http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40323
Лёс незалежных сацыёлягаў
09.08.2006
Палата прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь рыхтуе закон, які можа загнаць у андэграўнд незалежную сацыялёгію. Пра гэта паведамляе ў новым выпуску газэта „Народная Воля”. Палата асабліва не афішуецца з новаю прапановаю. Праект „Аб апытаньні грамадзкае думкі” мае на мэце ўвядзеньне спэцыяльнай акрэдытацыі для сацыялягічных службаў. Дарэчы, займацца гэтым будзе адмысловая камісія.
Першая падобнага тыпу пастанова ўвайшла ў сілу 31 траўня 2005 году. Яна датычыла акрэдытацыяў сацыялягічных аб`яднаньняў, якія займаюцца апытаньнямі наконт рэфэрэндумаў ды выбараў, - кажа кіраўнік Сацыялягічнай лябараторыі „No-vak” Андрэй Вардамацкі.
А. Вардамацкі: Дзейнасьць сацыялягічных аб`яднаньняў ставіцца пад кантроль. Трэба прадставіць зьвесткі пра апытальнікаў, пра вынікі ды пра тое, хто заказаў гэтыя апытаньні. Таксама патрабуюць дакумэнты ўнутранага кантролю, які робіцца кожны раз, калі праводзіцца апытаньне. Унутраны кантроль робіць кожная сацыялягічная арганізацыя й у дакумэнтах знаходзяцца дадзеныя з адрасамі рэспандэнтаў, іх прозвішчамі, тэлефонамі й гэтак далек. Патрабаваньне ад арганізацыяў гэтых дакумэнтаў - гэта парушэньне ананімнасьці й базавай ідэі сацыялягічных апытаньняў, ды й самой ідэі канфэдэнцыяльнасьці.
Шчыра кажучы, гэты закон насамрэч нічога ня зьменіць. Бо й дагэтуль сацыялягічныя службы павінны былі зьвяртацца па акрэдытацыю ў Акадэмію навук, - кажа сацыёляг Аляксандар Сасноў. Толькі цяпер уся працэдура будзе адбывацца на вышэйшым узроўні.
А. Сасноў: Тое, што будзе прыняты закон - гэта толькі падыме пастанову Савета Міністраў, якая ўжо існуе, на новы ўзровень старога закону, вось і ўсё. А гэтая норма існуе, існуе спэцыяльная камісія й арганізацыя, якая хоча займацца апытаньнямі, павінна скласьці там неабходныя паперы. І тады гэтая камісія пры Акадэміі Навук дае дазвол - гэтак званую акрэдытацыю. Толькі тады арганізацыя можа займацца правядзеньнем апытаньняў. Напрыклад, падчас прэзыдэнцкіх выбараў такі дазвол атрымалі толькі дзьве арганізацыі: гэта Экаам ды Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Адразу было вядома, што дзяржаўныя арганізацыі за кошт дзяржавы выконваюць даследваньні, якія пакажуць вынік, патрэбны дзяржаве, а лепей казаць тым, хто кіруе гэтай дзяржавай. Так усё выглядае й нічога ня зьменіцца. Магчыма, што будзе што-небудзь унесена. Паглядзім, што ўнясуць дэпутаты.
Дарэчы, новы законапраект парушае некаторыя эўрапейскія нормы, адносна ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сацыялягічных аб`яднаньняў - дадае Андрэй Вардамацкі.
А. Вардамацкі: Галоўнае тое, што такой практыкі няма ў ніводнай іншай краіне. Якасьць такіх дасьледваньняў рэгулюе не дзяржава, а грамадзянская супольнасьць, ды СМІ. Апытаньні нідзе не кантралююцца дзяржавай у такім сэнсе, як гэта запісана ў другой вэрсіі законапраекту.
У сваю чаргу Аляксандар Сасноў перакананы, што незалежныя сацыёлягі будуць мець магчымасьць дасьледваць гэтак званыя „агурковыя тэмы”.
А. Сасноў: Ім дазволяць праводзіць маркэтынгавае апытаньне. Напрыклад, ці вы зьбіраецеся ехаць у адпачынак? Вось такога кшталту апытаньні. А што тычыцца апытаньняў грамадска-палітычных, то на іх дазволу ня будзе. Гэта вядома.
Адносна новага законапраекту афіцыйны бок выказваецца, што усё робіцца дзеля рэалізацыі сьвятога права грамадзянаў на атрыманьне поўнай і дакладнай інфармацыі. Ці спараўды грамадзяне атрымліваюць поўную й дакладную інфармацыю? На гэтае пытаньне вельмі цяжка знайсьці адказ.
Караліна Русіновіч