http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=38997

Расейска-беларуская міграцыйная карта

10.07.2006
Міністэрствы ўнутраных справаў Расеі й Беларусі падпісалі днямі паміжурадавую дамову адносна ўвядзеньня й выкарыстаньня міграцыйных картаў адзінага ўзору, – паведаміла агенцтва Інтэфакс. Паводле афіцыйнай інфармацыі, міграцыйныя карты адзінага ўзору дазволяць супольна кантраляваць міграцыйны паток грамадзян саюзных дзяржаваў.

Магчыма, што гэта першы крок інтэграцыі абедзьвюх дзяржаваў, – мяркуе палітоляг Уладзімер Падгол. Але трэба адрозьніваць працэс інтэграцыі ад імітацыі працэсу.

Уладзімер Падгол:Лукашэнка будзе рабіць шмат, быццам бы ў бок інтэграцыі, але тут трэба мець вось што на ўвазе. Лукашэнка будзе рабіць усе крокі, якія ня будуць пагражаць сувэрэнітэту й незалежнасьці ягонае ўлады. Напрыклад: увядзеньне адзінага рубля – ён на яго ніколі ня пойдзе, калі яго проста "за транты ня схопяць", ці пачнецца больш моцны шантаж з боку Расеі. Ён ніколі ня пойдзе на адзіны эмісійны цэнтар. Наўрад ці пойдзе на абраньне адзінага прэзыдэнта. А ўсе астатнія крокі, якія дазваляюць, скажам так, імітаваць інтэграцыю – ён на іх пойдзе. І вось увядзеньне гэтых адзіных міграцыйных картак, яно ў нейкай ступені выгодна Лукашэнку, бо яму выгодна, каб беларусы ехалі ў Расею, зараблялі грошы й вярталіся сюды назад. Гэта яму выгодна, бо шмат дзе беспарцоўе, напрыклад, у Салігорску, па сутнасьці, пачалася хваля беспрацоўя ў сувязі з тым, што соль перасталі купляць кітайцы. Таксама ён ідзе на адзіныя вайсковыя аб`яднаньні, бо яны бароняць ягоную ўладу. Ён страшэнна баіцца паўтору НАТА-ўскага варыянту зь Югаславіі, каб не бамбанулі ягоныя Дразды. Толькі так трэба глядзець на ўсе інтэграцыйныя дзеяньні Лукашэнкі. Вось каб газ быў танны, як у Расеі. Такія аргумэнты дазваляюць адсеяць тое, што ідзе па накірунку рэальнай інтэграцыі, тое, што ідзе па накірунку імітацыі інтэграцыі, ад таго, што ідзе на абарону ягонай незалежнасьці й сувэрэнітэту ягонае ўлады.

Паводле дадзеных Інтэрфаксу, міграцыйныя карты адначасова будуць уведзеныя ў Расеі й Беларусі ў бліжэйшыя дні. Будуць друкавацца на дзьвюх мовах: расейскай і ангельскай.

Караліна Русіновіч