http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38758
Мошчы прарока Яна Хрысьціцеля ў Менску
04.07.2006
Учора з паўночнага Каўказу ў Менск была дастаўленая найвялікшая хрысьціянская рэліквія - каўчэг з правай рукою прарока Яна Хрысьціцеля.
У нацыянальным аэрапорце “Менск 2” рэліквію сутрэлі сьвятары на чале зь Мітрапалітам Менскім ды Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філярэтам.
Фрагмэнт цела сьвятога Яна мае доўгую гісторыю. Пасьля пакутніцкай сьмерці Яна Хрысьціцеля яго цела было забранае вучнямі зь цямніцы й пахаванае непадалёк ад гораду Сэвастыя. Менавіта гэтую руку Ян усклаў на галаву Ісуса Хрыста падчас хрышчэньня ў водах Іярдану. Эвангеліст Лука меў намер перанесьці цела сьвятога ў Антыёхію, але жыхары Сэвастыі дазволілі ўзяць толькі правую руку Хрысьціцеля.
Пра трагічную гісторыю рэліквіі распавядае архімандрыт Аляксей Шынкевіч.
А. Шынкевіч: “Гісторыя гэтай дзясьніцы вельмі трагічная, як і само жыцьцё Яна Хрысьціцеля. У хрысьціянскім календары ёсьць сьвята - Прынясеньне дзясьніцы з выспы Мальта ў Гачыну, у часы імпэратара Паўлы, дзе знаходзіўся адзін з Палацаў расейскіх імпэрэтараў. І гэта дзясьніца знаходзілася ў палацавай царкве да кастрычніцкага перавароту. Пазьней яна была перавезеная за межы расейскай імпэрыі й трапіла ў палон у былую Югаславію, і доўгі час знаходзілася ў вельмі ганебным стане. Гэта гісторыя вельмі трагічная для кожнага хрысьціяніна”.
Больш за 5 тыс. вернікаў сабралася ўчора ў храме іконы Багародзіцы “Усіх Тужлівых Радасьць”, каб сустрэць сьвятую рэліквію. У Менску мошчы сьвятога Яна Хрысьціцеля будуць знаходзіцца да чацьвярга. Ужо зараз да іх адчынены кругласутачны доступ.
Айцец Шынкевіч кажа, што рэліквія была дастаўлена ў Беларусь, дзякуючы намаганьням фундуцыі сьвятога Андрэя Першазванага.
А. Шынкевіч: “Перш за ўсё гэта акцыя, якая зробленая намаганьнямі фундацыі сьвятога Андрэя Першазванага. Гэта фундацыя займаецца дамоўленасьцямі з тымі месцамі, дзе знаходзяцца найвялікшыя хрысьціянскія сьвятыні. Штогод у эфіры каналу НТВ паказваецца цуд, што адбываецца ў вялікодную суботу - сыходжаньне благадатнага агню. Некалькі год таму ў Менск прывозілася стапа апостала Андрэя Першазванага. У гэтым годзе фундацыя дамовілася з Сэцінскім кляштарам у Чарнагорыі, каб правая рука сьвятога Яна Хрысьціцеля, якая ляжала на галаве Хрыста Збавіцеля, была прывезена ў Расею, Беларусь ды Ўкраіну”.
Ён таксама заўважае, што мошчы сьвятога Яна Хрысьціцеля важныя ня толькі для праваслаўных, але й для ўсіх хрысьціянаў.
А. Шынкевіч: “Мы лічым, што гэта вялікі цуд, вялікая радасьць і духоўная падмога для праваслаўных вернікаў. Але ня толькі для праваслаўных - для ўсіх хрысьціянаў, у тым ліку й для ўсяго беларускага грамадзтва”.
Заявіў архімандрыт Аляксей Шынкевіч.
Зь ім пагаджаецца брат Пётра Рудкоўскі, беларускі манах – дамініканін, які навучаецца ў Кракаве.
П. Рудкоўскі: “Наконт адмысловага культу мошчаў сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Каталіцкім касьцёле я ня чуў, але рэліквіі, мошчы альбо месцы, дзе сьвятыя прабывалі на зямлі - цешацца павагай з боку каталікоў. Я думаю, што зьяўленьне гэтых мошчаў на Беларусі выкліча пэўную рэлігійную рэакцыю з боку каталікоў нашай Бацькаўшчыны”.
Рэліквіі будуць знаходзіцца ў Менску да 6-га ліпеня ўключна, і кожны жадаючы можа на іх паглядзець ды прыняць удзел у малебене, які правіцца ў царкве іконы Багародзіцы “Усіх Тужлівых Радасьць”, што ў Менску. Доступ да іх адчынены на працягу ўсяго дня.
Дзьмітры Гурневіч