньне за мяжою, тым больш, што эўрапейскія й амэрыканскія навучальныя ўстановы даюць такую магчымасьць і прызначаюць розныя стыпэндыі. Таксама існуе меркаваньне, што замежны дыплём больш прэстыжны, а таксама сьведчыць пра добрае валоданьне замежнаю мовай.
Караліна Русіновіч