http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38760

Праз ІІ дні суд над А.Казуліным

04.07.2006
6 ліпеня ў чацьвер ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнуць судзіць экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Аднак Казулін намерваецца выказаць недавер судзьдзі Аляксею Рыбакову, матывуючы гэта тым, што Рыбакоў раней адхіліў усе хадайніцтвы яго й адвакатаў. Трэба падкрэсьліць, што сьледзтва вялося вельмі абыякава, - кажа жонка абвінавачанага палітыка Ірына Казуліна.

Ірына Казуліна: Матэрыялы зьбіраліся вельмі хутка і, як сказаў мне муж, вельмі няхлюйна. Сьведкамі зьяўляюцца толькі прадстаўнікі сілавых структураў "Алмаз " і АМАП, а паміж імі няма іншых сьведкаў дэманстрацыі. Больш таго, гэтую справу стараюцца вельмі хутка "прасунуць" у суд. Мы лічым, што ўлады хочуць асудзіць Казуліна да таго, як пачнецца саміт у Санкт-Пецярбурзе. Я думаю, гэта таму, каб лідэры іншых дзяржаваў не маглі паўплываць на лёс Казуліна. Дарэчы, юрысты выказваюць вельмі розныя меркаваньні наконт прысуду: прагназуюць ад 4 гадоў турмы да поўнага вызваленьня. Але ў тое, што яго адпусьцяць, прызнацца шчыра, я ня веру.

Як паведаміла Ірына Казуліна, напярэдадні суду лідэры дэмакратычных партыяў склікаюць прэс-канфэрэнцыю ў падтрымку Аляксандра Казуліна, на якую запрасілі прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, каб гэтая справа набрала рэзананс у сьвеце.

Ірына Казуліна: Для нас вельмі важна тое, што будуць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх вядучых партыяў і грамадзкіх аб`яднаньняў. Бо гэта вельмі важна для ўсёй дэмакратычнай часткі нашага насельніцтва, што ўсе дэмакратычныя сілы бяруць удзел у змаганьнях за свабоду экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Па -другое, мы хочам расказаць, як праводзілася сьледзтва, паказаць, што гэта палітычны працэс і што ніякай крымінальнай адказнасьці там не прадбачыцца. Насамрэч улады ўсімі сіламі хочуць зрабіць з майго мужа крыміналіста. Я лічу, што лідэры дэмакратычных партыяў выкажуць свае адносіны да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Дарэчы, справу Казуліна закранаў у Брусэлі на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: Падчас усіх сустрэч я абавязкова распавядаў пра судовы працэс, які пачынаецца над Аляксандрам Казуліным, як і пра іншыя палітычныя працэсы. І на круглым стале гэтую тэму будзем заўтра абавязкова падымаць. Я сам вяртаюся ў чацьвер і з аэрапорту адразу еду ў суд.

Прыгадаем, што адкрыты судовы працэс над Аляксандрам Казуліным пачнецца ў чацьвер у 10 гадзін у судзе Маскоўскага раёну Менску. Палітыка абвінавачваюць у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. Аляксандар Казулін сваёй віны не прызнае й заяўляе пра перасьлед па палітычных прычынах.

Караліна Русіновіч