http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39065
V Летняя вышэградзкая школа ў Кракаве
11.07.2006
У панядзелак адбылася ўрачыстая інаўгурацыя V Летняй Вышэградзкай школы, якую ладзіць Віла Дэцыя ў Кракаве. Сёньня мы размаўляем з адным з арганізатараў Гжэгажам Пэнкалам зь Вілы Дэцыя.
На пачатак раскажыце, калі ласка, пра тое, чым зьяўляецца Летняя Вышэградзкая школа.
Г.П: Летняя Вышэградзкая школа – гэта цыкль дэбатаў, варштатаў, сустрэч з экспэртамі. Маладыя ўдзельнікі Летняй Вышэградзкай школы маюць магчымасьць паразмаўляць зь міжнароднымі экспэртамі ў розных галінах, могуць паўдзельнічаць у дыскусіях, каб супольна выпрацаваць нейкія новыя ідэі, падыходы. Асноўная ідэя Летняй Вышэградзкай школы заключаецца ў тым, каб абменьвацца думкамі, а пазьней розныя цікавыя ідэі завезьці дадому й перадаць іх у свае арганізацыі.
Раскажыце, калі ласка, хто можа ўдзельнічаць у занятках?
Г.П: У Летняй Вышэградзкай школе ўдзельнічаюць асобы, якія раней прайшлі адбор. Спачатку жадаючыя паўдзельнічаць у нашай праграме мусяць скаласьці заяўку. Інфармацыю пра гэта можна знайсьці на нашых сайтах, а таксама ў нашых міжнародных партнэраў. Пазьней, калі ўсе заяўкі ўжо сабраныя, зьбіраецца камісія, якая ацэньвае, ці дадзеныя асобы насамрэч будуць зацікаўленыя заняткамі ў Летняй Вышэградзкай школе, ды наогул ці іх цікавіць тэматыка дзяржаваў Вышэграду. На падставе досьведу, біяграфіі, актыўнасьці ў працах розных арганізацыяў касімія выбірае тых удзельнікаў, якія, паводле яе, вынясуць найбольш з заняткаў Летняй Вышэградзкай школы й здабудуць найбольш досьведу.
Сёлета сярод экспэртаў вы запрасілі м.ін. былога старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, які, дарэчы, выступіў зь інаўгурацыйнай прамовай.
Г.П: Удзельнікі амаль што разрываюць сп. прафэсара, хочуць як мага болей даведацца пра Беларусь ад яго, бо гэта ж інфармацыя зь першых вуснаў, і ўсе імкнуцца выкарыстаць магчымасьць, каб зь ім паразмаўляць. Я ўпэўнены, што прыстутнасьць Ст. Шушкевіча прычыніцца да лепшага зразуменьня сытуацыі ў Беларусі.
Штодня слухачы маюць магчымасьць паўдзельнічаць у сярэднім у 2 дэбатах ды варштатах, а якія цікавінкі вы для іх падрыхтавалі?
Г.П: У наступны панядзелак увесь дзень будзе прысьвечаны сустрэчы з чэскай арганізацыяй АМО, якая ладзіць сымуляцыйныя гульні на тэму мірных перамоваў, супрацоўніцтва дзяржаваў у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Заплянаваныя таксама 3 культурныя вечары, у часе якіх удзельнікі заняткаў Летняй Вышэградзкай школы будуць прэзэнтаваць сваю культуру ды музыку. Ну й, безумоўна, у праграме заплянаваны экскурсіі па Кракаве, каб удзельнікі маглі бліжэй пазнаёміцца з Польшчай і горадам.
Нагадаем, госьцем нашай перадачы быў Гжэгаж Пэнкала зь Вілы Дэцыя, адзін з арганізатараў Летняй Вышэградзкай школы ў Кракаве. Сёлета ў ёй удзел бярэ двое беларусаў. А заняткі ў рамках юбілейнага V выпуску школы працягнуцца да 22 ліпеня.
Эльвіра Богдан