http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39020

Беларусь пабудуе ўласную АЭС

10.07.2006
На Беларусі паўстане першая атамная электрастанцыя. Пра гэта заявіў прадстаўнік канцэрну “Белэнэрга”, Уладзімер Кардуба, дадаўшы, што станцыя будзе пабудаваная ў Магілёўскай вобласьці.

Спэцыялісты Міністэрства энэргетыкі ды канцэрну “Белэнерга” разглядалі два магчымыя месцы разьмяшчэньня будучай станцыі: на поўначы й паўднёвым усходзе вобласьці. Адным з вырашаючых фактараў пры выбары Магілёўшчыны сталася яе суседзтва са Смаленскай атамнай электрастанцыяй.

У прэс-бюро Міністэрства энэргетыкі Беларусі нам паведамілі, што над канкрэтнымі плянамі, датычна будаўніства АЭС, будуць займацца адпаведныя спэцыялісты абедзьвюх установаў:

„Праграма пакуль знаходзіцца ў стадыі разгляду. Ёсьць толькі арганізацыйны плян, які зацьвердзіў Савет Міністраў. Пакуль што падрабязнасьці абмяркоўваюцца. Але пакуль пра канкрэтныя даты пачатку й завяршэньня будаўніцтва гаварыць рана. Мы яшчэ негатовыя пра гэта гаварыць”.

Зваявіў прэс-сакратар Мінэнэрга Рэспублікі Беларусь.

Аднак ужо вядома, што ўрад Беларусі прыняў рашэньне пра будаўніцтва станцыі ў 2008 годзе. Адмыслова дзеля гэтага будзе створаная спэцыяльная група ва ўрадзе, якая возьме на сябе функцыі кіраваньня й каардынаваньня ўсіх галінаў, датычных атамнай энэргетыкі.

Фізык-ядзершчык, прафэсар Юры Хадыка, лічыць, што Беларусі варта мець уласную атамную станцыю, паколькі дзякуючы ёй магчымай будзе незалежнасьць Беларусі ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Ю. Хадыка: Атамная станцыя неабходная для Беларусі. Зь вялікім спазьненьнем, але сёньняшняе кіраўніцтва краіны пачало разумець небясьпеку залежнасьці ад адной крыніцы паставак энэрганосьбітаў. Безумоўна, што альтэрнатывай такой станцыі маглі б быць нейкія мясцовыя рэсурсы сланца, торфу, дрэва, але яны ня змогуць даць дастаткова вялікую колькасьць энэргіі, якую зараз спажывае нашая нерэфармаваная эканоміка. На гэта патрэбныя досьледы, але нашая краіна па фінансавых магчымасьцях ня можа сабе гэтага дазволіць.

Прафэсар Хадыка перакананы, што будаваць такую станцыю трэба на забруджанай чарнобыльскай тэрыторыі, каб працаўнікі АЭС заўжды памяталі, да чаго можа давесьці неахайнае абыходжаньне з такога роду ўстановамі.

Ю. Хадыка: Яна яшчэ будзе карыснай для Беларусі, якая пацярпела ад дрэннапабудаванай, дрэннакіраванай атамнай электрастанцыі савецкіх часоў. На маю думку, будаваць гэтую станцыю трэба менавіта на забруджанай тэрыторыі, каб пэрсанал быў заўжды ў такой сытуацыі, што вымушаны быў бы памятаць пра тую небясьпеку, якую нясе неахайнае стаўленьне да сучасных тэхналёгіяў, небясьпечных у многіх акалічнасьцях.

Галоўнай небясьпекай у працэсе будовы беларускай атамнай станцыі Юры Хадыка лічыць тое, што тэндэр на яе пабудову змогуць выйграць расейскія прадпрыемствы.

Ю. Хадыка: Я баюся, што будзе абраны самы танны, а значыць самы небясьпечны расейскі праект. У дадзеным выпадку ня трэба баяцца патраціць больш грошай. Атамную станцыю й так трэба будаваць у крэдыт. Сёньняшні стан беларускай эканомікі не дазваляе самастойна накапіць неабходныя сродкі. Можна было б расплачвацца за крэдыт электраэнэргіяй, але перашкодай зьяўляецца антызаходняя рыторыка, якую займае кіраўніцтва Беларусі. Станцыя патрэбная, але рэалізаваць яе належным чынам можна толькі без сёньняшняга ўраду.

Лічыць прафэсар ядзернай фізыкі Юры Хадыка.

У той жа час кіраўнік міжнароднага чарнобыльскага праекту Greenpeace International, Іван Блокаў, заявіў, што арганізацыя ўсімі спосабамі будзе імкнуцца не дапусьціць будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі.

Дзьмітры Гурневіч