http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40706

У Берасьці будуць судзіць БРСМ

18.08.2006
25 жніўня ў Берасьці пачнецца скандальны судовы працэс, які датычыць дзейнасьці мясцовай філіі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Арганізацыю абвінавачваюць у парушэньні дэкрэту прэзыдэнта “Пра некаторыя магчымасьці супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”. Гэтым летам берасьцейскі аддзел БРСМ-у арганізаваў выезд для беларускіх дзяўчат, якія плянавалі працаваць у кавярнях на адным з расейскіх курортаў.

Адна са студэнтак унівэрсытэту ў Берасьці паехала на расейскі курорт Анапа з надзеяй зарабіць грошы на наступны навучальны год. Арганізатар выезду, БРСМ, запэўніў дзяўчыну, што адразу пасьля прыезду яна будзе ўладкаваная ў адзін зь мясцовых рэстаранаў поварам. Аднак пасьля прыезду ў Расею, аказалася, што рэстаран не працуе, а дзяўчыне паведамілі, што яна будзе прыбіраць пакоі, пазьней у абавязкі беларускі ўвайшло й прыбіраньне вуліцы.

Пасьля таго, як у яе скралі мабільны тэлефон ды кашалёк, дзяўчына папрасіла разьлік і мела намер вярнуцца ў Беларусь. Аднак ані грошай за паўтара месяца, ані пашпарту дзяўчына не атрымала. Яна мусіла пазычыць грошы й такім чынам вярнуцца ў Берасьце. Гэты выпадак ня быў адзіны. На іншым курорце беларусак пасялілі ў хлеў і загадалі плаціць па 2 даляры за дзень. Сын гаспадыні пагражаў дзяўчатам, што, калі яны захочуць зьмяніць працу, то гэта можа дрэнна для іх скончыцца. Беларускі вярнуліся дадому й распавялі пра сытуцыю бацькам, а тыя паскардзіліся ў міліцыю. Уладальніца курортнага рэстарану заявіла, што берасьцейскія студэнткі павінны быць ёй удзячныя, паколькі менавіта дзякуючы працы ў яе яны пабачылі мора й мелі магчымасьць пазагараць.

Судовы працэс, які пачнецца ў Берасьці, многімі ўспрымаецца як жарт, бо агульнавядома, што БРСМ зьяўляецца прапрэзыдэнцкай арганізацыяй, дзейнасьць якой фінансуецца за дзяржаўныя сродкі. Вось што па гэтай справе мяркуе палітоляг Юры Шаўцоў.

Ю. Шаўцоў: Палітычная сыстэма, якая існуе ў Беларусі, збудаваная такім чынам, што тут можа сядзець хто заўгодна. Значна часьцей той, хто сапраўды парушае законы, садзіцца ў турму. Проста не існуе сыстэма права. Можна казаць, што ў Беларусі дыктатура, аўтарытарызм, ці яшчэ нешта, але калі колькасьць правапарушэньняў, якія дыктуюцца, напрыклад, зьверху даходзіць да нейкай крытычнай масы, то любая сыстэма права зьнікае. У Беларусі існуе вельмі эфэктыўная юрыдычная, судова-сьледчая сыстэма. Калі яна існуе, значыцца, асаблівых парушэньняў, якія маглі б на яе паўплываць проста няма. Гэтыя людзі парушылі беларускае заканадаўства ў гэтай частцы. Я думаю яны сядуць.

Аднак, як паведамілі нашаму радыё ў Штабе студэнцкіх працоўных атрадаў, БРСМ мае дакумэнты, якія сьведчаць пра недобрасумленнасьць берасьцейскай студэнткі, а не расейскай працанаймальніцы. Тым ня менш даваць адпаведныя камэнтары й распаўсюджваць гэтую інфармацыю да заканчэньня судовага працэсу там адмаўляюцца. А супрацоўнік штабу паведаміў нам наступнае:

БРСМ: У маёй практыцы бывалі такія выпадкі, калі я прыяжджаў у атрады, а там нашыя дзяўчаты казалі, што акрамя філіжанкі нічога не падымалі, адмаўляюцца працаваць. Іх трэба было завозіць дадому, да мамы. Яны нібыта ехалі на адпачынак, а не на працу, хаця іх папярэджвалі,што там трэба цяжка працаваць. У гэтым канкрэтным выпадку трэба разабрацца, хто на самой справе мае рацыю, а хто не.

Ірына Альхоўка зь беларускага прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі «Ля Страда», што займаецца супрацьдзеяньнем гандлю людзьмі, кажа, што перадусім трэба акрэсьліць, ці ў дадзеным выпадку быў факт рабства, ці проста парушэньне працоўнага заканадаўства.

І. Альхоўка: Вядома, любая фірма стварае сабе рэпутацыю за кошт пасьпяховых праектаў і гэтую рэпутацыю страчвае за кошт непасьпяховых праграмаў. У гэтым выпадку, калі ёсьць пацярпелыя, то вядома, рэпутацыя пацерпіць. Расея зьяўляецца папулярнай краінай прызначэньня для беларусаў, але там даволі часта парушаюцца правы нашых грамадзянаў у працоўнай сфэры. Але трэба адрозьніваць тэрміны: парушэньне працоўных правоў і гандаль людзьмі. Бо працэс гандлю людзьмі палягае на птым, што чалавека рымушаюць працаваць у пэўным мецы, пазбаўляюць яго магчымасьці перамяшчацца, забіраюць пашпарт. Я думаю, што ў дадзеным выпадку мелі месца нейкія недобрасумленныя адносіны супрацоўнікаў БРСМ па факту прадстаўленьня сапраўдных умоваў працы. Чамусьці яны ня ведалі, што гэтая кавярня не працуе. Сёньня беларускае заканадаўства патрабуе каб працэсы працаўладкаваньня за мяжою адбываліся па беларускім баку й мелі прамыя адносіны з замежным працадаўцам.

БРСМ пагражае выплата штрафу да 2 000 даляраў, а пры паўторным падобным выпадку – пазбаўленьне ліцэнзіі, якая дазваляе арганізоўваць працоўныя выезды маладых беларусаў за мяжу.

Дзьмітры Гурневіч