http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38598
Свабоду Казуліну
30.06.2006
Надоечы дзеячы арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву"зьвярнуліся да Amnesty International з просьбай прызнаць былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня. Учора вядомыя палітыкі, праваабаронцы, юрысты, сацыёлягі ды лідэры грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі прадпрынялі чарговы крок на шляху да вызваленьня А.Казуліна - стварылі камісію ў абарону кіраўніка Грамады. Сёньня праходзіць абмекаваньне дэклярацыі - закліку да міжнароднай грамадзкасьці, каб яна аказвала падтрымку вязьням сумленьня ў Беларусі.
Як сказаў нашай рэдакцыі адзін з чальцоў камісіі, намеснік АГП Ігар Шынкарык, тэкст дэклярацыі будзе зьмешчаны ў бліжэйшым выданьні "Народнай Волі" ды ў іншай незалежнай прэсе. Аднак наш суразмоўца ня верыць, што чарговая дэклярацыя можа дыямэтральна зьмяніць лёс арыштаванага лідэра БСДП Грамада.
Шынкарык: Я б вельмі хацеў, каб яна нешта дала, але баюся, што гэта будзе чарговы заклік да ўладаў, і ня больш таго. Вы ведаеце, хто прымае рашэньні ў нашай краіне – для іх на адну паперу больш ці менш – гэта няважна.
У сваю чаргу адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч мяркуе, што дэклярацыя можа й не паўплывае на рашэньне суду падчас працэсу Казуліна, але важна паказаць уладам, што беларуская ды міжнародная грамадзкасьць неабыякавая да лёсу людзей, асуджаных па палітычных матывах.
Рынкевіч: Мне цяжка сказаць, наколькі дэклярацыя паўплывае на вэрдыкт суду, паколькі суд у нас - будзем меркаваць - незалежны й справядлівы, але ў кожным выпадку зацікаўленьне грамадзкасьці справай, ды кантроль над ёю вядомых людзей і арганізацый будзе нейкім чынам дысцыплінаваць і самога судзьдзю, і судовую сыстэму. Праца камісіі - гэта жэст у бок уладаў, што грамадзяне сочаць за іх працай. Дарэчы, справа Казуліна першая падобная ў Беларусі - упершыню кандыдат у прэзыдэнты прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Падчас выбарчай кампаніі назіраліся жорскія парушэньні нормаў як пры затрымцы Казуліна, так і пры перанясеньні яго ў іншы ізалятар. Людзі, якія працуюць над дэклярацыяй, мяркуюць, што няма падставаў да асуджэньня Аляксандра Казуліна. На маю думку, справа Казуліна нейкім чынам стала каталізатарам грамадзка-палітычных працэсаў у Беларусі.
Мяркуе адвакат А.Казуліна Ігар Рынкевіч. Дарэчы, да абароны былога кандыдата ў прэзыдэнты не была дапушчана дачка Казуліна Вольга, хаця няма падставаў, каб адмовіць у такім хадайніцтве.
Ігар Шынкарык дадае, што сама дэклярацыя - гэта замала, каб прыцягнуць увагу беларусаў да незаконных дзеяньняў уладаў. Неабходна заахвочваць людзей выйсьці на вуліцу й выказаць свой пратэст.
Шынкарык: Мы прапануем праводзіць больш рашучую кампанію “Салідарнасьць у імя свабоды” ў Беларусі. У дэклярацыі прыцягваецца ўвага хутчэй міжнароднай супольнсьці, каб яна намагалася вызваліць Казуліна. А мы зьвяртаемся з заклікам да беларускага народу прыняць удзел у акцыі, якую будзем ладзіць 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы. Калі раней мы праводзілі ланцугі неабыякавых людзей, то цяпер прапануем выйсьці з партрэтамі тых асобаў, якія альбо ўжо асуджаныя, альбо на іх заведзеная крымінальная справа. Напрыклад, у АГП гэта Клімаў, Круг, з Маладога Фронту ўчора мы праводзілі Фінькевіча на “хімію”. У кожнай структуры ў Беларусі ёсьць людзі, прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за сваю дзейнасьць.
Натальля Грышкевіч