http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38505

"Турэмнае падарожжа" з Горадні ў Глыбокае.

28.06.2006
Грамадзка-палітычны актывіст Сяргей Ляшкевіч пераведзены з гарадзенскай турмы ў Глыбокае. Менавіта там адбываюць пакараньне асуджаныя да турэмнага арышту. Прыгадаем, што ў палове траўня Шчучынскі суд асудзіў Сяргея Ляшкевіча на пяць месяцаў турэмнага зьняволеньня. Прысуд вынесены паводле новага крымінальнага артыкулу - нібыта за падрыхтоўку масавых беспарадкаў падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Ляшкевіч ужо адсядзеў больш за палову прысуду й хадайнічае аб датэрміновым вызваленьні.

Магчымасьць датэрміновага вызваленьня, канешне, існуе, - кажа старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі: Тэарэтычна, яна існуе. Бо мы бачылі, як у Менску вызвалілі Юрыя Радзівіла, які быў асуджаны да 3 месяцаў арышту, адсядзеў 1,5 і быў выпушчаны ў палове тэрміну. Таму нейкая доля верагоднасьці таго, што так можа адбыцца, існуе.

Скажыце, калі ласка, праваабарончы цэнтар "Вясна " робіць нейкія намаганьні, каб дапамагчы С.Ляшкевічу?

Алесь Бяляцкі: У дадзеным выпадку нашыя магчымасьці дастаткова абмежаваныя, апроч таго, што мы, канешне, падтрымліваем яго харчамі й мэдычнаю дапамогаю.

На сёньняшні дзень хто можа яму рэальна дапамагчы?

Алесь Бяляцкі: На сёньняшні дзень яму ніхто ня можа рэальна дапамагчы.

Застаецца толькі спадзявацца,што ўлады зьлітуюцца над ім?

Алесь Бяляцкі: Натуральна, таму што ўсё залежыць цалкам ад гэтай сыстэмы, у якой ён зараз знаходзіцца - камітэт па выкананьні абавязкаў. Звычайна гэты камітэт разглядае вось такія просьбы аб скарачэньні тэрміну зьняволеньня. Як мне падаецца, што датычыць палітычных зьнявольленняў, то самі яны такіх рашэньняў не прымаюць, а кіруюцца падказкамі зьверху. І таму, на сёньняшні дзень, адзінае, што застаецца - гэта проста чакаць.

Узгадаем, што Сяргей Ляшкевіч быў кіраўніком выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах па Шчучынскім раёне.

Караліна Русіновіч