http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39069

Суд над Аляксандрам Казуліным

11.07.2006
Працягваецца суд над экс-кандыдым у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным. Сёньня праходзіла чарговае паседжаньне, на якім суд меў разгледзець хадайніцтвы абароны Казуліна на падставе новых цікавых зьвестак, датычных зьбіцьця былога рэктара БДУ падчас ягонай спробы трапіць на Ўсебеларускі народны сход.

Учора ўвечары на беларускіх ды расейскіх інфармацыйных парталах быў апублікаваны ліст былога супрацоўніка спэцаддзелу “Алмаз” Ігара Макара. У ім цяпер ужо палітычны ўцякач называе прозьвішчы тых людзей, якія зьбівалі Казуліна ў будынку нацыянальнага прэс-цэнтру. Ён таксама паведамляе, што спэцслужбы загадзя заплянавалі бойку з Казуліным.

Адвакаты Казуліна сёньня скіравалі адпаведнае хадайніцтва да судзьдзі з просьбаю выклікаць Ігара Макара ў якасьці сьведкі. Апавядае Алег Воўчак.

А. Воўчак: “Мы падалі хадайніцтва пра выклік сьведкі са спэцадзьдзелу "Алмаз", які даў інтэрвію вядучым інфармацыйным парталам краіны. Ён распавёў, што ўсе правакацыі супраць Казуліна былі загадзя заплянаваныя "Алмазам". Ён назваў таксама прозьвішчы тых, хто ў гэтым удзельнічаў. Адвакат Рынкевіч зьвярнуўся з просьбаю далучыць гэтыя матэрыялы да справы. Аднак дадзенае хадайніцтва не было прынятае. Казулін, беручы пад увагу ўсе акалічнасьці, зьвязаныя таксама з адсутнасьцю харчаваньня, папрасіў судзьдзю выдаліць яго з залі. Пакуль судзьдзя гэтага не зрабіў. Зараз выклікаюць сьведкаў з боку абвінавачаньня па эпізодзе справы з 17 лютага”.

Жонка Аляксандра Казуліна – Ірына, заўважае, што судзьдзя неаднаразова пісаў і атрымліваў цыдулкі, якія сакратар насіў у калідор ды назад.

І. Казуліна: “Учора, у другой палове дня, мы ўбачылі, як судьдзя, нібыта карты, тасаваў сьведак. Было мноства цыдулак. Адныя пісаў ён, іх пазьней сакратар выносіў на калідор, пасьля іншыя прыносілі яму новыя з калідору. Ён некалькі разоў мяняў загадзя зацьверджаны парадак допыту сьведкаў і пацярпелых, тлумачачы тым, што гэта ў інтарэсах справы”.

Па прычыне неадпаведнасьці да справы былі адкінутыя хадайніцтвы, якія, на думку Казулінай, сьведчаць пра законнасьць дзеяньняў яе мужа падчас Усебеларускага сходу.

І. Казуліна: “Было адхілена хадайніцтва, якое датычыла таго, што Казулін ня йшоў "самазванцам" на гэты Ўсебеларускі зьезд. Былі прадстаўлены лісты, якія ён пісаў больш як за паўтары месяцы да сходу, адрасаваныя арганізатарам – Сідорскаму й Нявыгласу. Мы маем гэтыя лісты, маем таксама й доказ таго, што яны гэтыя лісты прачыталі, але адказу не далі. Паводле судзьдзі, гэтыя хадайніцтвы не датычаць судовай справы. Тады муж сказаў, каб яго вывялі з залі, бо ён ня хоча прысутнічаць на гэтым судзілішчы. Ён выказаў недавер да судзьдзі. Тады судзьдзя аб’явіў перапынак і заявіў, што можа ня толькі вывесьці яго з залі, але й адабраць права на апошняе слова.”

Падчас судовага паседжаньня судзьдзя павінен праглядзець апэратыўныя здымкі супрацоўнікаў міліцыі, якія б маглі сьведчыць пра тое, што менавіта Казулін распачаў бойку ў прэс-цэнтры.

І. Казуліна: “Нашыя відэаматэрыялы таксама не былі далучаныя да справы. З 21 апэратыўнай стужкі, запісы якіх зрабіла міліцыя, у справе прысутнічае толькі шэсьць, да таго ж змантаваных”.

Падчас апошняга паседжаньня суду Аляксадар Казулін скардзіўся на тое, што ў турме яго ня кормяць, а падчас судовага разьбіральніцтва не дазваляюць піць вады.

І. Казуліна: „Яго ня кормяць і не даюць піць вады. Учора да майго мужа прыходзіў начальнік турмы й сказаў, што вады падчас працэсу піць нельга. Купіць бутэльку вады ў турэмным кіёску ён не дазваляе. Пазьней ён даў Казуліну сухі паёк: кавалак хлеба й селядца. Ці гэта ня зьдзек? Гэта нейкі сталінскі ГУЛАГ!”

Сёньня судовы працэс мае працягнуцца да позьняга вечара. Пасьля перапынку судзьдзя пакуль ня выдаліў Казуліна з залі, як жадаў падсудны.

Прысуд у ягонай справе можа быць вынесены ўжо на гэтым тыдні.


Дзьмітры Гурневіч