http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40477

Беларусь на 153 месцы ў рэйтынгу свабоды

12.08.2006
У рэйтынгу свабоды, які склала агенцтва State of World Liberty, Беларусь заняла 153 месца. Усяго дасьледвана было 159 краінаў сьвету. Сярод краінаў былога сацлягеру горш за Беларусь выглядае толькі Туркмэністан. Апошнюю пазыцыю займае Паўночная Карэя.

Рэйтынг краіны залежыў ад такіх паказьнікаў, як свабода асобы, эканамічная свабода, падаткі, ды йнш. Для стварэньня гэтага рэйтынгу былі выкарыстаныя даклады The Heritage Foundation, Wall Street Journal, Frasier, Cato, Freedom House ды “Рэпарцёры бязь межаў”. Паводле рэйтынгу найбольш свабоднай краінай сьвету была прызнаная Эстонія. У першую дзесятку ўвайшлі Ірляндыя, Канада, Швэйцарыя, Ісляндыя, Багамскія выспы, Вялікабрытанія, ЗША, Кіпр ды Новая Зэляндыя.

Суседкі Беларусі Летува й Латвія занялі адпаведна 16 і 21 месцы, Украіна- 87, а Расея мае 124 месца.

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што вынікі падобных рэйтынгаў даволі суб’ектыўныя і не бясспрэчныя, а 153 месца Беларусі, паводле яго, вынік даволі пэсымістычны.

Ю. Чавусаў: Я ведаю, што рэйтынг Freedom House лічыцца паводле грунтоўнай мэтодыкі, якая распрацаваная і адпрацаваная на працягу 50 год. Яна вядома не бясспрэчная, у ёй ёсьць шмат чаго суб'ектыўнага. Напрыклад рэйтынг свабоды Савецкага саюзу ў 70-я гады паводле Freedom House быў значна вышэйшы, чым ён быў у 88- 89 -я гады, што ў прынцыпе абсурдна. Гэтыя рэйтынгі зьяўляюцца ўмоўнасьцю. Яны грунтуюцца на экспэртнай ацэнцы. Але пэўнае ўяўленьне яны канешне даюць. Па вялікім рахунку яны аб'ектыўныя. Што датычыцца пазыцыі Беларусі, то застаецца толькі пагадзіцца, бо дынаміка відавочна негатыўная па ўсіх накірунках свабоды, якія прымаюцца пад увагу пры стварэньні рэйтынгу. Я маю на ўвазе грамадзянскія свабоды, эканамічныя і сацыяльныя. Калі казаць агульна, то я б палічыў месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу занадта пэсымістычным, бо ёсьць яшчэ куды падаць.

Лічыць Юры Чавусаў.

Варта дадаць, што ў рэйтынгу інтэлектуальнага разьвіцьця Беларусь займае 62 месца й такім чынам знаходзіцца пасярэдзіне агульнай колькасьці краінаў. Той рэйтынг быў апублікаваны Сусьветным банкам у мінулым месяцы. Такім чынам дзіўным зьяўляецца факт, што краіна ледзь не з найгоршым узроўнем свабоды займае 62 месца ў інтэлектуальным разьвіцьці.

Віктар Марціновіч, палітоляг ды намесьнік галоўнага рэдактара “Беларускай газэты” лічць, што, безумоўна, жыхары Беларусі не цешыцца асаблівай свабодай, але на яго думку, 153 месца гэта вельмі спрэчны вынік.

В. Марціновіч: На мой погляд відавочна, што гэта нейкае перабольшваньне. Сапраўды ў Беларусі вельмі складана са свабодамі, але я не магу сказаць, што мы знаходзімся ў апошняй дзесятцы альбо нават пяцідзесятцы. Нават на постсавецкай прасторы ёсьць краіны, якія знаходзяцца на значна горшым узроўні, чым у Беларусь.

Але, як зазначае Марціновіч, зараз можна заўважыць тэндэнцыю, што ў Беларусі значна пагаршаецца сытуацыя са свабодай, і калі гэтая тэндэнцыя захавае свае ўстойлівыя тэмпы, то краіна вельмі хутка можа апынуцца на тым месцы, якое зараз ёй прысуджаюць замежныя арганізацыі.

В. Марціновіч: Я думаю той факт, што мы апынуліся на гэтым месцы ў згаданым рэйтынгу зьвязаны з тым, што ёсьць нейкая дынаміка. Калі ў выпадку з Туркмэністанам усё ўжо даўно зразумела, то ў выпадку з Беларусьсю з сакавіка 2006 году шмат што зьмянілася ў горшы бок. Калі ўсё будзе зьмяняцца так жвава, дык пад канец году мы й сапраўды можам быць на той пазыцыі якую зараз нам далі. Гэта відаць хаця б па ўсё большай колькасьці палітзьняволеных.

Нагадаем, што ў рэйтынгу свабоды за Беларусьсю знаходзіцца Туркмэністан, дзе кіраўнік краіны вядомы сваімі ідэямі збудаваць лядовы палац ў пустыні, або забаронаю жыхарам краіны мець залатыя зубы. А лідэр Паўночнай Карэі, якая завяршае сьпіс, лічыцца адным з найбольш жорсткіх кіраўнікоў у сьвеце. У краіне дзейнічаюць лягеры працы, а голад у Карэі вымушае кіраўніцтва Пхэньяна зьвяртацца за дапамогай нават у Паўднёвую Карэю зь якой у Кім Чэн Іра вельмі напружаныя адносіны.

Дзьмітры Гурневіч