http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40151

Прысуд для актывістаў "Партнэрства"

04.08.2006
Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску быў вынесены прысуд чатыром актывістам грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, якая павінна была займацца назіраньнем за прэзыдэнцкімі выбарамі гэтай вясною. Судьдзя Леанід Ясіновіч агучыў прысуд: Мікалай Астрэйка- 2 гады калёніі, Цімафей Дранчук- 1 год, Аляксандар Шалайка й Эніра Браніцкая- 6 месяцаў. Нагадаю, што суд адбываўся за зачыненымі дзьвярыма на працягу 8 дзён.

Яшчэ перад судом стала вядома, што судьдзя дазволіў удзельнічаць у працэсе вынясеньня прысуду сваякам актывістаў ды журналістам. Аднак журналісты ня мелі права рабіць аўдыё- ды відэазапісаў.

Такім чынам толькі адзін з асуджаных - Мікалай Астрэйка - атрымаў прысуд згодна з рашэньнем пракурора, які запатрабаваў 3 гады для актывіста “Партнэрства”. У сувязі з тым, што Эніра Браніцкая ды Аляксандар Шалайка атрымалі прысуд 6 месяцаў зьняволеньня, зь якога адсядзелі 5 з паловаю, на волю яны выйдуць 21 жніўня. Адвакаты Дранчука ды Астрэйкі будуць падаваць касацыйныя скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Для астатніх падобны працэс яшчэ працягнуў бы час прыбываньня за кратамі.

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну была сястра Цімафея Дранчука Юлія. Яна распавяла нам пра тое, як адбываўся працэс.

Ю. Дранчук: Спачатку адвакаты пазытыўна ўзрушыліся, калі судьдзя прыняў пад увагу іхныя довады й перакваліфікаваў артыкул абвінавачваньня на 193-і. Але яны не маглі ўявіць, што ў выпадку з Астрэйкам судьдзя дасьць максымум. Майму брату далі год, але калі судьдзя зачытваў прысуд, ён ніяк не ўзяў пад увагу тыя памягчальныя абставіны, якія прапісаны ў законе. У выпадку зь Цімафеем Дранчуком- гэта яго сын, які нядаўна нарадзіўся й знаходзіцца на яго ўтрыманьні. Вось гэтым абставінам не была дадзеная ніякая ацэнка, або той жа пазытыўнай характарыстыцы са сьледчага ізалятара. Зараз мы плянуем падаваць хадайніцтвы. Тэарытычна, ёсьць магчымасьць таго, што Цімафей выйдзе на волю раней, чым прысудзіў судзьдзя.


Як распавяла сястра Цімафея Дранчука, пабачыць асуджаных было немагчыма, паколькі супрацоўнікі праваахоўных ворганаў блякавалі ўсе магчымыя вэрбальныя ды візуальныя кантакты.

Ю. Дранчук: Яны нас пабачылі. Па-першае, там было вельмі мала месца й сыстэма кантролю над людзьмі, якіх пускалі ў залю, была складзеная з трох інстанцыяў. Прынамсі мяне абшуквалі й правяралі маю торбу тры разы. Сама гэтая клетка, дзе яны сядзелі, была абстаўлена міліцыянтамі такім чынам, каб яны ня мелі мінімальнай магчымасьці нават нас бачыць. Мы спрабавалі спыніцца каля клеткі, каб сказаць некалькі словаў, але гэта выклікала агрэсыўную рэакцыю з боку міліцыянтаў.

Беларускі адвакат Валянцін Стэфановіч, чалец праваабарончай арганізацыі “Вясна”, лічыць працэс выключна палітычным. Ён тлумачыць розьніцу ў прысудах для актывістаў “Партнэрства” фактарам частковага прызнаньня віны Браніцкай і Шалайкам.

В. Стэфановіч: Браніцкая часткова сваю віну прызнала. Магчыма, суд улічыў аспэкт, што яна адзіная дзяўчына сярод абвінавачаных. Таксама важны быў той матэрыял, які сабрала сьледзтва. Наколькі я ведаю, Астрэйка не адмаўляў таго, што зьяўляўся кіраўніком «Партнэрства». Магчыма, на іншых сьледзтва знайшло меньш доказаў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мы лічым гэтыя асуджэньні незаконнымі, гэта палітычная расправа. Браніцкай і Шалайку падаваць касацыйных скаргаў сэнсу няма, бо 21 жніўня яны выходзяць на волю. А ўвесь працэс разгляду такой скаргі можа зацягнуцца на месяц-два.

Ужо ёсьць першая рэакцыя эўрапэйскіх палітыкаў на прысуд для чатырох актывістаў. Палітыкі моцна скрытыкавалі рашэньне беларускага судзьдзі. Аднак, верагодна, што іх голас, як і шмат разоў раней, проста не будзе пачуты беларускімі ўладамі.

Дзьмітры Гурневіч