http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40445

Выстава Е.Штэйнбах

11.08.2006
Усе жыхары ды госьці Бэрліна могуць пазнаёміцца з экспазыцыяй пад назовам "Навязаныя шляхі. Уцёкі й выгнаньне ў Эўропе 20 стагоддзя". Выставу ладзіць Эрыка Штэйнбах, кіраўнік скандальна вядомай арганізацыі “Прускае прадстаўніцтва”, якая рыхтуе супраць Польшчы юрыдычную позву аб звароце маёмасьці немцаў, якая засталася на польскіх землях. Эрыка Штэйнбах супакойвае, што выстава будзе прадстаўляць трагічны лёс многіх народаў, якія былі прымушаныя пакінуць свае землі, а ня толькі пакуты немцаў.

Аднак Польшча выказвае свой супраціў наконт прадстаўленьня немцаў як ахвяраў вайны, а не віноўных. Дарэчы, нямецкія газэта таксама крытычна выказваюцца наконт экспазыцыі, паколькі, на думку большасьці з іх, яна прадстаўляе трагедыю людзей, выселеных з абжытых месцаў, але не тлумачыць прычынаў гэтай трагедыі. Камэнтатары падкрэсьліваюць, што выстава не акцэнтуе факту, што немцы былі выселеныя ў выніку ваенных злачынстваў, імі жа зьдзейсненых.

Польскае МЗС крытычна ацэньвае адкрыцьцё выставы. Віцэ-міністар замежных справаў Павал Коваль сказаў, што польскі бок не згаджаецца з тым, як прадстаўляе выстава гісторыю выгнаньня.

П.Коваль: На нашую думку, нельга класьці занадта моцны націск на выгнаньні людзей з іх абжытых месцаў пасьля вайны. Гэта шкодзіць і Польшчы, і памяці ахвараў ІІ сусьветнай вайны. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, паколькі ад яе могуць пачацца нават патрабаваньні выплаты кампэнсацыяў.

Віцэ-міністар падкрэсьліў, што гэтак званыя "візуальныя праекты" значна мацней дзейнічаюць на людзей, чым сумленныя гістарычныя працы. Таму ён мяркуе, што экспазыцыя можа прынесьці негатыўныя наступствы:

П.Коваль: Такая выстава падобная да фільму. Яе сіла часам большая, чым дзесяць кнігаў. Таму яна вельмі небясьпечная.

Камісар Варшавы - выконваючы абавязкі прэзыдэнта сталіцы Казімеж Марцінкевіч адмяніў свой плянаваны візыт у Бэрлін. Прычынай такога рашэньня стала выстава пра прымусовыя высяленьні ў Эўропе ў 20 ст. - гаворыць дарадца Марцінкевіча Конрад Цесёлкевіч.

К.Цесёлкевіч: Гэта нязручная сытуацыя, паколькі К.Марцінкевіч, апроч таго, што выконвае функцыю прэзыдэнта Варшавы, зьяўляецца таксама былым прэм'ер-міністрам. У сувязі з выставай, якая, як бы там не было, пагражае інтарэсам Польшчы, ён не паехаў у Бэрлін. Для Марцінкевіча гэта нязручная сытуацыя, паколькі ён хацеў бы будаваць карысныя добрасуседскія адносіны з Нямеччынай.

Цесёлкевіч дадаў, што Марцінкевіч пазвоніць да бургомістра Бэрліна і прадставіць яму сваё меркаваньне. Казімеж Марцінкевіч хоча дамовіцца аб новым тэрміне візыту, і аб тым, каб кіраўнік Бэрліна таксама наведаў Варшаву.

Казімеж Марцінкевіч намераваўся ехаць у нямецкую сталіцу з нагоды
15 гадавіны падпісаньня партнэрскай дамовы паміж Варшавай і Бэрлінам.

Павэл Коваль мяркуе, што выстава можа спрыяць стварэньню ў Бэрліне Цэнтру супраць выгнаньня. А супраць гэтай арганізацыі заўсёды пратэставала Польшча.

Міністар прыгадаў, што два апошнія ўрады Нямеччыны – канцлераў Герхарда Шродэра й Ангэлі Мэркэль - афіцыйна холадна ставіліся да спробаў прадстаўленьня гісторыі ў новым сьвятле, а перш за ўсё да дзеяньня арганізацыі Прускае прадстаўніцтва, якая рыхтуе юрыдычную позву супраць Польшчы, каб яна вярнула маёмасьць немцаў, выселеных пасьля вайны з сёньняшніх польскіх земляў.

П.Коваль: Мы разумеем, што гэта афіцыйная пазыцыя нямецкіх палітыкаў і спадзяемся, што за словамі пойдуць канкрэтныя крокі.

Польскія ўлады пратэстуюць нездарма - Прускае прадстаўніцтва, якое здаўна стараецца стварыць Цэнтар супраць выгнаньня, намерана падаць на Польшчу позву ў міжнародны суд з патрабаваньнем вярнуць маёмасьць немцаў.
Ці гэта можа ўдацца - пытаньне да Адама Кшэміньскага, спэцыяліста па нямецкіх пытаннях.

А.Кшэміньскі: Ці такая позва будзе - пакуль нявядома. Але ёсьць агульная юрыдычная інтэрпрэтацыя абодвух урадаў - нямецкага й польскага, што няма ніякіх юрыдычных падставаў, каб патрабаваць кампэнсацыю за высяленьне. Ёсьць заява нямецкага ўраду, што ён ня будзе падтрымліваць ніякіх індывідуальных патрабаваньняў у судзе - ні ў нямецкім, ні ў міжнародным. Таму я ня думаю, каб ініцыятыва Прускага прадстаўніцтва магла закончыцца посьпехам.

Натальля Грышкевіч