http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38995
Зварот апазыцыі да Вялікай васьмёркі
10.07.2006
Амбасады краінаў Вялікай васьмёркі ў Менску атрымаюць сёньня зварот Камітэту абароны рэпрэсаваных „Салідарнасьць”. Камітэт зьвяртаецца з просьбай унесьці ў праграму саміту ў Санкт-Пецярбурзе таксама й беларускае пытаньне. Пад гэтым зваротам прадстаўнікі камітэту сабралі некалькі тысяч подпісаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, - кажа старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных Іна Кулей : У гэтым звароце словы, якія напісалі родныя й блізкія палітычных вязьняў, што сядзяць за кратамі, альбо тых, хто быў за кратамі й быў рэпрэсаваны падчас перадвыбарчай кампаніі, падчас гарачай вясны сакавіка 2006 году. Гэта балючыя словы – яны пішуць пра тое, як зьдзекваюцца зь іх, зь іх родных, які несправядлівы сёньняшні суд. Яны хацелі б, каб старшыні вялікіх дзяржаваў зьвярнулі ўвагу на беларускае пытаньне. Таму, што гэта боль ня толькі Беларусі, але Эўропы й цэлага сьвету.
Вы скіравалі звароты ў амбасады Вялікай васьмёркі, а ці Расея, як гаспадар саміту, таксама атрымае такі зварот?
Іна Кулей : Так. Гэтыя лісты будуць накіраваныя ўсім дзяржавам – удзельніцам саміту. І зараз бацькі палітычных вязьняў "Партнёрства" знаходзяцца ў францускай амбасадзе. Гэтыя лісты яны занясуць асабіста ў кожную амбасаду.
Якія вашыя спадзяваньні адносна гэтага звароту: ці гэтая тэма закранецца ў Санкт-Пецярбурзе? Ці будзе нейкі водгук?
Іна Кулей : Мы думаем, што абавязкова гэтае пытаньне павінна быць узьнятае. Таму што гэта нонсэнс, каб зараз па палітычных перакананьнях людзі сядзелі ў турмах і каб на гэта не зьвярыталі ўвагі вялікія дзяржавы сьвету ды свае беларускія грамадзяне. Гэты ліст ня толькі накіраваны, ён адкрыты да падпісаньня і ўжо падпісваецца тымі, хто ведае, што такое рэпрэсіі, ды кожным чалавекам, у якога ёсьць сумленьне й сэрца.
Калі б хто-небудзь хацеў падпісацца пад гэтым зваротам, дзе можна знайсьці ягоны зьмест?
Іна Кулей : Зьмест будзе надрукаваны ў газэтах, а таксама будзе вісець на інтэрнэт-сайце: milinkevich.org
Прыгадаем, што саміт Вялікай васьмёркі пройдзе ў Санкт-Пецярбурзе ад 15 па 17 ліпеня. Магчыма, што беларускае пытаньне сапраўды будзе вынесена на паседжаньне саміту.
Караліна Русіновіч