http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38909

Прысуд для Мікалая Аўтуховіча

07.07.2006
У чацьвер гарадзенскі судзьдзя Мікалай Рачынскі вынес прысуд прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу. Як і патрабаваў пракурор, ваўкавыскі прадпрымальнік атрымаў 3,5 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы ў кастрычніку 2005 году. Ён абвінавачваецца ва ўхіленьні ад уплаты 679 млн рублёў падатку за пэрыяд з 1 траўня 2003 году да 1 жніўня 2005 году. Аднак, паводле словаў самога Аўтуховіча, сапраўднай прычынаю ягонага перасьледу зьяўляецца барацьба, якую ён вёў з карумпаванымі чыноўнікамі. Аўтуховіча таксама вінавацяць у тым, што ён займаўся перавозкамі пасажыраў і багажу без адпаведнай рэгістрацыі фірмы й ліцэнзіі, у выніку чаго гарадзкі бюджэт панёс страты ў асабліва буйных памерах.

Старшыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі лічыць, што справа Аўтуховіча мела шмат супярэчлівасьцяў з самага пачатку.

А. Бяляцкі: “Справа Аўтуховіча заўсёды выклікала шмат сумневаў і разнагалосьсяў, бо абвінавачаньні супраць яго выклікалі вялікія падазрэньні з пункту гледжаньня законнасьці й правільнасьці. Варта ўзгадаць хаця б цяганіну, якая была вакол ягонай маёмасьці. Нагадаю, што быў такі час, калі транспартны парк, які ён меў, то арыштоўваўся, то потым зноў яму дазвалялі ім карыстацца. Не было нават адназначнай думкі судовых ворганаў па гэтай справе. Мне здаецца, што тут пераважае палітычны падтэкст. Як гарадзенскае мясцовае начальства, так і менскія ўлады проста пабаяліся непадкантрольнага ім чалавека, які ў пэўным рэгіёне меў аўтарытэт і магчымасьць аказваць уплыў на грамадзкую думку”.

Паводле Бяляцкага, суд над ваўкавыскім прадпрымальнікам нагадвае працэс былога дэпутата 13 скліканьня Ўладзімера Кудзінава, маёмасьць якога была таксама канфіскаваная, а сам ён трапіў у турму на 4 гады.

А. Бяляцкі: „Мне гэтая справа вельмі нагадвае справу Ўладзімера Кудзінава, які падпісаў пэтыцыю за імпічмэнт Лукашэнку. Літаральна за год уся ягоная маёмасьць была абрабаваная. А сам ён адсядзеў у турме чатыры гады. Беларускія ўлады ня церпяць незалежных прадпрымальнікаў, якія маюць свае погляды на эканамічную будучыню нашай краіны. Такім самым чынам улады мяркуюць расправіцца й з Аўтуховічам”.

Дырэктару фірмы “Ніка-Транс”, Юрыю Лявонаву, учора быў вынесены прысуд – 3 гады і 5 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці. Нагадаю, што ўладальнікам Ніка-Транс і зьяўляецца Мікалай Аўтуховіч. Абодва прысуджаныя акрамя пазбаўленьня волі маюць абавязак выплаціць дзяржаве 1 мільярд 138 мільёнаў рублёў.

Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што працэс над Аўтуховічам – гэта знак з боку ўладаў для іншых беларускіх бізнэсоўцаў, як трэба сябраваць з уладамі. Яна лічыць, што на сёньняшні дзень вельмі важна выказваць салідарнасьць з падобнымі, як Аўтуховіч, прадпрымальнікамі, якія трапілі ў няміласьць уладаў.

Л. Гразнова: „Гэта ціск на нашых бізнэсоўцаў, на малы бізнэс з разьлікам, каб яны сядзелі ціха, не змагаліся за свае правы й не адчувалі сябе людзьмі. Гэта такі сымбалічны судовы працэс, у якім улады ўдасканальваюць гэтую сыстэму. Зараз патрэбная салідарнасьць іншых прадпрымальнікаў, каб яны распаўсюджвалі інфармацыю й падтрымалі яго”.

Аўтуховіч сваёй віны не прызнаў, а яго адвакаты маюць намер абскарджваць прысуд.

Дадам, што ўчора 5 прадпрымальнікаў зь Берасьця абвесьцілі галадоўку ў сувязі з прэзыдэнцкім указам аб павелічэньні падатку на аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах. Указ быў падпісаны задняй датаю, i ніводзін суд ня мае адвагі аспрэчыць рашэньне самога Аляскандра Лукашэнкі.

Дзьмітры Гурневіч