http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39778

А. Мілінкевіч сустракаецца з палітвязьнямі

27.07.2006
Аляксандар Мілінкевіч наведвае палітзьняволеных у месцах, дзе яны адбываюць пакараньне. Гэта адзін з элемэнтаў шырокамаштабнай акцыі "Салідарнасьць".

Лідэр аб'яднанай апазыцыі лічыць гэта маральным доўгам пасьля выбараў:

А. МіІінкевіч:
Я хацеў бы наведаць максымальна многа палітвязьняў, якія сядзяць па турмах. Дарэчы, я й раней наведваў. Я сустракаўся з Клімавым, Статкевічам. А ўчора я наведаў Фінькевіча й Севярынца. У нас паўтара дзясятка палітвязьняў. Я вельмі хацеў бы сустрэцца з большасьцю зь іх, але не з усімі дазволяць.

У сераду Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з самым малодшым беларускім палітвязьнем Артурам Фінькевічам, які адбывае пакараньне на „хіміі” ў Магілёве й працуе на сумесным беларуска-польскім прадпрыемстве па выпуску цэглы.

Аб сустрэчы распавядае наш магілёўскі карэспандэнт Андрэй Мікалаеў:

Андрэй Мікалаеў:
26-га ліпеня Аляксандар Мілінкевіч разам з жонкай Інай Кулей наведалі ў магілёўскай спэцкамэндатуры актывіста незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Артура Фінькевіча. За нанясеньне палітычных графіці на сьцены менскага будынку ён быў пакараны абмежаваньнем волі.

Сустрэча, якая адбылася на ганку інтэрнату, праходзіла ў прысутнасьці начальніка камэндатуры. Аляксандар Мілінкевіч перадаў Артуру харчы, прыймач і выказаў маральную падтрымку.

Зь мінулага тыдня Артур Фінькевіч працуе на беларуска-польскай цагельні “Dream”. У перакладзе на беларускую мову назва гучыць як “мара”, аднак хлопец ня лічыць сваю працу на заводзе лёгкай – тут яму даводзіцца па восем гадзінаў у дзень адгружаць цэглу.

Як распавёў Артур, у інтэрнаце ўжо двойчы праводзілі ператрус яго асабістых рэчаў. Супрацоўнікі папраўчай установы знайшлі незалежныя выданьні й настойліва параілі адмовіцца ад іх.

<б> Улады імкнуцца ствараць шматлікія перашкоды, каб ускладніць сустрэчы А. Мілінкевіча з палітвязьнямі. Гэтак было ў сераду, калі супрацоўнікі ДАІ спрабавалі недапусьціць сустрэчы з Паўлам Севярынцам у вёсцы Малое Сітна ў Віцебскай вобласьці.
Распавядае Павал Мажэйка, які суправаджаў А.Мілінкевіча падчас дарогі.

Павал Мажэйка: Мы толькі ад'ехалі ад Полацку й заўважылі, што за намі сочаць на машыне са сродкамі спэцсувязі. Літаральна праз 5-6 кілямэтраў ад Полацку нас затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Яны пачалі шукаць нейкай зачэпкі. Праверылі дакуманты, візуальна правяралі, што знаходзіцца ў салёне, хто там знаходзіцца. Пасьля папрасілі адчыніць багажнік. У багажніку мы везьлі прадукты харчаваньня для Паўла Севярынца. Была таксама частка асабістага архіву А.Мілінкевіча з часу выбарчай кампаніі, некалькі ўлётак, некалькі каляндарыкаў. Фармальна нібыта гэта стала зачэпкай. Нам загадалі праехаць пад канвоем міліцэйскай машыны ў Полацкі РАУС. Там пачалі праверку зьмесьціва багажніка, фатаграфаваць, складаць пратакол. Урэшце напісалі, што ўсё, што там знаходзіцца, не ўяўляе грамадзкай небясьпекі.

Інцыдэнт цягнуўся трошкі больш за гадзіну. Урэшце нас адпусьцілі, нz даўшы тлумачэньня, чаму нас затрымлівалі. Мы ўсё ж такі пасьпелі сустрэцца зь Севярынцам. Натуральна, мы зь імі правялі менш часу, чым плянавалі, але ўсё заплянаванае намі адбылося, нягледзячы на перашкоды міліцыі.

Аляксандар Мілінкевіч неаднойчы сустракаўся таксама з палітвязьнем Міколам Статкевічам, лідэрам Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, які адбывае пакараньне на „хіміі” ў Баранавічах.

Мікола Статкевіч атрымаў прысуд 3 гадоў абмежаваньня волі за арганізацыю дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі рэфэрэндуму й выбараў у кастрычніку 2004 году.

М. Статкевіч:
Мы сустракаліся некалькі разоў, як я тут знаходжуся. Нядаўна, пасьля году, мне дазволілі двухтыднёвы адпачынак у Менску й мы за гэты раз сустракаліся некалькі разоў. Гэтыя сустрэчы, безумоўна, маюць сэнс, бо гэта маральная падтрымка. Гэта вельмі важна. Я зьяўляюся адным з каардынатараў Эўрапейскай кааліцыі, якая прадстаўлена ў Кансультацыйнай радзе чатырма арганізацыямі. Таму, як кажуць, нездарма нам праводзіць такія кансультацыі.

А. Мілінкевіч падкрэсьлівае, што беларускія палітвязьні - гэта папулярныя, паважаныя ды ўплывовыя людзі, і таму ён зь імі сустракаецца, раіцца й абмяркоўвае сытуацыю ў краіне.

Падчас паездак па Беларусі А. Мілінкевіча суправаджаюць функцыянэры параваахоўных ворганаў. Няраз яго затрымлівалі, парушаючы графік дня, так як гэта было ў гэтую сераду падчас паездкі на Віцебшчыну на сустрэчу з Паўлам Севярынцам. Аднак Мілінкевіч заўважае, што супрацоўнікі міліцыі выконваюць загады сваіх начальнікаў, але заўсёды карэктна ставяцца да яго асобы. Лідэр апазыцыі ўпэўнены, што яны таксама па баку апазыцыі.

А.Мілінкевіч: Супрацоўнікі міліцыі заўсёды паводзяць сябе карэктна, таму што не яны ініцыятары затрымак, не яны ініцыятары ператрусаў. Ім даюць указы й яны вымушаны іх выконваць. Калі я вам зараз скажу, што ўчора з боку функцыянэраў была прыхільнасьць да мяне, то яны заўтра ня будуць працаваць. Я не хачу ім рабіць крыўду. У праваахоўных службах, у спэцслужбах і намэнклятуры ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія ў сэрцы пратэстуюць, але баяцца гэта праявіць. Гэтым людзям таксама не салодка жыць. Ім прыкра парушаць законы, жыць у прыніжэньні й страху. Але некалі яны пяройдуць на наш бок.

Калісьці нават высокі рангам беларускі афіцэр сказаў апазыцыянэрам: “Калі на плошчы вас будзе мала - мы вас станем біць, калі вас будзе больш чым нас - мы пяройдзем на ваш бок”.

Ялянта Сьмялоўска