http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40217
Сэнатары й хобі
07.08.2006
У звычайны дзень вядуць палітычныя змаганьні, у свабодны час падглядаюць насякомых, граюць канцэрты, страляюць у макеты ці займаюцца рэжысурай у тэатры. Польскія парлямэнтары любяць палітыку, але й маюць свае хобі.
Для прыкладу, сэнатар Стэфан Несялоўскі мае іх ажно тры: яго цікавяць навакольнае асяроддзе, гісторыя й палітыка. Як сам кажа, самыя блізкія сэрцу - насякомыя. Несялоўскі па адукацыі энтамоляг. Сэнатар сьцьвярджае аднак, што палітыка не пакідае надта многа часу для працы на прыродзе й на навуковую дзейнасьць:
Я купіў бінокль і назіраю за птушкамі, за насякомымі. Цяпер няшмат у мяне часу, каб весьці навуковыя дасьледваньні, але вось некалькі дзён таму, я выдаў на ангельскай мове маю доктарскую працу пра эмпіс - гэта від насякомых.
Стэфан Несялоўскі падкрэсьлівае, што прырода яго моцна супакойвае. Вакацыі ён так плянуе, каб як мага больш часу мець на сваё хобі. Сёлета сэнатар будзе адпачываць на польскіх азёрах у краю Мазуры.
Сэнатар Пётр Баронь па адукацыі гісторык. Ён зьяўляецца чальцом кракаўскага стралецкага брацтва. Гэтая арганізацыя, якая існуе амаль 750 гадоў, працягвае шляхецкія традыцыі. Рытуал зьвязаны з функцыянаваньнем брацтва, спаборніцтвы па страляньні ў драўляныя макеты, дае вялікае задавальнене сэнатару Бараню.
Мне вельмі падабаецца шляхецкая вопратка. А гэта нагода выступаць у кунтушы, у жупане. Так як у польскіх патрыятычных песьнях, альбо арыі Мечніка са "Страшнага Двара” Манюшкі: Не мяняй кунтуш, жупан, каб не стаў чужы ты пан".
Пётр Баронь выдае таксама сьпеўнікі польскіх гістарычных песьняў. Нядаўна чарговы тыраж атрымалі палякі на ўсходзе.
Рыхтуючы сьпеўнікі, я стараюся так падабраць песьні, каб яны распавядалі цэлую гісторыю Польшчы. У песьнях адлюстроўваюцца розныя падзеі гісторыі краіны. Найбольш плодным было 19-ае і 20-ае стагоддзі. Асабліва бурлівыя й нешчасьлівыя гістарычныя падзеі сталі інспірацыяй для паэтаў.
Сэнатар Косма Златоўскі зьяўляецца аматарам творчасьці швайцарскага пісьменьніка й драматурга Фрыдрыха Дзюрэнмата. Палітык пераклаў і выдаў ягоныя апавяданьні.
Я пачаў перакладаць, каб спазнаць перакладчыскую дзейнасьць. Аказалася, што гэта не так проста, як здаецца. Недастаткова зразумець тэкст. Яго трэба напісаць ад пачатку на польскай мове. У перакладчыцкай працы здараюцца нечаканыя сытуацыі, бо можна нешта зразумець інакш. І хоць фрагмэнт пасуе да астатняй часткі, але ж потым аказваецца, што трэба было яго перакласьці зусім інакш.
Хобі Кшыштафа Цугоўскага – лідэра культавага гурта „Будка Суфлера” насуперак чаканьняў ня ёсьць музыка. Вакаліст, пакуль стаў сэнатарам, думаў што ягоным хобі зьяўляецца палітыка, бо музыка для яго - прафэсія. Сёньня Цугоўскі кажа, што палітыка яго моцна расчаравала.
Усё склалася зусім не так, як павінна быць. Паводле мяне, павінен быць выпрабавальны тэрмін, напрыклад, адзін тыдзень, каб кандыдат у парлямантары, праз гэты час мог сказаць ці хоча гэтым займацца й дарма няхай ён не займае людзям часу.
Казімеж Куц, рэжысэр, нягледзячы на заняткі ў Вышэйшай палаце парляманту, знаходзіць час працаваць рэжысэрам ў тэатры, а назіраньне за жыцьцьём Сэнату нараджае ідэю, каб на гэтай падставе напісаць сцэнар фільму – кажа Казімеж Куц.
Калі б мне ўдалося гэта зрабіць, атрымалася б зусім нядрэнная камэдыя. Сэксу у гэтай камэдыі ня будзе. Але яна будзе вельмі сьмешнай і абсурднай. Камэдыя будзе ў духу творчасьці Гамбровіча.
Такім чынам відаць, што палітык не адной палітыкай жыве й дзякуючы гэтаму ён набывае больш людзкі воблік.