http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=39933

Грамадзкая думка пад кантролем

31.07.2006
Сталая камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, міжнацыянальных адносінах і СМІ рыхтуе да разгляду на бліжэйшым паседжаньні новы законапраект - "Аб апытаньнях грамадзкай думкі".
З тэкстам законапраекту незалежныя сацыёлягі яшчэ не азнаёмленыя, але ранейшы досьвед аб дзеяньнях дзяржавы ў дадзенай галіне дазваляе рабіць сумныя прагнозы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі з сайта Палаты прадстаўнікоў, асноўнай мэтай дадзенага законапраекту зьяўляецца "прадухіленьне выпадкаў маніпуляцыі грамадзкай думкай", асабліва падчас правядзеньня рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.
Прадугледжваецца ўрэгуляваць парадак правядзеньня апытаньняў і публікацыі іх вынікаў у сродках масавай інфармацыі. У праекце вызначаецца статус Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Акадэміі Навук Беларусі, а таксама патрабаваньні да арганізцый, якія праводзяць апытаньні, ды ўмовы іх акрэдытацыі.
Аб сытуацыі, у якой апынулася дасьледаваньне грамадзкай думкі на Беларусі, з нашым карэспандэнтам размаўляе былы намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Аляксандар Сасноў.

Якія арганізацыі праводзяць апытаньні грамадзкай думкі на Беларусі?

Апытаньні грамадзкай думкі дзаволена праводзіць толькі тым арганізацыям, якія атрымалі акрэдытацыю ў спэцыяльнай камісіі, створанай згодна з распараджэньнем Савета міністраў. Такі дазвол атрымалі толькі тыя структуры, якія альбо створаны дзяржавай, альбо непасрэдна дзяржавай кантралююцца, як “Экоом”, пра які многія чулі. Незалежным інстытутам не дазволена праводзіць апытаньні па праблемах сацыяльнага й палітычнага характару. Пакуль няма ніякіх нарматыўных актаў, якія б вызначалі парадак правядзеньнья сацыялягічных дасьледаваньняў фізычнымі асобамі. Часам апытаньні праводзяцца менавіта асобамі прыватнымі.
Дзяржава ліквідавала ўсе канкурэнтныя асяродкі сацыялягічных дасьледаваньняў. Гэта зьяўляецца доказам таго, што самі ўлады ажыцьцяўляюць маніпуляцыю грамадзкай думкай.

Як адбываюцца апытаньні грамадзкай думкі ў краінах Захаду?

У краінах Захаду няма ніякіх камісій, якія б выдавалі дазвол на правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў. Там існуе свабода прадпрымальніцтва. Калі прадпрымальнік стварыў арганізацыю, якая займаецца дасьледаваньнем грамадзкай думкі, яму ніхто не перашкаджае. Але вынікі яго працы будуць публікаваць толькі ў тым выпадку, калі яны адпавядаюць рэчаіснасьці.

Як працуюць створаныя дзяржавай установы па дасьледаваньню грамадзкай думкі? Ці можна ім давяраць?

У краіне дзейнічаюць: Інстытут сацыялёгіі пры Акадэміі Навук, Цэнтар сацыялягічных дасьледаваньняў БДУ і іншыя. Яны робяць вельмі добра й дакладна дасьледаваньні, якія не кранаюць палітычнай сфэры, напрыклад, аб колькасьці солі, якую спажываюць жыхары краіны. Калі дадзеныя інстытуты праводзяць дасьледаваньні сацыяльна-палітычнага характару, то аб сапраўдных рэзультатах іх працы не даведаецца ніхто. Вынікі адразу перадаюцца таму, хто апытаньне замовіў. А адзіным заказчыкам для гэтых устаноў зьяўляюцца ўлады.Афіцыйным вынікам, якія публікуюцца пазьней, верыць немагчыма. У Беларусі, як раней у Савецкім Саюзе, усё, што зьвязана з сацыялёгіяй, зьяўляецца сакрэтным. Незалежным дасьледчыкам забаронена праводзіць "палітычныя" апытаньні, а тыя вынікі, якія атрымлівае ў дадзенай сфэры Інстытут сацыялёгіі, ідуць адразу ў адміністрацыю прэзыдэнта й там зьнікаюць назаўсёды. Дзяржаўнымі ўстановамі часам праводзяцца яўна фальшывыя дасьледаваньні, лічбы для якіх бяруцца не з апытаньняў, а проста прыдумваюцца. Зараз я наогул ня веру тым лічбам, якія падаюцца “дзяржаўнымі” сацыёлягамі.

Матэрыял падрыхтаваў Аляксандар Папко.