http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38640

Беларусь далучыцца да “Дамовы аб Антарктыдзе”

01.07.2006
Беларусь мае намер далучыцца да “Дамовы аб Антарктыдзе”. Такое рашэньне было прынятае 29 чэрвеня бягучага году на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі. Падпісаньне дамовы дазволіць беларускаму боку прымаць удзел у дасьледаваньнях на паўночным мацярыку, а ў пэрспэктыве - стварэньне ўласнай станцыі на Антарктыдзе.

“Дамова аб Антарктыдзе” прадугледжвае выкарыстаньне гэтай часткі сьвету выключна ў мірных мэтах. Пагадненьне было ратыфікавана ў 1959 годзе ў Вашынгтоне. Першапачаткова яго падпісала 12 краін-удзельніц, на дадзены момант дакумэнт ратыфікавала 45 краінаў, зь якіх 28 мае свае навуковыя станцыі на сёмым кантынэнце. Галоўнаю мэтай дадзенай дамовы зьяўляецца выкарыстаньне Антарктыды ў інтарэсах усяго чалавецтва. Забараняюцца любыя атамныя выбухі ды захоўваньне радыеактыўных матэрыялаў на тэрыторыі мацярыка.

Беларусь цяпер разглядае пытаньне аб далучэньні да гэтай дамовы. Варта зазначыць, што менавіта беларус Уладзімер Карпюк зафіксаваў у 1983 годзе на станцыі “Усход” мінімальную тэмпэратуру на плянэце - мінус 89,2 градусы паводле шкалы Цэльсія. А ў 1989 годзе беларус Аляксей Гайдашаў на станцыі “Ленінградская” – наймацнейшы на зямлі вецер - 78 мэтраў на сэкунду.

Пра мэтазгоднасьць стварэньня ўласнай станцыі ў Антарктыдзе распавядае географ Уладзімер Міхневіч.

У. Міхневіч: “Падпісаньне дамовы пра навуковае дасьледаваньне Антарктыды беларускім бокам зьяўляецца гістарычным момантам. З былых рэспублікаў Савецкага Саюзу Беларусь трэцяй мае амбіцыі закласьці там уласную дасьледчыцкую станцыю. Гэта пераломны момант, бо кошты ўтрыманьня такой станцыі вельмі вялікія. Ня кажучы ўжо пра тое, што апаратура, навуковыя прыборы ды звычайная тэхніка павінны вытрымліваць вельмі нізкія тэмпэратуры. Нават як навуковы досьвед - гэта вялікі крок. Тым больш, якраз зараз Антарктыда перажывае цікавыя часы. У сувязі з глябальным ацяпленьнем ацяпляецца й Антарктыда. Зараз паўночныя яе часткі найбольш цёплыя й прыязныя для жыцьця. На некаторых зь іх ужо знаходзяцца сталыя месцы пражываньня звычайных жыхароў, для прыкладу, з такіх краінаў як Чылі ды Аргентына. Такім чынам - гэта гістарычны пэрыяд для пачатку дасьледчыцкай дзейнасьці. Гэты крок будзе вымагаць вялікіх фінансавых выдаткаў, але ён вельмі патрэбны беларускай навуцы”.

Міхневіч сумняецца, што падобны праект можа ў хуткім часе прынесьці Беларусі карысьць:

“Перш за ўсё гэта былі б карысьці навуковыя. Нават беручы пад увагу тое, што Антарктыда мае такія картысныя выкапні як нафта, вугаль, а нават золата й плятына, медзь і іншыя, то здабываць гэтыя выкапні ня мае права ніводная краіна ў сьвеце да 2048 году. Таму матэряльнай карысьці ад іх ніякай няма. Хаця можна падрыхтоўваць базу для іх разьвіцьця. Але я ўпэўнэны ў тым, што нават пасьля 2048 году гэты тэрмін могуць прадоўжыць далей, таму што ўнікальны па свайму значэньню прыродны комплекс, які знаходзіцца на Антарктыдзе, будзе проста зьнішчаны здабычай выкапняў. Прыроднае асяродзьдзе там вельмі кволае й вельмі далікатнае, таму любое ўмяшальніцтва ў прыродны комплекс Антарктыды зробіць яе непрыдатнай для біялягічных сыстэмаў, якія там знаходзяцца.

Лічыць географ Уладзімер Міхневіч.

Беларускі навуковец Юры Хадыка кажа, што такі праект Беларусі зараз непатрэбны, бо на яго рэалізацыю павінны выдаткоўвацца вялікія грошы, а гэта, паводле яго, не акупіцца.

Ю. Хадыка “На маю думку, мы не атрымаем нічога карыснага нават для іміджу, таму што каб гэты імідж быў, трэба там нешта рабіць, і рабіць для канкрэтнага выніку - навуковага ці эканамічнага. А гэта патрабуе вялікіх выдаткаў. Антарктыда - гэта ня Крым. Там кожны крок у асваеньні гэтай тэрыторыі альбо ў яе вывучэньні патрабуе ўкладаньняў. Я думаю, што гэта выключна для ўнутранага спажываньня”

Юры Хадыка лічыць, што больш карысна было б гэтыя грошы накіраваць на іншыя праекты.

Ю. Хадыка “Некалькі чалавек, якія захочуць там правесьці зіму, у нас заўсёды знойдуцца. Мы маем людзей -экстрымалаў. Але я сумняюся наконт карыснага выніку гэтага кроку. Думаю, што гэтыя сродкі лепш было б накіраваць хаця б у тую самую "сыліконавую даліну", разрэклямаваную год таму, але зараз там пакуль цішыня. Там гэтыя сродкі больш патрэбныя, і гэта было б больш рацыянальна”.

Да канца гэтага году вучоныя павінны вызначыцца зь месцам разьмяшчэньня беларускай навуковай станцыі. Сёлета з 7 лютага па 8 красавіка на Антарктыдзе пабывала першая беларуская палярная экспэдыцыя на чале з супрацоўнікам Інстытуту заалёгіі НАН Беларусі - Уладзімерам Тышкевічам. Ягонай групай было дасьледавана 11 антарктычных аазісаў. Магчымым месцам лякалізацыі беларускай станцыі можа стаць узьбярэжжа мораў Рысэр-Ларсэна ды Садружнасьці, а таксама антарктычная паўвыспа альбо адна з выспаў каля Антарктыды.

Дзьмітры Гурневіч