http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39395

Сустрэча студэнтаў зь Зянонам Пазьняком

19.07.2006
У аўторак у будынку бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту адбылася сустрэча лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, былога дэпутута Вярхоўнага Савету Беларусі Зянона Пазьняка зь беларускімі ды польскімі студэнтамі. Зянон Пазьняк на працягу дзьвухгадзіннай сустрэчы закрануў найбольш важныя аспэкты беларускай зьнешняй палітыкі, а таксама зьвярнуў увагу на шэраг пытаньняў найноўшай беларускай гісторыі.

Паслухаць Зянона Пазьняка прыйшло больш за сотню маладых беларусаў ды палякаў. Заля, дзе адбывалася сустрэча, не змагла зьмясьціць усіх ахвотных, таму частка цікаўных стаяла таксама на калідоры.

У сваім выкладзе Зянон Пазьняк найвялікшую ўвагу прысьвяціў двум пытаньням, а менавіта гісторыі адкрыцьця праўды пра трагедыю ў Курапатах, а таксама ягонай ацэнцы цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

Кажучы пра галоўны вынік дэманстрацыяў пратэсту падчас прэзыдэнцкіх выбараў, палітык заявіў, што беларусы ізноў засьведчылі сваю духоўную моц. Ён параўнаў фэномэн намётавага мястэчка да змаганьня паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, калі, не перамогшы акупантаў, беларусы засьведчылі сваё жаданьне на ўласную дзяржаву.

З. Пазьняк: “Галоўным вынікам зьяўляецца сьведчаньне, што Беларусь жыве. Гэта сьведчаньне духоўнай моцы, перадусім сьвету. Гэта духоўная й маральная перамога. Аднак ня ўсе гэта бачаць, асабліва тыя, хто прывык ва ўсіх дзеяньнях бачыць толькі прагматычныя вынікі. А той вынік засьведчыў вяршэнства ідэалаў. Калі ёсьць групы людзей, якія маюць гэтыя ідэалы і імкнуцца іх бараніць, дэманстраваць, то гэта сьведчыць пра тое, што грамадзтва жывое, яно мае духоўную й сацыяльную пэрспэктыву. Менавіта гэта засьведчыла нашая моладзь на гэтым халодным бруку, на пятачку Плошчы Каліноўскага”.

Зянон Пазьняк лічыць гэты вынік вялікай паразай для ўлады, якая не спадзявалася такога доўгага супраціву.

З. Пазьняк: “Непрыяцелі беларушчыны моцна памыліліся, а нават прайгралі. Яны думалі, што блякуючы подступы, недаючы моладзі нармальна харчавацца, адпраўляць свае патрэбы, палохаючы, яны такім чынам гэта ўсё зьневэлююць і паступова яно зьгіне само сабою. Тады гэта была б ганьба, тады б яны засьведчылі, што вось смаркачы, якія хацелі нешта выказаць, а як толькі мароз даў, то адразу разьбегліся па хатах да мамаў. А так не атрымалася. І вось сьведчаньне ахвярнасьці дзеля ідэалаў, а гэта была сапраўды ахвярнасьць, было цяжка, былі маразы. Вось гэта засьведчыла вялікую маральную перамогу і прыклад, гэта і ёсьць галоўны вынік”.

Зазначыў Зянон Пазьняк, дадаўшы, што ўся беларуская гісторыя паказвае, што беларускі супраціў заўсёды перамагаў якасьцю, а ня колькасьцю. Да такога ж авангарду належыць таксама й Плошча Кастуся Каліноўскага.

Пасьля галоўнай часткі выкладу адбыліся дэбаты. Больш за 45 хвілінаў Зянон Пазьняк адказваў на пытаньні з залі. Маладыя людзі цікавіліся стаўленьнем Пазьняка да палітычных працэсаў у Беларусі, пыталі пра магчымае разьвіцьцё падзеяў у бліжэйшай будучыні, а таксама пра пляны ягонай партыі.

Дзьвухгадзінная сустрэчы працягнулася на прыступках бібліятэкі, дзе Зянон Пазьняк больш за гадзіну адказваў на пытаньні маладых беларусаў.

