http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=40712
Беларускія інтэлектуалы пра Граса
19.08.2006
Ужо больш за тыдзень сярод інтэлектуалаў усяго сьвету вядуцца дыскусіі пра прызнаньне нямецкага пісьменьніка Гюнтэра Граса аб службе ў СС. Нобэлеўскі ляўрэат раскрыў таямніцу праз 60 гадоў пасьля заканчэньня вайны. Чэскі Пэн-клюб нават скіраваў просьбу аб пазбаўленьні Граса Нобэлеўскай прэміі, а былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса запатрабаваў ад Граса, каб той адмовіўся ад званьня ганаровага грамадзяніна Гданьска, дзе нарадзіўся ўсясьветна вядомы пісьменьнік.
Гюнтэр Грас быў прызваны ў “Waffen” SS за два месяцы да заканчэньня вайны. Служба там не была для Граса ўласным выбарам, перад заканчэньнем вайны ў нямецкае войска прызывалі кожнага. Як заяўляе сам творца, ён упершыню даведаўся пра тое, што будзе служыць у СС, ужо непасрэдна пасьля прыезду ў Дрэздэн, дзе й адбываў службу.
На днях у інтэрвію „Frankfurter Allgemeine Zeitung” Гюнтэр Грас прызнаўся, што ён ня мог даўжэй хаваць гэтай таямніцы, паколькі яна яго прыгнятала. Пасьля вайны Грас стаўся нацыянальным аўтарытэтам Нямеччыны, паколькі ў сваіх тэкстах ён вельмі радыкальна выказваўся супраць фашызму. Ягоныя творы “Данцыская трылёгія”, “Кошкі-мышкі”, “Траекторыя краба” здабылі ўсясьветную славу й былі перакладзеныя на большасьць моваў сьвету.
Цяпер інтэлектуалы розных краінаў сьвету падзяліліся ў ацэнцы дзеяньняў Граса. Адны зь іх лічаць, што Грас здрадзіў сваім ідэалам і зьяўляцца гіпакрытам. Іншыя кажуць, што ён не выбіраў добраахвотна службу ў СС, паколькі гітлераўская Нямеччына брала ў войска ўсіх, незалежна ад сацыяльнага стану, а апошнія месяцы вайны нават незалежна ад паходжаньня.
Чалец беларускага Пэн-цэнтру, вядомы беларускі перакладчык Лявон Баршчэўскі лічыць, што літаратурны ўзровень твораў Г. Граса ня страціць сваёй вартасьці, тым больш, што пісьменьніку было 18 гадоў на момант службы ў СС, і ён ня мог самастойна вырашыць свой лёс.
Л. Баршчэўскі: Хто быў у КПСС, а хто быў у СС. Думаю, што няпоўнагадовы Грас, якому ў 1945 годзе споўнілася 18 гадоў, ня мог нічога натварыць у СС, чаго б можна было саромецца, акрамя прыналежнасьці да гэтай арганізацыі. Ягоны аўтарытэт, як пісьменьніка, у маіх вачах не пабляк, бо Гюнтэра Граса я вельмі паважаю.
А як Вы ставіцеся да прапановаў, каб Грас адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі й статусу ганаровага жыхара Гданьска?
Л. Баршчэўскі: Я думаю, што гэта такая эмацыйная рэакцыя, але я паважаю любую рэакцыю. У людзей ёсьць падставы так рэагаваць. Я нікога не асуджаю за іхную думку.
Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка перакананы, што трэба падзяляць асабістыя справы пісьменьніка й ягоную творчасьць. Ён лічыць, што ў справе Граса ёсьць маральны ды юрыдычны бакі.
П. Васючэнка: Я стаўлюся да гэтай падзеі прыблізна так, як да факту калябарацыянізму Кнута Гамсуна. Я мяркую, што мера віны пісьменьніка - гэта справа юрыдычная й маральная, якая датычыцца самога пісьменьніка, а не напісаных ім тэкстаў. Чалавецтва ў XX- XXІ ст. навучылася аддзяляць асобу пісьменьніка ад ягоных тэкстаў. Думаю, што творчасьць самога Граса не страчвае нічога ад гэтага факту. Страчвае
можа ўспрыняцьце ягонае асобы. Мне здаецца, што час адкідвае многія падзеі на задні плян. Можа сёньня мы ня так сур’ёзнаставімся да гэтага факту, як да яго ставіліся тады, калі падзеі вайны былі яшчэ сьвежымі. Асабістае жыцьцё - гэта адна справа, але яго творчасьць - гэта рэч асобная.
А каб вы мелі права вырашыць: адабраць ці не адабраць Нобэлеўскую прэмію ў Граса, што б вы зрабілі?
У Кнута Гамсуна ніхто не адабраў Нобэлеўскую прэмію. Ён быў маральна
асуджаны. Ён быў тады старэйшы, чым Гюнтэр Грас сёньня. Мяркую, што ў статуце пра прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі не агаворваецца працэдура пазбаўленьня гэтага званьня.
Сам Гюнтэр Грас не зьбіраецца адмаўляцца ад званьня ганаровага жыхара Гданьска, бо, паводле словаў пісьменьніка, дадзены тытул быў яму прызнаны за паляпшэньне адносінаў паміж гарадамі, а ягонае прызнаньне ў службе ў СС ня мае нічога супольнага зь месцам ягонага нараджэньня. Ён таксама не будзе пазбаўлены Нобэлеўскай прэміі, паколькі статут арганізацыі, якая прысуджае прэміі, ня мае запісу, паводле якога можна было б правесьці падобную працэдуру.
Дзьмітры Гурневіч