http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40066

105 гадавіна з дня нараджэньня С. Вышыньскага

03.08.2006
Сёньня (3-га жніўня) мінае 105 гадавіна з дня нараджэньня кардынала Стэфана Вышыньскага – выдатнага дзеяча, якога называлі „прымасам тысяччагодзьдзя”.

Кардынал Стэфан Вышыньскі нарадзіўся 3 жніўня 1901 году ў вёсцы Зузэля на рацэ Буг. Памёр 28 траўня 1981 году. Праз восем гадоў пачаўся ягоны бэатыфікацыйны працэс.

Кардынал Вышыньскі амаль 30 гадоў кіраваў каталіцкім касьцёлам у Польшчы.

У часы камуністычных рэпрэсіяў у дачыненьні да касьцёлу й грамадзтва кардынал Вышыньскі накіраваў да тагачасных уладаў адмысловы зварот. У згаданым дакумэнце прымас папярэджваў, што перад абліччам крыўды, якая сустракае касьцёл у Польшчы, ён ня можа ісьці на чарговыя ўступкі ў дачыненьні да ўладаў.

Неўзабаве пасьля гэтага кардынала арыштавалі. Падчас трох гадоў ізаляваньня яго ад грамадзтва ён апрацаваў праграму адновы рэлігійнага жыцьця ў Польшчы, якая была зьмешчана ў працы „Яснагорская прысяга народу”.

У выніку дзейнасьці Стэфана Вышыньскага ў 1966 годзе прайшлі ўрачыстасьці, зьвязаныя з адзначэньнем „Міленіюм хрышчэньня Польшчы”.

Менавіта тады, падчас урачыстасьцяў, кардынал Вышыньскі асаблівую ўвагу зьвяртаў на ролю касьцёлу.

„Касьцёл, мае дзеці, паказвае нам, у якой ступені падставай кожнага ўпарадкаванага жыцьця зьяўляецца пашана чалавека, ягоная годнасьць, сьвядомасьць, што чалавек гэта перад усім асоба, а не прадмет, матэрыял ці машына. Чалавек, гэта Божае дзіця. Таму ад моманту нараджэньня ён мае свае чалавечыя правы,” - гаварыў кардынал у 1966 годзе.

Па ініцыятыве прымаса Вышыньскага ў 1965 годзе Эпіскапат Польшчы накіраваў зварот да нямецкіх біскупаў, у якім прадстаўнікі польскага касьцёлу адпушчалі віну нямецкай нацыі й прасілі прымірэньня між абодвума народамі.

Згаданы заклік скрытыкавалі тагачасныя ўлады ПНР, а сам першы сакратар Уладыслаў Гамулка жорстка заатакаваў прымаса.

„Гэта безадказны пастыр, які змагаецца з нашай народнай дзяржавай і заяўляе, што ён ня будзе каяцца перад польскімі інтарэсамі, ставіць свае выдуманыя імкненьні да духоўнага кіраваньня польскім народам, вышэй чым незалежнасьць Польшчы. У якой ступені гэты кіраўнік Эпіскапату Польшчы й яноныя памагатыя мусяць быць засьлепленымі,” - пераконваў Уладыслаў Гамулка.


У 1980-1981 гадох кардынал Стэфан Вышыньскі быў пасярэднікам паміж камуністычнымі ўладамі й прафсаюзным рухам „Слідарнасьць”. 28 жніўня 1980 году перад заканчэньнем страйку на Ўзьберэжжы Стэфан Вышыньскі выступіў у сьвяцілішчы на Яснай Гары са сваім апошнім зваротам да народу.

„Пэрыяд, які мы перажываем, узрушыў зямлю. Гэта было інтэгральнае й суцэльнае ўзрушэньне. Чалавек – гэта грамадзкая асабовасьць, таму яму наканавана жыцьцё ў грамадзкасьці, у грамадзкіх аб’яднаньнях. Адсюль і загад паважаць права чалавека да свабоды аб’яднаньняў,” - тлумачыў кардынал Стэфан Вышыньскі.

На пачатку 1981 году дайшло да чарговых палітычных напружаньняў. Абвострыліся адносіны паміж уладамі й рухам „Салідарнасьць”. У сувязі з гэтым Стэфан Вышыньскі сустрэўся з генэралам Войцехам Ярузэльскім.

Баючыся сілавога рашэньня крызысу, кардынал хацеў супакоіць настроі й пераконваў, каб пры дапамозе страйкаў не вымушаць раптоўных зьменаў.

„Ці лепш пад пагрозай страты нашай свабоды й жыцьця нашых суайчыньнікаў ужо цяпер дабіцца ўсіх, дарэчы, слушных пастулятаў? Ці можа лепш дасягнуць часткі цяпер, а астатнія справы адкласьці на пазьней і сказаць: „Спадары, да гэтай справы вернемся!”. Мае дарагія, дайце ўраду крыху часу!,” - прасіў у 1981 годзе Стэфан Вышыньскі.

У сваім дзёньніку прымас зазначыў, што ён больш баіцца за Польшчу, чым за Касьцёл, які, паводле яго, выжыве ў чалавечых сумленьнях, перажыве любыя цяжкія моманты.

Папа рымскі Ян Павал ІІ на пачатку свайго пантыфікату зьвярнуўся да кардынала Вышыньскага такім чынам: „Не было б на Апостальскім пасадзе папы-паляка, калі б не Твая вера, якая не адступала перад абліччам турмы й цярпеньня: Твая гераічная надзея,(…) калі б не было Яснай Гары й таго пэрыяду ў гісторыі касьцёлу й нашай айчыны, які зьвязаны з Тваёй службай, як біскупа й прымаса.” - казаў папа рымскі Ян Павал II.


2001 год быў устаноўлены польскім Сэймам годам кардынала Стэфана Вышыньскага. Польскія дэпутаты вырашылі, што навучаньне, грамадзкія ідэі й патрыятызм прымаса застаюцца актуальнымі й надалей маюць важнае значэньне для адраджэньня Польшчы.