http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39693

Памёр Янка Брыль

26.07.2006

У Менску ва ўзросьце 89 гадоў памёр клясык беларускай літаратуры Янка Брыль.

Уладзімір Някляеў кажа, што Беларусь страціла ня толькі знакамітага пісьменьніка, але й чалавека, які адыграў вялікую ролю ў беларускай культуры, які жыў для беларускага народу.

У. Някляеў: Калі ўзважыць усё, што зрабіў Янка Брыль, то цяжка знайсьці падобную асобу, можа толькі Васіль Быкаў. З Брылём мы страцілі апошняга волата, на шчасьце, ёсьць яшчэ Рыгор Барадулін. Чаму гэта такая вялікая страта? Ён быў ня толькі літаратарам. Яго грамадзкая пазыцыя заўсёды была акрэсьленая, хоць ён і не хадзіў на мітынгі. Калі ў яго быў юбілей, то ён адмовіўся ад узнагароды, якую яму прапанавала сёньняшняя ўлада. Ён сказаў: "Я не хачу мець узнагароды ад тых, хто нішчыць тое, для чаго я працаваў усё жыцьцё." Ён быў бездакорным чалавекам. Акрамя творчых, ён меў і маральныя ўзоры, што вельмі важна ў сёньняшнім сьвеце. Перад ім сорамна было зрабіць нейкі нягодны ўчынак. Урэшце, калі казаць, што пасьля сябе пакінуў Брыль, то ён пакінуў абсалютна чысты стыль. Чысты стыль літаратара й стыль жыцьця чалавека.

Янка Брыль быў зьвязаны з Польшчаю й польскаю літаратураю. Ён рос на Гарадзеншчыне, якая да Другой сусьветнай вайны прыналежала да Польшчы. Некаторы час служыў у польскім войску. У 1941 годзе змагаўся ў беларускай партызанцы. У Польшчы выдадзена некалькі яго твораў, напрыклад, „У Забалоцьці днее”. Брыль перакладаў на беларускую мову творчасьць Элізы Ажэшка, Эрнэста Брыля й Яраслава Івашкевіча.

Янка Брыль будзе пахаваны 27 ліпеня на могілках у Калодзішчах пад Менскам.

Алена Пытэль