Стыпэндыст праграмы імя Кастуся Каліноўскага Алесь распавядае пра свае ўражаньні ад сустрэчы.

Алесь: “Для мяне асабіста – гэта легендарная й містычная асоба. Сёньня я ўпершыню яго пабачыў, раней толькі даводзілася чытаць пра яго. Для мяне вядома адно: Зянон Пазьняк – гэта 100% пазнавальнасьці ў Беларусі. Могуць ня ведаць Вячоркі ці Мілінкевіча, але ў кожнай вёсцы ведаюць, хто такі Пазьняк. Я вельмі шаную тое, што было ім зроблена яшчэ ў савецкія часы. Для мяне гэта паважаная асоба”.

Малады беларускі гісторык Рыгор лічыць, што галоўнымі каштоўнасьцямі, якія адстойвае Пазьняк, зьяўляецца нацыянальная беларуская дзяржава. Аднак, паводле Рыгора, варта тлумачыць людзям патрэбу ў гэтых каштоўнасьцях.

Рыгор: „Ідэя аб мове, як галоўнай каштоўнасьці беларускага народу, незалежнасьці й дэмакратыі, здаецца, што для кожнага беларуса прыймальная, аднак ня кожны зь ёю пагодзіцца, калі пра гэта будзе заяўляцца ў больш-менш рэзкай форме. Варта, каб гэта зразумеў кожны беларус, ад бабулькі да падлетка. Для мяне асабіста Зянон Пазьняк вядомы, як археоляг, які раскапаў Курапаты, і як палітык, дзякуючы якому Беларусь дасягнула незалежнасьці ў сьвеце”.

Падчас размовы са студэнтамі некалькі разоў закраналася пытаньне эміграцыі Зянона Пазьняка. Старшыня КХП заявіў, што калі б не існавала пагрозы ягонага арышту на польска-беларускай мяжы, то не існавала б пытаньня пра магчымае вяртаньне на Бацькаўшчыну.

Свае меркаваньні пра эміграцыю Пазьняка выказвае былы студэнт гістарычнага факультэта БДУ – Сяргей Карабановіч.

С. Карабановіч: „Усё ж такі Зянон Станіслававіч зрабіў слушную рэч, калі зьехаў. Існавала пагроза ягонаму жыцьцю, і я разумею, што ён вымушаны быў так зрабіць. Але на той час, калі ён зьехаў, нацыя пазбавілася лідэра, фактычна гэта раўназначна целу без галавы. Я лічу, што Зянон Станіслававіч павінен быў вярнуцца на выбары 2001 году ў Беларусь, паколькі гэта быў звычайны фарс, які заключаўся ў гульнях з намэнклятурай. Нешта падобнае паўтарылася ў гэтым годзе, і зараз мы ня ведаем, калі здабудзем незалежнасьць. Ці нашыя дзеці, ці нашыя ўнукі. Нягледзячы на яго пэўны нэгатыўны рэйтынг сярод звычайнага беларускага насельніцтва, яму ўсё ж трэба было вяртацца. Я пагаджаюся з тым, што эміграцыя Пазьняка й Навумчыка значна павысіла цікаўнасьць да беларускага пытаньня, але ж трэба вяртацца”.

Згаданы вышэй беларускі студэнт Алесь кажа, што асоба Зянона Пазьняка неадназначная ў беларускай палітыцы, беручы пад увагу яго бескампраміснасьць у некаторых пытаньнях, аднак немагчыма не паважаць гэтага чалавека за тое, што ім было зроблена для Беларусі.

Алесь: „Як сказаў калісьці мой сябра: я магу дрэнна ставіцца да Зянона Пазьняка, але паважаць я яго мушу абавязкова. Часам я не зьвяртаю ўвагі на ягоныя заявы, датачныя беларускай палітыкі, але праз колькі год становіцца ясна, што шмат чаго збываецца. Ён зьяўляецца прарокам беларускай палітыкі”.

На сустрэчы Зянон Пазьняк таксама запрэзэнтаваў кнігу Сяргея Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”. Кніга была выдадзеная гэтымі днямі ў Варшаве й распавядае пра здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці ды дзейнасьці апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Дзьмітры Гурневіч