http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39219
“Казуліна народу”
14.07.2006
Пікет супраць прысуду для Аляксандра Казуліна адбыўся ўчора ля Амбасады Рэспублікі Беларусь у Варшаве. У ім узялі ўдзел маладыя беларусы, да нядаўняга часу студэнты беларускіх навучальных установаў, якія распачыныюць вучобу ў Польшчы.
Студэнты, якія былі выключаныя зь беларускіх навучальных установаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, зладзілі ўчора акцыю пратэсту супраць жорсткага прысуду для экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.
Прысутныя трымалі плякаты з напісамі “Навошта такі суд? Калі пачнеце страляць?”, “АМАП- сапраўдны зладзей!” ды “Паўлічэнку пад суд”. Нягледзячы на тое, што працоўны дзень у Амбасадзе быў завершаны, хтосьці з працаўнікоў дыпляматычнай пляцоўкі выклікаў паліцэйскі патруль. Функцыянэры паліцыі перапісалі пашпартныя дадзеныя ў аднаго з удзельнікаў пікету, які ўзяў адказнасьць за правядзеньне акцыі на сябе.
Удзельнікі акцыі пратэсту скандавалі заклікі “Свабоду палітвязьням”, “Паўлічэнку ў Эўропу”, “Казуліна народу”.
Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі - Сьцяпан Сьвідэрскі.
С. Сьвідэрскі: "Я даволі зьдзіўлены тым, што прысуд вельмі блізкі да таго, які прасіла дзяржаўнае абвінавачваньне. Раней палітычныя працэсы выглядалі прыблізна так: судзьдзі глядзелі, што патрабуе дзяржаўны абвінаваўца й давалі крыху меней, чым той патрабаваў. Тым самым яны стараліся паказаць дэмакратычнасьць беларускага суда. Але той прысуд, які быў абвешчаны, выглядае зусім абсурдна. Людзі ішлі на Акрэсьціна арганізавана, па тратуарах. Ніякіх спробаў узяць турму штурмам не было. Людзі пікетавалі Акрэсьціна яшчэ напярэдадні, 24 сакавіка. Я гэта добра ведаю, бо стаяў тады з другога боку ілбом да сьцяны й добра чуў крыкі "Свабоду!" ды іншыя нашыя лёзунгі. Пры такой
падтрымцы прыемней было стаяць у атачэньні міліцыянтаў у парванай АМАПаўцамі куртцы на марозе. Было вельмі прыемна адчуваць, што нас хтосьці падтрымлівае за сьценамі Акрэсьціна”.
Заявіў Сьцяпан Сьвідэрскі, былы студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Дзьмітры Гурневіч