http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39626
"Песьні свабоды-2"
25.07.2006
Сёньня ў Менску адбылася прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная выпуску кружэлкі "Песьні свабоды-2", а таксама канцэрту, які павінен быў быць праведзены 27 ліпеня, аднак мясцовыя ўлады на яго правядзеньне дазволу не далі.
Гэта будзе ўжо другая кружэлка песень пра свабоду. Першая была выдадзена ў лютым 2006 году й сталася культавай падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер да выпуску амаль гатовая другая частка кружэлкі, пра якую нам расказвае Віталь Супрановіч, каардынатар праекту:
В. Супрановіч: Дыск ужо падрыхтаваны да выданьня. У бліжэйшыя дні жадаючыя змогуць паслухаць, або сьцягнуць песьні зь інтэрнэт-старонкі www. za-svabodu. org. Асноўная тэма песень - свабода й незалежнасьць. Там будуць зьмешчаныя песьні, якія не зьмясьціліся на першым выданьні, але й шмат новых твораў. Будуць прадстаўлены маладыя гурты, напрыклад, Чырвоным па беламу, Партызанская школа, украінскі гурт Дэ Шыфэр зь песьняй "Час прыйшоў". На кружэлцы будуць некалькі відэакліпаў – песьні гурту N.R.М. "Мы ўсё роўна пераможам" і музычнага выданьня "Не" Партызанскай школы.
Франак Вячорка, адзін з мэнэджэраў кружэлкі, аўтар некаторых песень і мультымэдыйнай часткі кружэлкі кажа, што запатрабаваньне на такі праект ёсьць. Нават ужо створаныя сьпісы людзей, якія хочуць атрымаць "Песьні свабоды-2".
Ф. Вячорка: Ужо каля тысячы чалавек у інтэрнэце падпісаліся на гэтую кружэлку. Я лічу, што яна паўторыць посьпех першага, а можа нават і пераўзыйдзе. Думаю, што кружэлка пройдзе 4-5 выданьняў і будзе распаўсюджана па ўсёй Беларусі, і ня толькі.
На прэс-канфэрэнцыі закраналася пытаньне забароны правядзеньня канцэрту, які меў быць прысьвечаны 16 гадавіне прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.
Чаму ўлады не дазволілі правесьці канцэрт? - Адпавядае Франак Вячорка.
Ф. Вячорка: Улады знайшлі абсалютна фармальную прычыну забароны правядзеньня канцэрту. У гэты ж самы час будзе адбывацца пікет у падтрымку палітвязьня Аляксандра Казуліна. Паводле Гарвыканкаму, канцэрт можа перашкодзіць правядзеньню пікету. Паводле заканадаўства, яны павінны былі запрапанаваць іншы час і месца правядзеньня канцэрту, а яны ўзялі й адмовілі. Але, зь іншага боку, жаданьне правесьці канцэрт не зьнікае, і хутчэй за ўсё мы будзем спрабаваць яго правесьці да 25 жніўня. Гэта дата, калі Беларусь набыла фактычную незалежнасьць. БССР было скасавана, а дэклярацыя ўступіла ў сілу.
Падчас сустрэчы з журналістамі былі прадстаўлены пляны на будучыню адносна правядзеньня канцэрту.
В. Супрановіч: Пляны датычаць падачы паўторнай заявы на правядзеньне канцэрту. Мы плянуем яго правесьці 25 жніўня на плошчы Бангалёр, калі Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону.
Кружэлка "Песьні свабоды-2" будзе прымеркаваная да дня 27 ліпеня.
Алена Пытэль