http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38707
Адраджэньне БXД
03.07.2006
Арганізацыйнае паседжаньне партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” адбылося 1 ліпеня ў Менску. На сустрэчу, якая адбывалася з удзелам сябраў аргкамітэту, былі абмеркаваныя бягучыя арганізацыйныя пытаньні дзейнасьці партыі. Было прынятае рашэньне пра ўдзел партыі ў мясцовых выбарах у Беларусі ў 2007 году.
Пра стварэньне новай палітычнай сілы было аб’яўлена ў Менску напрыканцы 2004 году. Як кажуць пра сябе самі стваральнікі партыі, галоўнымі каштоўнасьцямі „Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ” зьяўляюцца тры паняцьці - Бог, Чалавек, Бацькаўчшына. А асноўным правілам новай палітычнай сілы будуць хрысьціянскія прынцыпы й беларускі патрыятызм. Хрысьціянская дэмакратыя выступае за хрысьціянскія каштоўнасьці ва ўсіх сфэрах жыцьця - за сумленную , маральную ды адказную палітыку, за дзяржаву, якая стварае максымальна спрыяльныя ўмовы для росквіту сям’і й разьвіцьця асобы, за свабоду сумленьня й хрысьціянскую талерантнасьць.
Пра гісторыю ідэі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі распавядае адзін з чальцоў новай партыі Мікола Арцюхоў.
М. Арцюхоў: Беларуская хрысьціянская дэмакратыя пачала паходзіць з эўрапейскай хрысьціянскай дэмакратыі. Ідэя прыйшла ў Беларусь толькі ў 1916 годзе. У 1917 годзе ў асяродзьдзі беларускага каталіцкага духавенства аформілася Беларуская хрысьціянская злучнасьць. Фактычна да 1925 году гэта была клерыкальная партыя, складзеная са сьвятароў, што зараз неверагодна ў сувязі з тым, што сьвятарам забаронена ўдзельнічаць у палітыцы. У 1927 годзе быў альянс з праваслаўнымі хрысьціянскімі дэмакратамі. У савецкі час яе дзейнасьць была забаронена. У 1991 годзе хрысьціянская дэмакратыя паўстала ізноў. Да 1996 году яны падзяліліся на тры партыі. 1999 год паставіў кропку на іх існаваньні, паколькі яны не змаглі прайсьці перарэгістрацыі. Але на ідэі кропка не была пастаўлена. Зараз у асяродзьдзі хрысьціянаў лунае ідэя стварэньня партыі, якая б дбала пра хрысьціянскія каштоўнасьці ў структуры й палітыцы беларускай дзяржавы.
Распавёў Мікола Арцюхоў, чалец БХД ды кіраўнік моладзевай грамадзкай арганізацыі „Хаўрус сяброў”.
Сустаршыня аргкамітэту партыі Аляскей Шэін кажа, што БХД будзе дзейнічаць па прыцыпу стварэньня рэгінальных адзінак, дзякуючы пошуку новых людзей, а ня толькі тых, хто ўжо цяпер удзельнічае ў грамадзкім жыцьці.
А. Шэін: Зараз мы займаемся пабудовай арганізацыйных структураў на рэгіянальным узроўні. Мы далучаем абсалютна новых людзей да грамадзянскай і палітычнай дзейнасьці, тых, хто раней ня ўдзельнічаў у палітычным жыцьці. Бо заганай сёньняшняй палітыкі ёсьць прынцып, што сябры адной партыі могуць плаўна перацякаць у сяброў іншай партыі. Я ведаю, што партыйныя лідэры з гэтым таксама змагаюцца. Мы закранулі абсалютна новы пласт людзей і зь імі працуем. У першую чаргу - гэта людзі, якія зьяўляюцца хрысьціянамі розных канфэсіяў - праваслаўнай, пратэстанцкай і каталіцкай, але не займаліся раней палітычнай дзейнасьцю. Гэта нашая прынцыповая пазыцыя. Бо няма сэнсу драбніць тое дробнае, што зараз ёсьць. Варта займацца пошукам новых людзей і далучаць іх да актыўнай палітычнай дзейнасьці.
Шэін зазначае, што ўжо зараз колькасьць жадаючых уступіць у новую партыю збліжаецца да лічбы 1 000 чалавек.
А. Шэін: У кастрычніку мы мяркуем правесьці ўстаноўчы зьезд. Калі ўдасца, то ў Менску. Адразу пасьля зьезду адпаведна пададзім дакуманты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Зараз мы працуем прыблізна ў 25 гарадох і блізкія да той лічбы, якая патрабуецца законам, каб зарэгістраваць партыю - гэта 1000 чалавек. Думаю, што да кастрычніка іх будзе больш і яны ужо вылучаць дэлегатаў на зьезд.
Сябры аргкамітэту лічаць, што арыенцірамі ў іх дзейнасьці зьяўляецца праца такіх беларускіх дзеячоў-хрысьціянаў, як Эўфрасіньня Полацкая, Кірыл Тураўскі, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл “Чорны”, Астафій Валовіч, Язэп Руцкі, беларускія хрысьціянскія дэмакраты пачатку ХХ стагодзьдзя.
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя выступае за пабудову незалежнай, эўрапейскай, эканамічна й духоўва разьвітай Беларусі – зямлі, якую даў нам Госпад Бог – гаворыцца на афіцыйнай бачыне партыі www.bchd.info
Дзьмітры Гурневіч