http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39709

16 гадоў Дэклярацыі аб Незалежнасьці Беларусі

26.07.2006
Заўтра спаўняецца роўна 16 гадоў з дня прыняцьця Вярхоўным Саветам Беларусі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Галоўнай каштоўнасьцю дакумэнту стала абвяшчэньне незалежнай дзяржавы - Беларусі. Ранейшая спроба аднавіць незалежнасьць Беларусі адбылася яшчэ ў 1918 годзе, калі было аб’яўлена аб стварэньні БНР. Аднак тая дзяржава праіснавала некалькі месяцаў, да савецкай акупацыі Беларусі. 27 лепеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Цяпярашняе беларускае кіраўніцтва ігнаруе гэтую дату. Ці спраўдзіліся пляны й надзеі на дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі?

Упершыню Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня пачалі адзначаць у 1992. У той дзень адбыліся сьвяточныя мерапрыемствы з удзелам першых асобаў краіны. Шэсьце прайшло па галоўных вуліцах Менску пад дзяржаўнымі, тады яшчэ бел-чырвона-белымі сьцягамі. У 1996 годзе адбылося найбольш масавае шэсьце з нагоды Дня Незалежнасьці - у ім узялі ўдзел да 30 тыс. чалавек. З 1997 году ў выніку рэфэрэндуму улады адмовіліся сьвяткаваць гэтую дату, і Дзень Незалежнасьці быў прызначаны на 3 ліпеня ў гонар вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які быў адным зь ініцыятараў падпісаньня Дэклярацыі, згадвае падзеі 16-гадовай даўніны.

С. Шушкевіч: “Дэклярацыю прапанаваў Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі празь Дземянцея. Я тады быў першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету. Справа ў тым, што ад пачатку гэта камуністычная дэклярацыя складалася з 38 пунктаў. Мы вырашылі прыняць гэтую прапанову, але пастанавілі над ёю папрацаваць. Я працаваў над палітычнай часткай дакумэнту супольна з такімі былымі сакратарамі як Лявонаў, Камай, і мы выпрацавалі 5 з 12 пунктаў. Над астатнімі пунктамі працавалі іншыя. Я зьбіраў пазьней Дэклярыцыю, і яна атрымалася з 12 пунктаў. Найцікавейшым падчас прыняцьця Дэклярацыі было тое, што быў абураны Зянон Пазьняк, які заявіў, што гэта новая саюзная дамова. У часе галасаваньня прадстаўнікі БНФ пакінулі залю. Гэта магло б сарвацца, але ў рэшце Дэклярацыя была зацьверджаная й пасьля ўсе ўжо з гэтага цешыліся”.

Пазіраючы на 16 гадовую гісторыю, ці збыліся вашыя надзеі й спадзяваньні адносна незалежнасьці Беларусі?

С. Шушкевіч: “Пэўныя спадзяваньні спраўдзіліся, бо гэта быў першы крок перад Белавескімі пагадненьнямі, дзякуючы якім была прызнаная нашая незалежнасьць Расеяй. Бо ў пэўным сэнсе мы прыймалі гэтую Дэклярацыю пасьля Расеі. Гэта быў юрыдычны крок да прызнаньня нашай незалежнасьці, але крок яшчэ недастатковы. Але пасьля ратыфікацыі пагадненьняў у Белавежы з Расеяй гэта быў надзейны крок. Тады Беларусь дэ - юрэ стала незалежнай”.

Урад Беларусі адмаўляецца сьвяткаваць гэты дзень. Хаця фактычна сувэрэнітэт замацаваны Канстытуцыяй і, здаецца, няма нагоды адмаўляцца ад гэтай даты.

С. Шушкевіч: “Усе нашыя зьнявечаньні ад нараджэньня. Усё "шчасьце" прыйшло ад Расеі. Тады сярод людзей вітаў дух свабоды. Нават камуністы галасавалі "за" Дэклярацыю, бо спадзяваліся, што будзе лепшае жыцьцё. А сёньня трэба гаварыць, што ўсё дзякуючы Расеі. Таму гэты дзень пярэчыць гэтаму рэжыму. Ён яму папярок горла стаіць. Хаця хачу сказаць, што пасьля прыняцьця гэтай Дэклярацыі касманаўт Кавалёнак, які быў яшчэ й дэпутатам парлямэнту, уносіў бел-чырвона-белы сьцяг у залю. А адным зь ягоных асыстэнтаў быў Аляксандар Лукашэнка”.

Гісторык Уладзімер Арлоў падкрэсьлівае, што без падпісаньня 27 ліпеня Дэклярацыі не было б на мапе сувэрэннай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь.

У. Арлоў: “У лютым 1990 году я напісаў сваё эсэ "Незалежнасьць - гэта...". Там былі сканцэнтраваны мары майго пакаленьня пра будучую й незалежную Беларусь. Я лічу, што гэтае эсэ, якое шырока друкавалася ў тыя часы, таксама паўплывала нейкім чынам на прыняцьцё Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, дзе гэтыя мары, пра якія я кажу, знайшлі сваё адлюстраваньне. Я ў той час якраз быў у творчай паездцы ў Малдове. Малдоўскія калегі зайздросьцілі нам, беларусам. Яны гаварылі, што нашая Дэклярацыя больш радыкальная, чым Дэклярацыя Малдовы, якая была прынятая на некалькі дзён раней. Гэты дзень, безумоўна, застанецца ў нашай гісторыі, як і дзень 25 жніўня, калі Дэклярацыі быў нададзены статус Канстутыцыйнага закону. Я думаю, што без гэтай
дэклярацыі на палітычнай мапе сьвету не было б сёньня краіны пад назваю Рэспубліка Беларусь”.

Нагадаю, што Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне сьвяточнага мітынгу ды канцэрту на пляцы Бангалёр у Менску. Мерапрыемствы з удзелам лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча адбудуцца заўтра ў Берасьці.

Дзьмітры Гурневіч