http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39807
Набліжаецца 62 гадавіна Варшаўскага паўстаньня
28.07.2006
Польшча рыхтуецца да адзначэньня 62 гадавіны выбуху Варшаўскага паўстаньня. З гэтай нагоды выконваючы абавязкі прэзыдэнта гораду Варшава Казімеж Марцінкевіч і вэтэраны – былыя ўдзельнікі паўстаньня – заклікалі жыхароў польскай сталіцы, каб 1 жніўня а 17 гадзіне – у момант выбуху паўстаньня – ушанаваць хвілінай цішыні памяць ахвяраў выступленьня супраць гітлераўскіх акупантаў.
Як падкрэсьліў Казімеж Марцінкевіч, Варшаўскае паўстаньне, гэта адна з найважнейшых падзеяў у гісторыі польскай сталіцы.
З нагоды 62 гадавіны Варшаўскага паўстаньня ўлады рыхтуюць шмат прынагодных мерапрыемстваў. Напрыклад, вось толькі што закончыўся другі выпуск конкурсу на комікс пра Варшаўскае паўстаньне. Пра праект распавядае дырэктар Музэя Варшаўскага паўстаньня Ян Алдакоўскі :
„Жаданьне ўдзельнічаць у конкурсе, які мы арганізоўваем ужо другі раз, выказала 31 асоба. Прысланыя на конкурс працы маюць розны ўзровень, таму конкурс прызначаны для аматараў. Шляхам згаданага праекту мы хочам паказаць значэньне коміксу, заангажаванага ў гістарычныя тэмы, ды тое, што комікс можа адукаваць, можа прадстаўляць вельмі ўзрушальныя гісторыі. Нагадваю, што ў Польшчы выходзілі ўжо гістарычныя коміксы. Напрыклад, пра Вэстэрплятэ ці пра абарончую вайну 1939 году. Комікс – гэта форма, якая добра ўспрымаецца маладымі людзьмі, і таму конкурс менавіта да іх накіраваны,” - сказаў дырэктар Музэя Варшаўскага паўстаньня Ян Алдакоўскі.
Сытуацыі ў Варшаве перад, у часе паўстаньня й пасьля капітуляцыі прысьвечаны чарговы том Вялікай ілюстраванай энцыкляпэдыі Варшаўскага паўстаньня, які надоечы выйшаў у Польшчы.
Пра тое, як выглядала праца над энцыкляпэдыяй, распавядае доктар Марыя Вісьнеўская – гісторык Варшаўскага паўстаньня, каардынатар працы над выданьнем.
„Перадусім аўтары, якія апрацоўвалі паасобныя тэмы, мелі абавязак сабраць усю даступную літаратуру, а трэба заўважыць, што яна расьсеяна па розных месцах. Праверка тэкстаў – гэта вельмі марудная праца, якая зводзілася да кансультацыяў з паўстанчымі асяродзьдзямі. Да нас прыходзілі паўстанцы, чыталі ўсё й неаднойчы страшэнна спрачаліся. Пазьней на падставе іхных ацэнкаў мы альбо прызнавалі нейкія факты, альбо не. Нагадваю, што энцыкляпэдыя, гэта не манаграфія. Гэта выключна артыкулы, якія ў цікавы спосаб павінны паясьняць дадзенае пытаньне. Мы вырашылі дадаць да ўсяго гэтага найважнейшыя інфармацыі, напрыклад, тагачасныя мапы гораду, назвы й нумары вуліцаў. І хаця згаданыя вуліцы цяпер выглядаюць зусім інакш, то мы стараемся рэканструяваць тое, што было 60 гадоў таму.”
Нагадваю, што ў энцыкляпэдыі апынулася каля 437 артыкулаў, больш за 800 здымкаў. Ці энцыкляпэдыя – гэта ўсе веды пра Варшаўскае паўстаньне, ці трэба будзе папаўняць выданьне новымі фактамі?
„Ня можна сказаць, што гэта комплексны збор ведаў, бо цягам 60-і гадоў ня ўзьнікла ніякая навуковая ўстанова, якая дасьледавала б пытаньне Варшаўскага паўстаньня. Мы не мэгаляманы, мы поўнасьцю ўсьведамляем сабе, якімі крыніцамі карыстаемся. Гэта першая спроба апрацоўкі матэрыялу, якая грунтуецца на сабраных дакумэнтах і размовах з паўстанцамі. У 70- гадох Гістарычны інстытут Польскай Акадэміі Навук выдаў кнігу пад назовам „Цывільнае насельніцтва ў Варшаўскім паўстаньні”. У згаданым выданьні апынуліся справаздачы непасрэдных удзельнікаў паўстаньня. Гэта адзіная кніга пра Варшаўскае паўстаньне, якая цягам 60 гадоў паявілася ў Польшчы. Тым ня менш, гэта не дае падставаў называць нашай энцыкляпэдыі комплексным зборам ведаў,” – лічыць
доктар Марыя Вісьнеўская – гісторык Варшаўскага паўстаньня, каардынатар працы над Вялікай ілюстраванай энцыклядэдыяй Варшаўскага паўстаньня.
Нагадваем, што Варшаўскае паўстаньне пачалося 1 жніўня 1944 году а 17 гадзіне й працягвалася да 5 кастрычніка. Гэта было ўзброенае выступленьне супраць гітлераўцаў, якія акупавалі Варшаву, якое арганізавала падпольная Армія Краёва. Як падкрэсьліваюць гісторыкі, фармальна паўстаньне было накіраванае супраць гітлераўцаў, але ягонай галоўнай мэтай была спроба захаваньня паваеннай незалежнасьці дзяржавы шляхам стварэньня ў сталіцы легальнай дзяржаўнай улады – прадаўжальніка даваеннай. Гэткі крок павінен прадухіліць увядзеньне ў краіне марыянэтачнага ўраду, узалежненага ад Савецкага Саюзу, які разам з фронтам набліжаўся да Варшавы.
Узброеныя дзеяньні працягваліся 63 дні. Страты польскага боку склалі 18 тысяч забітых і 25 тысяч параненых жаўнераў, а таксама ад 120-200 тысяч ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва Варшавы. Па баку гітлераўцаў страты склалі 17 тысяч забітых і 9 тысяч параненых. У часе баёў было зьнішчана 25% забудовы горада, а пасьля заканчэньня паўстаньня наступныя 35%. Такім чынам была зьнішчана шматвяковая культурная й матэрыяльная спадчына Варшавы.